Яны праходзілі з 1 па 8 мая 2016 года. Праводзілі іх айцы-рэдэмптарысты з Гродзенскай дыяцэзіі Анджэй Ядкоўскі і Валерый Мазюк.
На час Місій пробашч касцёла Андрэй Кулік перадаў місіянерам уладу ў касцёле, уручыўшы ім святарскія стулы і ключ ад касцёла.
Трэба адзначыць, што апошні раз святыя Місіі былі ў Дзеркаўшчыне ў далёкім 1938 годзе, таму для ўсіх вернікаў парафіі гэта быў перыяд асаблівай Божай ласкі. Падчас Місій адбываецца аднаўленне веры ў парафіі, вернікі яшчэ больш навяртаюцца да Пана Бога.
Місіі звычайна праходзяць на працягу васьмі дзён. Айцец Анджэй Ядкоўскі патлумачыў гэта так: «Мы як айцы-рэдэмптарысты праводзім фундаментальныя Місіі, якія закладаюць падмурак веры чалавека. І нават васьмі дзён тут замала. Гэта такі неабходны мінімум, каб пазнаць Божую любоў, адкрыцца на яго міласэрнасць».
Падчас гэтых васьмі дзён адбываліся навукі для дзяцей, моладзі, бацькоў, для людзей пажылых і хворых.
У аўторак пробашч касцёла ксёндз Андрэй Кулік ляжаў крыжам каля алтара, каб перапрасіць Бога за свае грахі і грахі парафіі. Ён таксама папрасіў прабачэння за свае грахі ў парафіянаў. Шмат у каго гэта выклікала слёзы на вачах.
У сераду адбыўся крыжовы шлях па вуліцах Дзеркаўшчыны, а ў пятніцу адбылося аднаўленне сужэнскіх прысягаў. Вернікі парафіі падчас святых Місій вельмі палюбілі Марыйны Заклік – вечаровае набажэнства са свечкамі ў гонар Маці Божай.
Па словах ксяндза Андрэя, ён вельмі хваляваўся перад пачаткам Місій, ці шмат вернікаў будзе хадзіць на працягу гэтага тыдня ў касцёл. Але парафія паказала сябе з самага лепшага боку — святыня ўвесь час была запоўнена людзьмі. У касцёл прыходзілі нават тыя парафіяне, якія звычайна рэдка наведваюць храм.
У нядзелю, 8 мая, адбыўся апошні дзень парафіяльных Місій. У гэты дзень перад касцёлам быў пастаўлены і асвечаны крыж у памяць аб святых Місіях. Таму святая Імша распачалася з працэсіі вакол касцёла. Мужчыны ўзялі на плечы місійны крыж і пранеслі вакол касцёла. Вернікі ў гэты час неслі у руках свае малыя крыжы. Пасля працэсіі крыж быў урачыста ўсталяваны перад касцёлам.
Пасля гэтага святары і вернікі зайшлі ў святыню, дзе адбыўся працяг святой Імшы. Слова да вернікаў прамовіў айцец Валерый Мазюк.
Ён заклікаў вернікаў абвяшчаць Божае слова сваім родным, суседзям, аднавяскоўцам, жыць паводле Божых запаведзяў і не саромецца сваёй веры. У прыватнасці, адзначыў: «Калі пробашч прасіў прабачэння ў вас за свае грахі, бо ніхто з нас не з’яўляецца анёлам, шмат у каго на вачах я бачыў слёзы. Але іх не трэба было саромецца – гэта бласлаўлёныя слёзы. Бо гэта знак таго, што Бог дакрануўся да вашых сэрцаў, ён увайшоў у ваша жыццё».
Напрыканцы богаслужэння вернікі атрымалі блаславенне ад айцоў-рэдэмптарыстаў, а таксама поўны адпуст, умовай атрымання якога быў удзел у святых місіях, споведзь і малітва ў інтэнцыях Папы Францішка.
Пасля гэтага айцы Анджэй і Валерый уручылі ксяндзу Андрэю Куліку святарскія стулы і ключ ад касцёла. Гэта азначала, што яны зноў перадалі ўладу ў парафіі пробашчу.
Ксёндз Андрэй Кулік пасля заканчэння Місій адзначыў: «Святыя Місіі ў Дзеркаўшчыне для мяне як для пробашча — гэта знак таго, што мы рухаемся наперад, развіваемся ў сваёй веры, хочам пазнаць Бога. Колькасць людзей, якія прыходзілі ў гэтыя дні ў касцёл паказала, што гэта вельмі важна для людзей. Яны цікавяцца рэлігіяй, цікавяцца Богам, хочуць паглыбіць свае веды аб ім».
А айцы-рэдамптарысты ўжо ў бліжэйшую нядзелю, 15 мая, распачнуць святыя Місіі ў Слоніме.
Зміцер Лупач, тэкст
кс. Віктар Місевіч, Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа