У Глыбокім прайшла сустрэча катэхетаў

8 кастрычніка 2019 года ў парафіяльным доме імя кс. Юзафа Францкевіча пры касцёле Святой Тройцы прайшла сустрэча катэхетаў Віцебскай дыяцэзіі.

Мерапрыемства распачалося з супольнай малітвы. На самым пачатку словы прывітання скіраваў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч.

У першай частцы сустрэчы выступіў спадар Юрый Юрчанка, які прэзентаваў распрацаваны гадавы катэхетычны курс па мультфільму “Суперкніга”. Выступоўца распавёў, што ўлады камуністычнага Кітая не дазвалялі для дзяцей зрабіць хрысціянскі мультфільм, але гатовыя былі прыняць такі прадукт з умовай, калі героі будуць размаўляць менавіта цытатамі з Бібліі. Гэта павінна была быць не мастацкая інтэрпрэтацыя, але біблійныя сюжэты, для таго, каб была міжканфесійная роўнасць, каб кожная з канфесій магла карыстацца. Ажыццявіць гэта змагла хрысціянская місія “Міжнародныя хрысціянскія навіны”. У 90-х гадах быў папулярна вядомы мультфільм “Суперкніга”, а цяпер знялі новую сучасную яго версію анімацыі, у якім сюжэт з героямі чаргуецца з экскурсам у сучаснасць (цяперашні выгляд святынь і месцаў, геаграфія Ізраэля, інтэрактыўныя карты і г.д.). Як удакладніў дакладчык, мэта гэтай ідэі – прывесці дзяцей з вуліцы. Мультфільм адсняты па Старому і Новаму Запаветам і па яму распрацаваны гадавы курс – гэта 40 заняткаў.

Пасля кава-паўзы сястра Дар’я Галубкова OV узгадала пра ІІ Конкурс на веданне Святога Пісання, адбылося абмеркаванне адносна яго арганізацыі, які пройдзе ў нашай дыяцэзіі ў сакавіку-красавіку 2020 года. Матэрыялам для конкурса была вызначана Кніга Зыходу. Нагадаем, што удзел у конкурсе могуць прымаць дзеці да 14 гадоў уключна.

Пасля гэтага ўдзельнікі сустрэчы накіраваліся ў касцёл, дзе адбылася святая Імша для катэхетаў. Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч у інтэнцыі ўсіх, хто ў Віцебскай дыяцэзіі займаецца справай катэхезы, каб добры Бог умацоўваў у гэтай важнай місіі прапаведавання Слова, каб яна была сапраўды здзейснена з вялікай адказнасцю і з Божым натхненнем.

“Мы, якім Езус даручыў адказнасць за евангелізацыю, павінны даваць гэтае Слова, павінны самі жыць гэтым Словам. Таму тым важным і цэнтральным момантам нашага спаткання есць Эўхарыстыя – сустрэча з Езусам Хрыстом”, — падкрэсліў іерарх.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі