У Ерузалеме адбыўся Крыжовы шлях за мір

Каля тысячы маладых хрысціянаў, навучэнцаў хрысціянскіх школ, у мінулую пятніцу, удзельнічалі ў Крыжовым шляху ў інтэнцыі міру. Публічная малітва адбылася ўпершыню пасля абвастрэння канфлікту ў Святой Зямлі. «Крыжовы шлях… Шлях міру» — такую ​​ініцыятыву арганізавала Францішканская Кустодыя Святой Зямлі.

У малітве прынялі ўдзел 12 устаноў, у тым ліку дзве школы Англіканскай Царквы і школа Армянскай Апостальскай Царквы, а таксама розныя каталіцкія групы. Малітва Крыжовага шляху распачалася каля касцёла Бічавання і завяршылася ў манастыры Найсвяцейшага Збавіцеля.

Першыя восем стацый ішлі па традыцыйным маршруце Via Dolorosa, вуліцы, па якой Езус ішоў на Галгофу. На кожнай стацыі пасля чытання Святога Пісання і малітвы двое дзяцей выпускалі пару галубоў як бачны знак малітвы за мір і свабоду.

«Мы штогод арганізоўваем набажэнства Крыжовага шляху са школьнікамі, — адзначыў кс. Ібрагім Фалтас з Кустодыі Святой Зямлі, дырэктар школ «Terra Sancta», у інтэрв’ю каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву ЗША.

Ён адзначыў, што ў мінулым годзе вучні насілі чырвоныя шалікі з выявай пашкоджанай статуі Езуса з касцёла Бічавання ў Старым горадзе. Разбітая і пашкоджаная статуя не была адноўлена і стала сімвалам церпячага Езуса.

Сёлета першая стацыя Крыжовага шляху адбылася таксама каля статуі Езуса, а для шалікаў быў абраны белы колер — колер міру. На іх змешчаны надпіс у выглядзе крыжа «Da nobis pacem Domine» (Госпадзе, даруй нам мір), а таксама выява голуба з аліўкавай галінкай у дзюбе.

Пачынаючы з дзявятай стацыі, удзельнікі маліліся ў францішканскім кляштары Найсвяцейшага Збаўцы. На заканчэнне набажэнства настаяцель Кустодыі Святой Зямлі кс. Франчэска Патан каротка разважаў пра дар Езуса, які аддаў сваё жыццё за ўсё чалавецтва, у тым ліку і за тых, хто яго пераследаваў.

«Просім у Яго ласкі, каб захаваць нашыя сэрцы свабоднымі ад нянавісці і жадання адпомсціць тым, хто пакрыўдзіў нас. Просім ласкі разбурыць усе муры, збудаваныя з варожасці і нянавісці. Просім Езуса, які працягнуў свае рукі паміж небам і зямлёй, каб дапамог нам сёння пабудаваць мост міру праз нашы намаганні дзеля міру і паяднання ў Святой Зямлі і ва ўсім свеце», — сказаў кс. Патан.

«Гэты Крыжовы шлях меў таксама на мэце заахвоціць нашых дзяцей не губляць надзеі», — падкрэсліў настаяцель Кустодыі Святой Зямлі і дадаў: «У часы, калі здаецца, што людзі не могуць прыйсці да згоды, мы павінны больш настойліва стукаць сваімі малітвамі ў дзверы Бога, каб тыя, хто павінен і можа забяспечыць завяршэнне гэтай вайны, вярнуліся да здаровага сэнсу».

Па матэрыялах credo.pro
Фото: Custodia Tеrrae Sanctae

Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі