8 лютага пад высокімі светлымі скляпеннямі лепельскага касцёла Святога Казіміра панавала асаблівая, кранальная атмасфера. Вернікі сабраліся на ўрачыстую святую Імшу, якая аб’яднала ў сабе адразу тры прыгожыя і глыбокія каталіцкія традыцыі: бласлаўленне «хлеба святой Агаты», абрад з «блажэйкамі» і асвячэнне грамнічых свечак.
Набажэнства стала для лепельскіх вернікаў не проста Імшой з малітвамі, а сапраўднай магчымасцю папрасіць здароўя для сябе і сваіх блізкіх і нябеснага заступніцтва дзеля абароны свайго жылля ад прыродных стыхій і катаклізмаў.
Нядзельная Літургія ў кожнай парафіі – гэта час для малітвы і роздуму, але канкрэтна гэтая Імша стала для вернікаў асабліва цёплай і запамінальнай. Ксёндз Уладзімір пачаў сваё казанне не з традыцыйных багаслоўскіх тэрмінаў, а з простых і шчырых слоў, якія адгукнуліся ў кожным сэрцы: «Я вас люблю».
Гэтае прызнанне стала не проста прывітаннем, а ключом да разумення ўсяго хрысціянскага жыцця. Святар падкрэсліў, што менавіта любоў з’яўляецца той сілай, якая здольная аб’ядноўваць супольнасць і даваць надзею ў складаныя часы. Калі пастыр любіць свой статак, а вернікі адчуваюць гэтую падтрымку, Касцёл становіцца сапраўдным домам.
Пераходзячы да Евангелля, кс. Уладзімір узгадаў вядомыя словы Езуса: «Вы – соль зямлі». Гэта метафара стала цэнтральнай тэмай разважанняў. Кс. Уладзімір звярнуў увагу на некалькі важных аспектаў. Соль надае смак – як ежа без солі становіцца прэснай, так і свет без хрысціянскай любові і міласэрнасці губляе свой сэнс. Соль захоўвае ад псавання – вернікі пакліканы быць тымі, хто спыняе зло і несправядлівасць у грамадстве, захоўваючы маральныя каштоўнасці. Соль непрыкметная, але важная – яна не павінна быць напаказ, але яе прысутнасць мяняе ўсё вакол.
Казанне пробашча лепельскай парафіі завяршылася заклікам не проста слухаць словы, але быць «дзейнай соллю» ў сваіх сем’ях, на працы і ў адносінах з блізкімі. Любоў, пра якую заявіў святар на пачатку, павінна памнажацца праз непрыкметныя для людзей учынкі кожнага з прысутных. А яшчэ кс. Уладімір даў заданне кожнаму парафіяніну, пераступіўшы ганак свайго жытла сказаць родным і блізкім «Я вас люблю!»
Першая частка ўрачыстага бласлаўлення была прысвечана святой Агаце, панне і мучаніцы, памяць якой Касцёл ушаноўвае 5 лютага. З даўніх часоў яна лічыцца заступніцай, якая аберагае ад пажараў і разбуральных стыхій.
Да алтара парафіяне прынеслі хлеб і ваду. Пробашч парафіі здзейсніў абрад асвячэння, нагадаўшы прысутным пра глыбокі сімвалізм гэтых простых дароў. Асвечаны «хлеб святой Агаты» вернікі беражліва нясуць дадому.
Існуе пабожная традыцыя захоўваць кавалачак гэтага хлеба ў хаце, бо праз заступніцтва святой ён засцеражэ жыллё ад агню і маланкі, а сям’ю – ад голаду і няшчасцяў. Ваду ж выкарыстоўваюць для акраплення пакояў і гаспадарчых пабудоў. Гэты абрад нагадвае нам пра тое, што нават у простых матэрыяльных рэчах можа прысутнічаць Божая ласка, калі мы звяртаемся да яе з шчырай верай.
Не менш кранальным момантам Імшы стала бласлаўленне ў гонар святога Блажэя, біскупа і мучаніка. Святы Блажэй вядомы як заступнік, які ацаляе ад хваробаў горла. Паводле падання, ён цудоўным чынам выратаваў хлопчыка, які паміраў, падавіўшыся рыбнай косткай. У літургічным календары яго дзень адзначаецца 3 лютага, але традыцыя бласлаўлення горла часта пераносіцца на бліжэйшыя службы, каб як мага больш людзей маглі прыняць у ёй удзел.
У памяць аб гэтым цудзе кс. Уладзімір здзейсніў адмысловы абрад з выкарыстаннем дзвюх скрыжаваных свечак – так званых «блажэек». Прыкладваючы свечкі да шыі кожнага, хто падышоў – і дарослага, і дзіцяці, – святар прамаўляў словы спецыяльнай малітвы бласлаўлення: «Праз заступніцтва святога Блажэя, біскупа і мучаніка, няхай Бог захавае цябе ад хваробы горла і ўсялякага іншага зла».
У халодны зімовы час, калі прастуды такія частыя, гэты абрад успрымаецца парафіянамі з асаблівай надзеяй. Гэта момант асабістага кантакту, калі Касцёл праз рукі святара бласлаўляе кожнага індывідуальна, клапоцячыся не толькі пра душу, але і пра цялеснае здароўе.
Да сімвалізму солі сёння дадаўся яшчэ адзін магутны знак – грамнічная свечка, што абараняе ад розных прыродных стыхій. Пробашч асвяціў іх, нагадваючы пра старажытную традыцыю грамніц. Асвячоная свечка, якую парафіяне панеслі ў свае дамы, стала фізічным працягам тых слоў любові, што прагучалі ў пачатку службы. Ксёндз заклікаў вернікаў быць такімі ж «грамнічкамі» для сваіх блізкіх – асвятляць ціха, але ўпэўнена, і захоўваць у сабе тую «салёнасць» веры, якая не дае сэрцу абыякавець.
Гэта святая Імша стала яскравым прыкладам таго, як жывая вера яднаецца з народнымі традыцыямі. Людзі выходзілі са святыні з прасветленымі тварамі, трымаючы ў руках кавалачкі асвечанага хлеба і захоўваючы ў сэрцы водар ад свечкі Блажэя і цеплыню супольнай малітвы.
Такія святы нагадваюць нам пра галоўнае: мы не самотныя ў сваіх клопатах пра здароўе і бяспеку. З намі – малітва Касцёла, Пан Бог і дапамога святых, якія праз стагоддзі застаюцца вернымі заступнікамі хрысціян.
Алег Шушкевіч, тэкст і фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
















