30 красавіка 2025 года спаўняецца 40 гадоў з дня адыходу ў вечнасць ксяндза Яна, які 28 гадоў свайго жыцця прысвяціў Мёрскай парафіі. Яго душпастырская дзейнасць выпала на часы ваяўнічага атэізму. Святар быў нявінна асуджаны, аднак не згубіў веру і годна рэалізаваў сваё пастырскае пакліканне.
Жыццё і дзейнасць ксяндза Яна Грабоўскага — гэта ўжо гісторыя. Пра яго памятаюць пераважна людзі старэйшага пакалення, аднак дзякуючы яго святарскай дзейнасці касцёл і вера на нашай зямлі не толькі захавалася, але і актыўна развівалася, таму заахвочваем усіх да малітвы ў інтэнцыі святара.
Самаахвярная праца ксяндза Яна Грабоўскага не прайшла дарма. Яго ўласнае жыццё, душпастырская дзейнасць далі прыклад сапраўднага хрысціянскага жыцця не аднаму пакаленню вернікаў. Добрая памяць пра святара трывае і сёння ў сэрцы тых, хто яго ведаў.
Ксёндз Ян Грабоўскі быў высокаадукаваным, таленавітым і эрудыраваным чалавекам. Ведаў сем моў, шмат чытаў і пастаянна павышаў свой інтэлектуальны ўзровень. Святар карыстаўся аўтарытэтам не толькі сярод парафіянаў, членаў сям’і, але і сваіх калег. Быў адкрыты на дыялог з кожным, хто быў у гэтым зацікаўлены. Пераслед, сталенскі лагер, гады ваяўнічага атэізму не зламілі, а загартавалі святара, умацавалі яго веру ў Бога і ўпэўненасць у тым, што сапраўдную веру нельга знішчыць.
Біяграфія
Нарадзіўся Ян Грабоўскі 8 снежня 1912 года ў Вільні ў сям’і чыгуначніка. Праз некаторы час яго бацькі пераехалі ў Ліду. Там Ян закончыў гімназію імя Караля Хадкевіча і накіраваўся на вывучэнне медыцыны ў Варшаву. Падчас вучобы ў Варшаве юнак адчуў у сабе пакліканне да святарства. Не завяршыўшы навучанне, паступае ў духоўную семінарыю ў Вільні. Будучы клерыкам, Ян адначасова вучыўся на тэалагічным факультэце Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, а на перапынках паміж заняткамі самастойна вывучаў французскую мову.
Пасля атрымання святарскага пасвячэння ў 1936 годзе распачаў сваю душпастырскую дзейнасць у якасці вікарыя ў парафіі Алькенікі (Літва).
У 1938 годзе быў накіраваны на вучобу ў Рым, аднак распачалася Другая сусветная вайна і святар вярнуўся ў Беларусь. Працаваў вікарыем у Слабодцы на Браслаўшчыне.
Быў пробашчам у парафіях у Порплішчы і Удзеле. У 1949 годзе быў арыштаваны. Асуджаны на 25 гадоў лагерных работ з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўлення правоў. Этапаваны ва Унжэнскі лагер (станцыя Сухабязводная), дзе працаваў на нарыхтоўцы лесу і вырабе цэглы.
Падчас «хрушчоўскай адлігі» ксяндзу Яну зменшылі тэрмін спачатку да 15 гадоў, а потым цалкам адмянілі. 18 чэрвеня 1956 года святар быў вызвалены.
Вярнуўся спачатку ў Германавічы, але касцёл там быў канфіскаваны, таму адгукнуўся на просьбу вернікаў аб душпастырскай дзейнасці ў мёрскім касцёле. Святар прыняў касцёл у жахлівым стане. Працякаў дах, аблупілася фарба на сценах, праз разбітыя вокны ў святыню заляталі птушкі, было шмат смецця. Дзякуючы намаганням ксяндза Яна і вернікаў святыня была адноўлена і ва ўрачыстасць Звеставання Пана 25 сакавіка 1957 года адбылася яе рэкансэкрацыя.
Уціск уладаў, знаходжанне ў сталінскім лагеры адбіліся на здароўі святара. Пасля перанясення аперацый і інфаркту 30 красавіка 1985 года яго сэрца спынілася. Развітацца са святаром прыязджалі людзі не толькі з розных куточкаў Беларусі, але і з суседніх краін. Каля трох тысяч вернікаў праводзілі свайго пастыра ў апошні шлях. Святую Імшу ўзначаліў яго сябар ксёндз Леон з Латвіі.
Яшчэ больш біяграфічнай інфармацыі і ўспамінаў вернікаў чытайце на старонцы kascelmery.by
Жанна Закрэўская, kascelmery.by
