Гісторыя крадзяжу чэрапа святой Здзіславы, якая на мінулым тыдні шакавала Чэхію, атрымала шчаслівы канец. Як паведамляе Radio Prague International, паліцыя своечасова знайшла рэліквію, а рэстаўратары сцвярджаюць, што яе ўдасца захаваць для будучых пакаленняў. Зрэшты, дагэтуль невядома, калі і пры якіх умовах рэліквія зноў будзе выстаўлена для вернікаў.
Браты дамінікане з горада Яблонне-у-Подъештедзі назвалі добрую навіну сапраўдным цудам. Яшчэ некалькі дзён таму лёс 800-гадовага чэрапа святой Здзіславы з Лемберка быў вельмі нявызначаным. 35-гадовы мужчына скраў чэрап сярэднявечнай святой, з-за таго, што не згаджаўся з яго публічным выстаўленнем. Ён заліў рэліквію бетонам і планаваў кінуць яе ў раку, лічачы гэта формай пахавання. Паліцыя дабралася да яго, перш чым ён паспеў завяршыць свой план, але былі асцярогі, што выманне чэрапа з бетоннага блока можа непапраўна яго пашкодзіць.
Аднак прафесійнай камандзе рэстаўратараў удалося не толькі вызваліць з бетона яго ў рэкордныя тэрміны, але і захаваць святыню практычна ў цэласці. Кіраўніцтва базілікі Святога Лаўрэнція і Святой Здзіславы, адкуль быў скрадзены чэрап, назвала гэты вынік велізарным поспехам. «Ён у бяспецы, і гэта насамрэч цуд для ўсяго рэгіёна. Паліцыя спрацавала абсалютна бездакорна, за што мы шчыра ўдзячныя. Радуюцца як вернікі, так і няверуючыя, бо такое хуткае здабыццё рэліквіі святой Здзіславы ўспрымаецца як дапамога з нябёсаў», — пракаментавала сястра Раберта, якая служыць у Яблонні.
Навіна пра знойдзеную рэліквію прынесла вялікую радасць жыхарам горада, бо святая Здзіслава стагоддзямі шануецца як заступніца Яблоння. У кляштары спадзяюцца, што рэліквія зможа вярнуцца на сваё месца да традыцыйнага паломніцтва ў гонар святой Здзіславы, запланаванага на 30 мая. Аднак цяпер тэрміны залежаць ад рэстаўратараў і паліцыі, бо рэліквія ў цяперашні час з’яўляецца рэчыўным доказам у расследаванні. Да таго ж, падчас крадзяжу ад чэрапа адламаліся пяць дробных костак і засталіся ўнутры рэлікварыя. Цяпер рэстаўратары паспрабуюць вярнуць іх на месца.
Па словах Пражскага арцыбіскупа Станіслава Пшыбыла, захаванне чэрапа — цудоўная навіна. Нягледзячы на гэта, ён адзначае, што далейшы лёс рэліквіі застаецца невядомым: «Калі і ў якім выглядзе чэрап будзе зноў выстаўлены, я пакуль не магу сказаць, бо мы хацелі б стварыць камісію разам з Ліберэцкім краем, парафіяй і епіскапатам, каб старанна абдумаць будучы фармат выставы чэрапа святой Здзіславы».
Тым часам падазраваны, які быў затрыманы і пазней прызнаўся ў злачынстве, зараз чакае суда. Яму прад’яўлена абвінавачанне ў крадзяжы, пашкоджанні маёмасці і хуліганстве. За гэтыя злачынствы мужчыну пагражае ад двух да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
credo.pro
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!