«У кляштар на абцасах». Інтэрв’ю з сястрой Ганнай Блышко

На пачатку кастрычніка ў Глыбоцкай парафіі Святой Тройцы адбылася ўзнёслая і велічная падзея: у храм былі ўрачыста ўнесеныя рэліквіі святога Зыгмунта Шчэнснага Фелінскага. Гэты святы заснаваў Кангрэгацыю сясцёр-францішканак Сям’і Марыі. Манахіні з кангрэгацыі працуюць у Глыбокім з 1990 года.

Сярод прысутных парафіянаў, духавенства і запрошаных гасцей, як заўсёды, блізка да алтара стаяла сястра Ганна Блышко. У гэты дзень яна дзякавала Богу за 25 гадоў манаскага жыцця.

Мы паразмаўлялі з сястрой-юбіляркай пра дарогу да паклікання, а таксама пра служэнне ў ордэне францішканак Сям’і Марыі.

– Мяне завуць сястра Ганна Блышко. Я нарадзілася ў вельмі прыгожых мясцінах, на Глыбоччыне, у вёсцы Гірстуны, што на беразе ракі Аржаніца.

– Дзяцінства ў вёсцы, якім яно было?

– Жыццё ў вёсцы заўсёды цікавае. Я, як і ўсе дзеці, любіла катацца на санках з горкі, часам выязджаючы на дарогу, ездзіла на ровары, збіваючы локці ды калені. У нашай вёсцы былі загоны з канямі. Мы маглі прыйсці, выбраць сабе каня і спрабаваць на іх катацца. Зараз я разумею, што Пан Бог чуваў над намі, бо гэтыя гульні былі вельмі небяспечнымі.

Увогуле, я не была прыкладнай дзяўчынкай: хоць вучылася добра, але магла рабіць гарэзлівыя ўчынкі, уступаць у спрэчкі, нават біцца з хлопцамі.

– Якой была Вашая сям’я?

– У маёй сям’і ўсе былі вернікамі: тата – праваслаўны, мама – каталічка. Заўсёды бацькі хадзілі ў касцёл. Бліжэйшы ад нас храм знаходзіўся ў Глыбокім, туды мы і ездзілі разам з мамай. Цікава, што ў Гірстунах было шмат католікаў, і ўсе аднавяскоўцы-католікі разам на рэйсавым аўтобусе ехалі ў Глыбокае, на святую Імшу.

У касцёле дзеці звычайна ціхенька стаялі пры бацьках. І вельмі радаваліся, калі іх запрашалі падысці блізка да алтара, да балясак. Заўсёды ў святыні вельмі прыгожа іграў арган і спяваў хор.

Ці маліўся Ваш тата?

– Мой тата чытаў Біблію і навучаў сваіх дзяцей, як трэба жыць згодна са Святым Пісаннем. Назаўсёды ў памяці застанецца супольная ранішняя малітва перад школай.

Увогуле, бацькі атулялі нас малітоўнай апекай на працягу ўсяго жыцця. Думаю, што гэтая малітва вельмі нас бараніла і ў тых небяспечных момантах дзяцінства, і ў моманты, калі мы ўжо сталі дарослымі.

– На якой мове маліліся ў Вашым доме?

– Мае бацькі маліліся на польскай мове. Гэтыя малітвы дзеці запаміналі на слых. А потым яшчэ запісвалі польскія словы беларускімі літарамі. Вядома ж, мы мала чаго разумелі з тых тэкстаў.

Хто рыхтаваў Вас да першай Святой Камуніі?

– Трывалі часы атэізму. Асноўным ісцінам веры і катэхізісу нас навучалі бацькі. Потым групу дзяцей з Гірстуноў прывезлі ў касцёл здаваць экзамен. Перад святаром трэба было расказаць малітвы, якія мы вывучылі. Я вельмі хвалявалася, што на экзамене ў мяне запытаюцца «Wierzę w Boga Ojca». Скажу шчыра, гэтую малітву перад Першай Камуніяй я так і не вывучыла.

– Вашая першая Святая Камунія, ці запомнілася яна Вам?

– На жаль, гэта не было так прыгожа і ўрачыста, як цяпер. Мы здалі экзамены, паспавядаліся ў закрыстыі і падчас Імшы прынялі Цела Хрыста. Ніхто тады не патлумачыў мне, наколькі той момант быў важны і непаўторны.

– Як ставіліся да вучняў-вернікаў у школе?

– У мае школьныя гады веру ў Бога трэба было захоўваць у таямніцы. Калі даведваліся, што вучань ходзіць у касцёл, то выклікалі на лінейках і публічна высмейвалі.

Часам на такіх лінейках стаяла і я. Але мне ніколі не было сорамна, бо змалку ў маёй сям’і я бачыла веру бацькоў і разумела, што быць каталічкай – гонар і шчасце.

– Ці ўдалося зберагчы зерне веры ў гады юнацтва?

– Часы былі сапраўды складаныя што да рэлігійнага жыцця. Не было заняткаў катэхезы, спатканняў, пілігрымак і актыўнасцяў, якія б маглі зацікавіць нас, маладых. У юнацтве мне здавалася, што ў касцёл ходзяць выключна бабулькі, якія ўжо не могуць хадзіць на дыскатэку.

Часам мы з сяброўкамі ездзілі на Імшу, але рабілі гэта нерэгулярна, калі з’яўлялася такое жаданне. Вядома ж, у суботу была дыскатэка, а нядзельным ранкам зусім не хацелася ўставаць, каб паехаць у храм.

– Якую адукацыю Вы атрымалі?

– Напачатку я скончыла Віцебскую ветэрынарную акадэмію, потым зразумела, што хачу працаваць у школе з дзецьмі. Таму зноў стала студэнткай – паступіла ў педагагічны інстытут, каб вывучаць псіхалогію.

– Ці знайшлі вы дарогу да храма, калі апынуліся на вучобе ў Віцебску?

– Дзіўна, але падчас вучобы мне не сустрэлася ніводнага касцёла. Сярод студэнтаў пра Бога і рэлігію ніхто не размаўляў, тады гэта было “не модна”. Таму я хадзіла ў касцёл, толькі калі прыязджала ў Глыбокае. Лічыла сябе верніцай, але да споведзі прыступала раз на год, зрэдку прымала ўдзел у святой Імшы.

– А калі з’явіліся думкі пра пакліканне? Ці былі сёстры, якія натхнялі Вас сваім служэннем?

– У той час у Глыбоцкай парафіі працавала сястра Альжбета. Часам, гледзячы на яе, мне станавілася цікава, як яна жыве, што есць, дзе спіць: звычайныя бытавыя пытанні. Калі вучылася ў педагагічным інстытуце, пачалі адкрывацца касцёлы, на вуліцах горада можна было сустрэць святара ці законную сястру, але яны жылі сваім жыццём, а я сваім.

Аднойчы захварэла мая мама. Трэба было запрасіць святара, каб удзяліць ёй сакрамант намашчэння хворых. Пробашчам у Глыбокім быў тады ксёндз Кірыл Клімовіч. Мы разам ехалі да мамы ў Гірстуны, і я лічыла, што нельга проста ехаць і маўчаць, таму прыдумвала тэму для размовы.

Чамусьці я пачала пытацца ў святара менавіта пра жыццё і служэнне сясцёр у парафіі. Ксяндзу Кірылу спадабаліся гэтыя пытанні, ён нават запрасіў мяне прыехаць і паразмаўляць з сястрой-настаяцельніцай кляштара.

– Гэтая сустрэча адбылася?

– Так, праз некаторы час я прыйшла да сястры Альжбеты. Яна распавядала пра тое, як жывуць у манастыры, пра ордэн сясцёр-францішканак Сям’і Марыі. Мяне захапіла гэтае прыгожае служэнне, духоўнасць, прыклад святога Францішка і я сказала сама сабе: “Усё, пайду да сясцёр”. Але потым я забылася на сваё жаданне.

– Калі Вы зноў пра яго ўспомнілі?

– Летам, калі пайшла ў пілігрымку ў Будслаў. Там я сапраўды спаткалася з Маці Божай і вельмі моцна перажыла гэтую сустрэчу. Пілігрымка і малітва ў Будславе ўзмацнілі ўва мне голас паклікання. І ўжо восенню я паехала ў Варшаву ў кляштар да сясцёр-францішканак Сям’і Марыі. Так 25 гадоў таму, якраз ва ўспамін святога Францішка, распачалося маё манаскае жыццё.

Памятаю, што ў свеце я заўсёды насіла абутак на абцасах. Іншага абутку ў мяне была хіба што адна пара. Таму сабе ў чамадан я паклала туфлі на абцасах. Я была ўпэўненая, што ў манастыры яны мне абавязкова спатрэбяцца.

– Ці было цяжка вясковай беларускай дзяўчыне жыць і распачынаць служэнне ў сталіцы Польшчы?

– Я адчувала сябе вельмі добра, бо са мной разам былі дзяўчаты з Беларусі – сястра Таццяна і сястра Вераніка, якія ў гэтым годзе таксама адзначаюць 25 гадоў манаскага жыцця.

Шчыра кажучы, я нават не вельмі сумавала па доме. І ў гэтым таксама вялікую ролю адыгралі мае бацькі. Я ўдзячная ім за тое, што яны ніколі не бедавалі з прычыны таго, што я паехала так далёка і так надоўга. Мама і тата і надалей маліліся за мяне, радаваліся майму пакліканню. А пасля першых манаскіх шлюбаў я зноў вярнулася ў Глыбокае ўжо ў якасці законнай сястры.

– Якія пачуцці ў Вас былі, калі даведаліся, што едзеце служыць у родную парафію?

– У манастыры нас вучылі прымаць Божую волю ў пакоры. Таму я проста адчувала супакой: ані радасці, ані смутку ці расчаравання. Дарэчы, добра памятаю, калі ехала ў кляштар, то была ўпэўненая: у Глыбокае я ніколі не вярнуся. Але ў Бога іншыя планы і 22 гады з 25-ці манаскага жыцця я прысвяціла служэнню менавіта тут.

– Што найбольш падабаецца менавіта ў Глыбокім?

– Найлепшае ў нашай парафіі – людзі. Яны сапраўды асаблівыя і адрозніваюцца ад людзей у іншых мясцінах. Тут свецкія заўсёды падтрымліваюць духавенства: святароў і сясцёр. Кожны, хто прыязджае сюды на служэнне, адчувае сябе важным і патрэбным.

– Якія абавязкі Вы маеце ў парафіі?

– Асноўнае маё служэнне – гэта катэхезацыя дзяцей і моладзі. Магу сказаць, што на працягу манаскага жыцця займаюся тым, пра што заўсёды марыла. Апроч заняткаў па катэхезе разам з дзецьмі і моладдзю мы молімся на ружанцы і ўдзельнічаем у касцельных набажэнствах на працягу года. Таксама выязджаем на канікулы з Богам, арганізоўваем тэатральныя пастаноўкі, проста весела бавім час.

Я вельмі люблю распавядаць дзецям пра Бога, люблю назіраць, як яны сталеюць, становяцца лепшымі, прыступаюць да Першай Камуніі і стараюся, каб ім у касцёле было ўтульна і цікава.

– Сёння, калі за плячыма 25 гадоў манаскага жыцця, якія думкі Вы маеце на сэрцы?

– Маё сэрца палае ўдзячнасцю Пану Богу за дар паклікання! Я вельмі шчаслівая, бо магу служыць менавіта ў Глыбокім. Магу з упэўненасцю сказаць, што тут мне падабаецца ўсё: прырода, прыгажосць азёраў і блакітныя нябёсы. Я люблю людзей і дзякую Богу за тых, каго Ён паставіў на маім манаскім шляху. Усе гэтыя людзі цудоўныя, кожны чалавек непаўторны і вельмі мне дарагі. Таксама я стараюся атуліць апекай усіх дзетак, з якімі займаюся. Усіх, каго маю ў сэрцы, аддаю ў малітве Богу і Маці Божай!

Размаўляла Вікторыя Філіпенка

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі