У Глыбокім адбылася акцыя “З усмешкай у школу”

Прайшла яна ў нядзелю 9 верасня ў парафіяльным доме пры касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім.

Арганізатар акцыі – парафіяльны Caritas. Як паведаміў кіраўнік глыбоцкага аддзялення дабрачыннай арганізацыі Генадзь Бервячонак:

– Прыкладна за месяц да пачатку навучальнага года ў нашым касцёле людзі пачалі збіраць для яе неабходныя рэчы. Гэта ў першую чаргу школьныя канцылярскія прылады і грошы.

Валанцёры Caritas’а размяркоўвалі гэта паміж школамі раёна. Па словах спадара Генадзя, у гэтым годзе ім удалося дапамагчы дваццаці пяці сем’ям з васьмі школ:

– Па нашай просьбе настаўнікі дапамаглі нам выбраць па тры сям’і, якія аказаліся ў найбольш цяжкім матэрыяльным стане і з гэтай прычыны не змаглі належным чынам падрыхтаваць дзяцей да навукі.

У нядзелю гэтыя сем’і сабраліся ў парафіяльным доме, дзе яны змаглі разам папіць гарбаты і атрымаць гэту дапамогу да школы. На мерапрыемства завітаў таксама пробашч парафіі ксёндз Мікалай Ціхановіч. Ён заклікаў дзяцей і бацькоў з удзячнасцю паставіцца да тых людзей, якія падзяліліся з імі сваімі рэчамі і грашовымі сродкамі.

Святар таксама адзначыў, што людзі павінны дапамагаць адзін аднаму незалежна ад канфесіі. У мерапрыемстве акрамя кіраўніка прынялі ўдзел і іншыя валанцёры глыбоцкага Caritas’а, якія дапамаглі раздаць гэтыя падарункі. А яшчэ дзеці атрымалі па кніжцы і шарыку.

Закончылася мерапрыемства агульным фотаздымкам на прыступках парафіяльнага дома.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі