У Мінску ўрачыста адзначылі 25-годдзе манаскага жыцця кс. Віктара Гайдукевіча SDB і кс. Аляксандра Мятліцкага SDB

29 жніўня ў мінскай парафіі святога Яна Хрысціцеля Рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB і дырэктар мінскай салезіянскай супольнасці кс. Аляксандр Мятліцкі SDB ўрачыста адзначылі 25-годдзе свайго манаскага жыцця.

На ўрачыстую св. Імшу прыбылі святары салезіяне, сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, моладзь і вернікі з салезіянскіх парафій Беларусі. Узначаліў цэлебрацыю дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, які быў фарматарам для абодвух юбіляраў на пачатку фармацыйнага працэсу.

У гаміліі іерарх разважаў пра сутнасць манаскага жыцця і значэнне сённяшняга свята: “Юбілей 25-годдзя манаскіх абяцанняў, які сёння супольна святкуем у Серабранцы, – гэта гісторыя вернасці пакліканню кс. Віктара Гайдукевіча і кс. Аляксандра Мятліцкага. Гэта вернасць слову, дадзенаму імі ў абяцаннях паслухмянасці, убоства і чыстасці. На жаль, не ўсе, хто праз манаскія абяцанні дае слова Езусу, застаюцца вернымі Яму. Некаторыя адыходзяць, бо зразумелі, што яны не пакліканыя. Іншыя, наадварот, занядбалі абавязкі свайго паклікання і не былі вернымі. Для манаскай асобы вельмі важна быць верным Езусу, захоўваць Яго слова”.

Працягваючы казанне, біскуп Аляксандр падкрэсліў, што значыць быць манахам: “Манах, святар, кансэкраваная асоба – гэта чалавек, багаты памяццю, радасны і ўдзячны. Таму гэтыя тры паняцці павінны быць у жыцці, як “зброя” перад абліччам усіх “камуфляжаў” паклікання. Удзячная свядомасць пашырае сэрца і падштурхоўвае нас служыць. Позірк Езуса і Яго любоў адкрываюць нашыя сэрцы і прымушаюць нас расці ў любові, пашыраюць нашы сэрцы і вучаць нас служыць зноў і зноў. Мы, кансэкраваныя асобы, не пакліканы замяніць Пана ні сваімі дзеяннямі, ні сваёй місіяй, ні незлічонымі справамі, якія мы павінны рабіць. Мы проста запрошаны працаваць разам з Панам, поплеч, але ніколі не забываючы, што мы не зоймем Яго месца”.

Яго Эксцэленцыя, сам будучы салезіянінам, не мог не ўзгадаць словы св. Францішка Сальскага, якога Дон Боско абраў апекуном салезіянскага таварыства: “Толькі любоў прыводзіць нас да дасканаласці, але паслухмянасць, чысціня і ўбоства – гэта тры выдатныя спосабы яе здабыцця. Паслухмянасць асвячае наша сэрца, чысціня – наша цела, а ўбоства – сродак любові і служэння Богу; гэта тры галіны духоўнага крыжа. Усе тры заснаваныя на чацвёртай, якой з’яўляецца пакора”.

“Вінаградная галінка, як сказаў святы Ян у сваім Евангеллі, сама па сабе не дае пладоў, калі яна не застаецца на лазе. Укаранёныя праз святы хрост і манаскае прысвячэнне, таксама праз розныя паўсядзённыя перажыванні, ачышчаныя Боскім садоўнікам, умацаваныя ласкай юбілею, працягвайце прыносіць плён любові і жыцця, і заўсёды цешцеся Божай ласкай і благаслаўленнем. Амэн”, — завяршыў сваю навуку біскуп звяротам да юбіляраў.

Пасля гаміліі адбыўся абрад абнаўлення манаскіх абяцанняў. Кс. Віктар і кс. Аляксандр яшчэ раз перад Богам і людзьмі пацвердзілі сваё жаданне жыць цнотамі чысціні, паслухмянасці і беднасці ў таварыстве святога Яна Боска.

Пасля св. Імшы сабраты салезіяне, сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, моладзь і вернікі павіншавалі дастойных святароў з гэтым прыгожым святам. Кс. Віктар у сваю чаргу на правах дэлегата падзякаваў ад імя юбіляраў прысутнаму біскупу Аляксандру, бацькам і усім прысутным за супольную малітву і віншаванні.

Уладзіслаў Зарэцкі ASC, sdb.by

для друку для друку