У Чарневічах з удзелам біскупа Алега Буткевіча адзначылі парафіяльны фэст у адноўленай святыні

Чарневіцкі касцёл знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад парафіі ў Празароках, адразу пры ўездзе ў вёску Чарневічы, нібы вітаючы гасцей і сустракаючы землякоў, якія вяртаюцца дадому з далёкай дарогі.

Касцёл будаваўся з 1920 па 1924 гады. Адкрыццё і асвячэнне адбылося 14 верасня 1924 года на свята Узвышэння Святога Крыжа. У 1930 годзе парафія налічвала 2000 вернікаў, але пазней шмат жыхароў выехала ў Польшчу.

У час Вялікай Айчыннай вайны касцёл не дзейнічаў. У 1950 г. камуністычныя ўлады зачынілі храм, а пробашча кс. Літвінскага выслалі ў задарожскую парафію. У хуткім часе касцёл пачаў ператварацца ў руіны, да 1990 года выкарыстоўваўся як збожжасховішча. У 1991 г. пробашч парафіі ў Задарожжы кс. Люцыян Паўлік MIC і парафіяне з Чарневічаў дабіліся ад уладаў вяртання касцёла вернікам.
Першая святая Імша пасля вяртання святыні цэлебравалася ўжо адноўленым будынку ў 1993 г.

14 верасня 2025 года ў свята Узвышэння Святога Крыжа вёска Чарневічы сустракала гасцей. Каля касцёла сабралася шмат машын, а ў храме вольнага месца ў лаўках не было. Мясцовыя парафіяне, госці з бліжэйшых парафій і не толькі завіталі сюды, каб разам памаліцца, адсвяткаваць парафіяльную ўрачыстасць разам з пастырам Віцебскай дыяцэзіі біскупам Алегам Буткевічам і падзякаваць Богу за магчымасць маліцца ў адноўленай святыні.

На свяце прысутнічалі і прадстаўнікі дзяржаўных уладаў: старшыня раённага савета дэпутатаў Вера Цяліца і старшыня Празароцкага сельскага выканаўчага камітэта Інеса Міхайлоўская.

Вітаючы сардэчна прысутных парафіянаў і гасцей святыні біскуп Алег падкрэсліў, што шчыра радуецца таму факту, што ўрачыстасць перажываем у адноўленым касцёле. Дзякуючы намаганням пробашча кс.каноніка Эдварда Нарадоўскага і вернікаў, за апошнія гады ў храме адбыўся ўнутраны рамонт і цяпер гэта хоць і невялікі, але вельмі прыгожы і ўтульны Божы дом.

У гаміліі іерарх паразважаў над сэнсам знака крыжа і нашым прызвычаеннем да яго.

“Нас часта папракаюць, што мы ўшаноўваем знак экзэкуцыі, які сэнс ва ўсім гэтым. Мы не ўшаноўваем смерць, не ўшаноўваем прыладу цярпенняў і пакутаў чалавека, мы ўшаноўваем любоў. Калі пытаемся, што такое любоў і дзе яе ўбачыць, то вось якраз у крыжы мы яе знаходзім.

Крыж – гэта не знак смерці. На магілах мы ставім крыжы не як напамін, што тут ляжыць чалавек памерлы, але той, хто спадзяваўся на ўваскрасенне, хто верыў і спадзяваўся на моц Хрыстовага крыжа і дзякуючы якому мае асягнуць удзел у жыцці вечным.

Сёння часта можна сустрэць крыж як упрыгожанне, напрыклад завушніцы. Можна паспрабаваць сабе растлумачыць, што напэўна чалавек нейкую веру мае, можа такім чынам хоча прызнацца да Хрыста, да сваёй веры. Але варта задумацца, ці гэта ўшанаванне гэтага знаку?” – падкрэсліў біскуп Алег.

У гэты святочны дзень Пастыр дыяцэзіі не абмінуў і тых вернікаў, якія ўнеслі значны ўклад у рамонт і аздабленне касцёла, і ўручыў ім Падзякі.

Пасля Эўхарыстыі словы падзякі за супольную малітву і прамоўленае слова былі скіраваны Яго Эксцэленцыі біскупу Алегу ад чарневіцкіх парафіян.

Пасля бласлаўлення адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту. Разам памаліліся Літаніяй да Найсвяцейшай Крыві Хрыста, а потым прайшлі святочнай працэсіяй вакол касцёла.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку