16 ліпеня Касцёл адзначае ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль, якую традыцыйна называюць таксама Маці Божай Шкаплернай. Менавіта такі тытул мае парафія ў аграгарадку Ідолта, дзе суботнім днём прайшла парафіяльная ўрачыстасць. Ганаровым госцем свята стаў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч.
Для Яго Эксцэленцыі ў гэты святочны дзень было наладжана шэраг мерапрыемстваў, якія былі прымеркаваныя да парафіяльнай урачыстасці. Разам з пробашчам ксяндзом Вячаславам Адамовічам іерарх зранку наведаў некалькі месц, дзе адбыліся адмысловыя набажэнствы. У вёсцы Дзедзіна ў прысутнасці мясцовых жыхароў і гасцей вёскі прайшло асвячэнне новага прыдарожнага крыжа. Ініцыятарам і фундатарам усталявання незвычайнага драўлянага крыжа ў выглядзе каплічкі стала сям’я Лапуцэвічаў і Барыс Вярковіч.
Па дарозе наведалі могілкі ля вёскі Дзедзіна, дзе пахаваныя бацькі грэка-каталіцкага біскупа Чэслава Сіповіча. Некалькі гадоў назад сюды прывезлі зямлю з магілы іерарха, якая знаходзіцца ў Лондане. Аддаючы даніну памяці, вернікі на чале з біскупам Алегам супольна памаліліся за памерлых, а айцец Дзмітрый Грышан з Віцебска здзейсніў малітву паводле грэка-каталіцкага абраду.
Далейшым прыпынкам стала вуліца Маладзёжная ў аграгарадку Ідолта, дзе на месцы старога драўлянага крыжа намаганнямі жыхароў вуліцы быў ўстаноўлены новы металічны крыж. Падчас асвячэння крыжа біскуп Алег Буткевіч заўважыў, што прыдарожны крыж — гэта не проста сімвал хрысціянства, але вызнанне нашай уласнай веры, даніна памяці тым, хто яе для нас захаваў. Яго Эксцэленцыя падзякаваў прысутным за ўстанаўленне крыжа і супольную малітву.
Не паспела завяршыцца чарговая імпрэза, а ў капліцы на паўастраўку ўжо чакалі іерарха. Тут адбылося асвячэнне двух абразоў. Пачэснае месца ў галоўным алтары заняў абраз Маці Божай Балеснай, а на бакавой сцяне размясціўся абраз Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі — у гонар тытула капліцы. Зроблены і ўсталяваныя новыя абразы па ініцыятыве мецэнатаў: Пятра і Марыны Крупко з Санкт-Пецярбурга, людзей неабыякавых, якія бачаць і заўважаюць патрэбы святыні.
А 12 гадзіне распачалася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі. У сваёй гаміліі, разважаючы над гісторыяй узнікнення свята і традыцыяй нашэння шкаплера, Яго Эксцэленцыя адзначыў: «Шкаплер — гэта частка манаскай вопраткі. Ён уяўляе сабой кавалак тканіны з выявамі абразоў Найсвяцейшай Маці Божай і Сэрца Езуса. <…> Побач з тым абяцаннем, якое дае Маці Божая за нашэнне шкаплера, ён выконвае яшчэ адну функцыю. Гэта знак, які прыпамінае нам яшчэ пра адну вопратку, якую кожны з нас калісьці атрымаў на святым хросце. Вопратку, пра якую нам кажа Святое Пісанне. Вопратку, у якой мы станем перад Езусам Хрыстом у вялікім натоўпе збаўленых. Гэта Вопратка — нашыя ўчынкі, нашае сэрца».
Пасля Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту і Эўхарыстычная працэсія вакол касцёла.
Кульмінацыяй урачыстасцяў стала асвячэнне крыжа каля святыні. Гэты крыж усталяваны на ахвяраванні парафіянаў у знак памяці аб тых, хто будаваў касцёл, хто захаваў і перадаў веру. Выканаў прыгожы металічны крыж майстар з вёскі Пад’ельцы Уладзімір Кукуць, дарэчы, ён таксама зрабіў крыж, які ўстанавілі на вуліцы Маладзёжнай.
Завяршылася ўрачыстасць, але вернікі не спяшаліся разыходзіцца. На свята сабралася шмат гасцей не толькі з суседніх парафій, але з Расіі і Латвіі. Нечаканыя сустрэчы, абмеркаванні, новыя планы і, вядома ж, надзея на тое, што Маці Божай Шкаплерная збярэ ўсіх на наступны год.
Жанна Закрэўская, kascelmery.by
