Цыкл катэхез Папы Францішка: за св. Імшу не плацяць, а складаюць ахвяру

Эўхарыстычная малітва вучыць свабоднаму і бескарысліваму дару любові, а таксама будаванню адзінства ў Касцёле і чалавецтве, адзначыў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 7 сакавіка прайшла ў Ватыкане. Працягваючы цыкл катэхез аб структуры св. Імшы, ён засяродзіў увагу на Эўхарыстычнай малітве, якая з’яўляецца “цэнтральным момантам” усёй літургіі і адлюстроўвае тое, што сам Езус учыніў падчас Апошняй Вячэры.

Спасылаючыся на Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала, Папа заўважыў, што “сэнс гэтай малітвы ў тым, каб уся супольнасць верных паядналася з Хрыстом у вызнаванні велічных справаў Божых і ў складанні ахвяры”. “А каб паяднацца, трэба разумець. Таму Касцёл пажадаў, каб гэта цэлебрацыя адбывалася на мовах, якія людзі разумеюць, каб далучаліся да гэтага праслаўлення і гэтай вялікай малітвы са святаром”, — падкрэсліў ён.

Папа нагадаў, што адной з частак Эўхарыстычнай малітвы з’яўляецца прэфацыя, падчас якой узносіцца падзяка Богу за атрыманыя дары, асабліва за спасланне Яго Сына як Збаўцы. На завяршэнне прэфацыі спяваецца або прамаўляецца “Sanctus”, у якой увесь сход яднае свае галасы з галасамі анёлаў і святых, праслаўляючы Бога.

Затым Касцёл просіць Святога Духа, каб сваёй моцай асвяціў хлеб і віно. “Дзейнасць Святога Духа і плённасць слоў Хрыста, прамоўленых святаром, робяць рэальнай прысутнасць, пад выглядам хлеба і віна, Яго Цела і Яго Крыві, Яго ахвяры, аднойчы і назаўсёды складзенай на крыжы”, — сказаў Папа Францішак і падкрэсліў, што тут гаворка ідзе пра сапраўдную “таямніцу веры”.

“Касцёл, будучы таямніцай адзінства, злучаецца з ахвярай Хрыста і Яго заступніцтвам. У гэтым святле ў катакомбах Касцёл часта прадстаўляецца ў постаці жанчыны, якая моліцца, з шырока распасцёртымі рукамі, у постаці “аранты”. Касцёл моліцца… У адным з фрагментаў Дзеяў Апосталаў гаворыцца, што калі Пётр быў у вязніцы “Касцёл рупліва маліўся за яго да Бога”. Касцёл, які моліцца… А калі мы ідзём на св. Імшу, то ідзем менавіта для гэтага: каб Касцёл маліўся. Як Хрыстус, Які распасцёр свае рукі на крыжы, так і Касцёл, праз Яго, з Ім і ў Ім, прыносіць сябе ў ахвяру і заступаецца за ўсіх людзей”, — сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што Эўхарыстычная малітва з’яўляецца просьбай да Бога аб аб’яднанні ўсіх дзяцей Касцёла ў дасканалай любові, у еднасці з Папам і біскупам, якія ўзгадваюцца па імені. У Эўхарыстычнай малітве ніхто і нішто не забыта.

“Ніхто не забыты, і калі маю якога-небудзь чалавека, блізкага або сябра, што знаходзіцца ў патрэбе ці перайшоў з гэтага свету ў іншы, магу ўзгадаць аб ім у гэты момант, або пра сябе, у маўчанні, або напісаўшы яго імя, каб яно было прамоўлена. “Ойча, а колькі я павінен заплаціць, каб імя было ўзгадана?” – Ніколькі, бо за св. Імшу не трэба плаціць. Святая Імша – гэта ахвяра Хрыста, якая была складзена бескарысліва. Адкупленне – бескарыслівае. Калі хочаш скласці ахвяру – рабі гэта, але плаціць не трэба. Важна зразумець гэта”, — заўважыў Пантыфік.

Папа Францішак адзначыў, што формула Эўхарыстычнай малітвы можа здавацца складанай, бо яна з’яўляецца вельмі старажытнай, але калі добра зразумець яе значэнне, будзем, безумоўна, лепш удзельнічаць у св. Імшы.

“Яна выражае ўсё, што мы чынім падчас Эўхарыстычнай цэлебрацыі. Больш за тое, яна вучыць нас выхоўваць у сабе тры стаўленні, якія павінны быць уласцівыя вучням Езуса. Першае – гэта навучыцца “складаць падзяку заўсёды і паўсюль”, а не толькі пры пэўных абставінах, калі ўсё добра; другое – рабіць наша жыццё дарам любові, свабодным і бескарыслівым; трэцяе – будаваць канкрэтнае адзінства, у Касцёле і паміж усімі людзьмі. Такім чынам, галоўная малітва св. Імшы вучыць нас, крок за крокам, рабіць наша жыццё “эўхарыстыяй”, — сказаў Папа.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Папа Францішак прывітаў розныя групы вернікаў. Звяртаючыся па чарзе да моладзі, хворых і маладых сужонкаў, ён пажадаў, каб падчас Вялікага посту Пан указаў ім шлях надзеі, якім трэба крочыць, каб Святы Дух вёў іх да сапраўднага навяртання, ачышчэння ад граху і служэння Хрысту, прысутнаму ў братах.

Ватыканскае радыё

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі