У Будславе адбылося спатканне касцёльных рухаў і супольнасцяў

“На Беларусі ёсць месцы святыя. Адно з іх — у Будславе велічны храм”. Словамі гэтага спеву віталі Маці Божую Будслаўскую першага мая. Гэта вернікі з усёй Беларусі прыбылі ў Нацыянальны Санктуарый на сустрэчу касцёльных рухаў і супольнасцяў.

Цікава, што гісторыя гэтых спатканняў распачалася шмат год таму. Калі адна з супольнасцяў 1 мая, у выходны дзень, вырашыла прыехаць, каб разам памаліцца ў Будслаў. Яны запрасілі далучыцца да гэтай малітвы і ксяндза біскупа Юрыя Касабуцкага. На наступны год да ініцыятывы далучылася яшчэ некалькі рухаў, а потым яшчэ некалькі. Так малымі крокамі такое спатканне стала ўжо добрай традыцыяй.

У 2024 годзе сустрэча была прысвечана тэме «Касцёльныя рухі ў евангелізацыі Беларусі».

Пілігрымы збіраліся ў велічнай базыліцы і схілялі свае калені перад Божай Маці, Якая, трымаючы на руках Сына, пяшчотна пазірала на ўсіх сваіх дзяцей. Месяц май, дарэчы, у Каталіцкім Касцёле асабліва прысвечаны Багародзіцы.

Сабраных прывіталі генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі разам з пробашчам Будслаўскай парафіі ксяндзом Дзмітрыем Дубовікам.

Распачалася прэзентацыя прысутных рухаў і супольнасцяў. Важныя моманты пра заснавальнікаў, харызму, асноўныя мэты, а таксама пра месцы служэння ў Беларусі расказалі наступныя прадстаўнікі:

  • Асацыяцыя Святой Сям’і пры Кангрэгацыі сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта;
  • Апостальства дапамогі душам чысцовым;
  • рух сужэнскай духоўнасціEquipes NotreDame;
  • «Легіён Марыі»;
  • «Маці ў малітве»;
  • рух «Новае аблічча парафіі»;
  • «Нэакатэхуменальны шлях»;
  • рух «Святло-жыццё» і яго адгалінаванні: сямейнае аб’яднанне «Хатні Касцёл» і Міжнародная дыяконія евангелізацыі і вызвалення «Каштоўная пярліна»;
  • рух «Сужэнскія сустрэчы»;
  • рух «У абарону жыцця»;
  • рух Факаляраў;
  • супольнасць «Фаўстынум»;
  • Міжнародны Шанштацкі рух;
  • Міжнародны каталіцкі харызматычна-евангелізацыйны рух Gloriosa Trinitas;
  • Свецкі Ордэн кармэлітаў босых — супольнасць святога Юзафа;
  • Францішканскі Ордэн свецкіх;
  • «Рыцарства Беззаганнай»;
  • «Ружанцовая эстафета — Круцыята малітвы — Сям’я сем’яў»;
  • Браты і сёстры ад пакуты Трэцяга Францішканскага Ордэна;
  • Апостальскі рух «Маргарытка»;
  • Каталіцкія скаўты і скаўткі ў Беларусі.

Пасля прэзентацый прысутныя распачалі малітву на ружанцы, якую падрыхтавалі прадстаўнікі Легіёну Марыі. Вернікі далучалі апецы Багародзіцы кожны рух і супольнасць, а таксама свае сем’і, Касцёл і ўвесь беларускі народ. Напрыканцы адбылося Маёвае набажэнства.

Апоўдні распачалася святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінаска-Магілёўская архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Напачатку ён прывітаў прысутных святароў, а асаблівым чынам ксяндза Кшыштафа Сэрока — сакратара Апостальскай нунцыятуры ў Мінску.

Таксама біскуп Юрый звярнуўся са словамі віншаванняў да ксяндза каноніка Уладзіслава Завальнюка, які ў маі адзначае 50-годдзе святарства.

Падчас прамоўленай гаміліі іерарх звярнуўся да прысутных і адзначыў, што рыхтуючыся да спаткання, цікавіўся, што на працягу гісторыі Касцёла казалі пра рухі і супольнасці розныя выбітныя асобы.

«Кожны з вас – гэта каштоўная пярліна ў вялікім калье, якое мы называем “Касцёл””, – зазначыў біскуп напрыканцы.

Дарэчы, менавіта ўдзел кожнай такой пярлінкі рабіў багатым, поўным і насычаным усё спатканне.

Святую Імшу ўпрыгожваў спевам хор “Effata” з мінскай парафіі Святога Яна Евангеліста і Святога Максімільяна Марыя Кольбэ, малітву верных падрыхтавалі ўдзельнікі руху факаляраў, працэсію з дарамі і разважанні да яе – супольнасць “Каштоўная пярліна”.

Пасля абеду прадстаўніцы руху “Маці ў малітве” распачалі адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту, яе падхапілі сем’і з “Сужэнскіх сустрэч”, молячыся Каронку да Божай Міласэрнасці, а ўдзельніцы шанштацкага руху скончылі малітву Літаніяй да Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

Ва ўсім адчувалася неверагодная сямейная атмасфера. Кожны адчуваў, што тут і зараз усе мы розныя, але ўсе мы – адна сям’я, члены аднаго Касцёла.

Пра важнасць смела крочыць за Хрыстом і быць разам, нягледзячы на выклікі сучаснага свету, перашкоды і цяжкасці, распавядаў падчас канферэнцыі  на тэму «Касцёльныя рухі ў евангелізацыі Беларусі» айцец Андрэй Авен OCD.

У гэты час дзеці бавіліся на падворку касцёла разам з каталіцкімі скаўтамі і скаўткамі.

Спатканне закончылася цудоўнай працэсіяй: маленькія вернікі з кветкамі  ў руках ішлі да алтара, каб утварыць са шматлікіх ружаў адно вялікае сэрца.

“Мы хочам, каб нашыя маленькія сэрцы біліся ва ўнісон з Найсвяцейшым Сэрцам Езуса”, – патлумачылі дзеці.

Напрыканцы разам з біскупам Юрыем адбыўся акт прысвячэння кожнага руху Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Леанід Юрык, фота 

для друку для друку