1 кастрычніка ў касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе, які з гэтага году абвешчаны малой базылікай, пасля неабходнай манаскай фармацыі сястра Кацярына Папакуль з Кангрэгацыі Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі (эўхарысткі) склала вечныя шлюбы.
Браслаўская святыня ў гэты прыгожы дзень сабрала шматлікіх гасцей: біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча і святароў, сясцёр эўхарыстак з розных куткоў Беларусі, родных і сяброў с. Кацярыны, а таксама мясцовых парафіянаў.
У гаміліі біскуп Алег падкрэсліў важнасць гэтага дня: «Праз шлюбы чалавек даручае сваё жыццё ў Божыя рукі і, такім чынам, выказвае сваё жаданне пайсці за Езусам шляхам выпрабавання, шляхам вырачэння, але разам з тым шляхам умацавання свайго Духа».
Пасля Літаніі да ўсіх святых сястра Кацярына склала на ўсё жыццё абяцанні чысціні, беднасці і паслухмянасці ў прысутнасці біскупа Алега на рукі сястры Алены Панцялей, настаяцельніцы Беларуска-Літоўскай дэлегатуры. Вечныя шлюбы адбываюцца пасля часовых. Гэта акт злучэння кансэкраванай асобы з яе супольнасцю і абранай формай жыцця. Дакумент сястра падпісала на алтары, такім чынам выразіўшы ахвоту злучыцца з Эўхарыстычнай Ахвярай Хрыста. З гэтага моманту жыццё сястры Кацярыны належыць выключна Езусу.
На заканчэнне ўрачыстасці, манахіня падзякавала ўсім, хто прыняў удзел у так важнай для яе і ўсёй супольнасці падзеі, а таксама тым, хто перадаў ёй дар жыцця, падтрымліваў падчас фармацыі.
Пасля малітоўнай часткі святкаванне працягнулася за святочным абедам, дзе для сястры Кацярыны былі выказаны словы віншавання і пажаданняў.
Сястра Кацярына паходзіць з парафіі святога Станіслава ў вёсцы Далёкія, што знаходзіцца ў Браслаўскім раёне. Падзяліўшыся з «Каталіцкім Веснікам» сваімі ўспамінамі крыху пра сябе сястра Кацярына распавяла, што сакрамант хросту прыняла ў роднай парафіі ў Вялікую суботу, але не ў маленькім узросце, а ўжо ў дарослым жыцці, маючы 24 гады. Праз год прыняла сакрамант бежмавання ў Браславе, і ў хуткім часе адчула заклік Бога ў сваім сэрцы. Працуючы ў галіне гандлю, дзяўчына адчувала, што гэта не яе шлях, яна не мае задавальнення. Потым выконвала розную працу ў школе, а праз тры гады ўсё ж абставіны так склаліся, і з Божай дапамогі Кацярына апынулася ў кляштары. “Перад ад’ездам да сясцёр адзін святар сказаў мне: “Калі Езус будзе ў цэнтры, то ўсё вытрываеш”. І вось гэтыя словы мяне падтрымліваюць на працягу ўсяго майго манаскага жыцця”, — дадала манахіня. Да размовы далучылася с. Наталля Арлянковіч, якая дапамагала ў арганізацыі правядзення ўрачыстасці і з усмешкай прамовіла: “Сястра Кацярына – гэта наш сонечны праменьчык, асабліва ў працы з дзеткамі. Дзеці вельмі прывязаныя да яе, вельмі любяць, бо яна нясе ім гэтае святло, якім ёсць Езус”.
У 2023 годзе сёстры эўхарысткі, якія жывуць згодна з дэвізам супольнасці «Усё для Хрыста і праз Хрыста», адзначылі юбілей 100-годдзя існавання сваёй кангрэгацыі. У сваёй апостальскай дзейнасці і ў адносінах з людзьмі эўхарысткі пашыраюць любоў да Хрыста, Які прабывае на алтарах.
«Бог ёсць Любоў!» — менавіта гэтыя словы сталі дэвізам самага важнага дня сястры Кацярыны. А для дзяўчат, якія стаяць перад выбарам свайго жыццёвага шляху, законніца раіць быць адкрытымі на Божую Любоў.
Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Леанід Юрык, фота