У Глыбокім легіянеры аднавілі прысягу на вернасць Марыі

24 красавіка 2021 года ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім адбыўся ўрачысты штогадовы сход легіянераў Марыі Глыбоцкай курыі — Acies.  

«Acies» – лацінскае слова; так называлася войска ў баявым стане, і гэта назва добра падыходзіць да азначэння цырымоніі, падчас якой легіянеры збіраюцца разам і аднаўляюць прысягу на вернасць Дзеве Марыі, Каралевы Легіёна, каб атрымаць ад Яе сілу і бласлаўленне на далейшую барацьбу супраць моцы зла. «Acies» — гэта асабістае і калектыўнае пацвярджэнне адзінству вернасці Легіёну.

Спатканне распачалося з гімна і пачатковых малітваў легіянераў, затым памаліліся ружанцам. Пасля агульнай малітвы Легіёну адбылося аднаўленне прысягі. Кожны легіянер падыходзіў да алтара і, паклаўшы руку на драўляны штандар, уголас прамаўляў асабістае прысвячэнне: «Я цалкам духам Твой, Каралева і Маці мая, і ўсё, што я маю, належыць Табе».

 

Эўхарыстыю цэлебраваў кс. Яўген Міхайлаў, пробашч Лучайскай парафіі, які з’яўляецца духоўным кіраўніком “воінаў Марыі” Глыбоцкай курыі.  “Просім, каб Марыя звярнула ўвагу на нашыя малітвы, каб аднавіла ў нас тыя дары, якія мы атрымалі праз Яе Матчыну малітву, і каб гэтыя дары мы ў сабе развівалі”, — распачаў кс. Яўген св. Імшу ў інтэнцыі ўсіх легіянераў, актыўных і дапаможных.

Падчас гаміліі святар паразважаў над тэмай цудаў Езуса і веры чалавека і падзяліўся з прысутнымі, што для яго “найбольшы цуд – гэта вера чалавека”.

На заканчэнне Эўхарыстыі ўсіх прысутных запрасілі на пачастунак і супольны час прабывання разам, дзе была магчымасць абмеркаваць справы і падзяліцца вопытам сваёй місійнай дзейнасці. Такія сустрэчы аб’ядноўваюць, узбагачаюць духоўна, а таксама дадаюць імпульс на далейшае служэння Богу i людзям. Тады сапраўды адчуваеш сябе Марыйным жаўнерам i памятаеш, што ты не адзiн.

Вядома, што апостальскае служэнне легіянераў даволі разнастайнае і патрабуе вялікай ахвярнасці. Яны наведваюць хворых у шпіталаях, дапамагаюць састарэлым і ў прыбіранні парафіяльнага касцёла, а таксама дзеляцца верай з тымі, хто яшчэ не ведае Пана Бога. Кожны тыдзень чальцы Легіёну Марыі збіраюцца разам на супольную малітву.

Марына Сінкевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі