Святы Шарбель: пакліканне і цуды

szarbelСвяты Шарбель. Упершыню я пазнаёміўся з ім у шапіку “Белсаюздруку”, калі сярод “жоўтай” прэсы і выродлівых постсавецкіх часопісаў убачыў брашурку з абліччам манаха. Мая чалавечая і “прафесійная” святарская цікаўнасць заахвоцілі купіць яе.

Як я і думаў, гэта была “папса”: чытачам прапаноўвалася прыкладваць малюнак нейкага старца да хворых месцаў. Я негатыўна стаўлюся да падобнага кшталту рэчаў, бо ў іх адыгрывае значную ролю хутчэй “магічная” свядомасць, чым асабістая вера чалавека ў Бога. “Магічная” свядомасць – гэта калі чалавек мяркуе прымусіць Бога зрабіць тое, што сам хоча мець, з дапамогай нейкага абраду, псеўдасакральных дзеянняў. Вера ж пачынаецца там, дзе чалавек усведамляе, што Бог – гэта свабодная Асоба, і Яго прымусіць нельга. Нягледзячы, аднак, на свой скептыцызм, я працягнуў чытанне.

Шарбель — святы араб і ўніят

Уявіце маё здзіўленне, калі пасля некаторага вывучэння я зразумеў, што Шарбель – гэта сапраўды каталіцкі святы. І не проста каталіцкі святы, а іераманах, які належаў да Мараніцкай Царквы. Мараніцкая ж Царква з’яўляецца адной з Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, г.зн., у шырокім сэнсе Шарбеля можна назваць уніятам. Вось што мне ўдалося даведацца пра святога араба.

Вера ж пачынаецца там, дзе чалавек усведамляе, што Бог – гэта свабодная Асоба, і Яго прымусіць нельга

Юсэф Махлуф – будучы святы Шарбель – нарадзіўся ў 1828 г. у вёсцы Бека-кафар, што на поўначы Лівана, высока ў гарах. Ён быў чацвёртым дзіцём у сям’і простых сялян Антуана і Брыгіты Маклуфаў. Гэтая сям’я была вельмі пабожнай, працавітай і аскетычнай. У доме Маклуфа асабліва шанавалі Найсвяцейшую Багародзіцу Дзеву Марыю. Усёй сям’ёй яны прыходзілі на Боскую Літургію ў мясцовую царкву, строга захоўвалі дні посту, абавязкова святкавалі хрысціянскія святы. Аднак 8 жніўня 1831 бацька Юсэфа памёр. Тады яму было толькі тры гады. Яго маці праз некаторы час выйшла замуж за Лахуда Ібрагіма, які неўзабаве быў рукапакладзены на парафіяльнага святара.

Манаскае пакліканне

Юсэф ужо з дзяцінства быў непадобным да сваіх братоў і аднагодкаў. Пячатка глыбокай павагі да Бога заўсёды ляжала на яго дзіцячым твары, а маўклівасць стала надзвычай характэрнай рысаю. Юсэф ніколі не ўдзельнічаў у шумных хлапечых забавах і часта не па-дзіцячы маліўся Богу. Ён адшукаў на схіле гары вузкі грот, зрабіў сабе маленечкі алтар, паставіў там выяву Божай Маці, назапасіў ладану і шчыра маліўся. З тых вось часоў людзі і празвалі яго “святым”. Гэты маленькі грот стаў першым скітам Юсэфа. Тут ён часта слухаў унутраны голас, які нястомна казаў: “Тваё жыццё належыць Хрысту. Ідзі за Ім!”

Юсэф аддаліўся ад аднагодкаў, ад сям’і, рыхтуючыся да важнага кроку ў сваім жыцці. І, нарэшце, прыйшоў той час, калі ён пакінуў усё: айчыма, маці, братоў і дзяўчыну, якая лічыла сябе яго нявестай. У 23 гады (1851 г.) ён рашуча пакінуў дом, нават не развітаўшыся з маці. Хлопец разумеў, што развітанне будзе цяжкім, і баяўся, каб яно не пахіснула яго рашучасць. У той час у Юсэфа Маклуфа не было нічога, акрамя гарачага, усёпаглынальнага жадання служыць Госпаду. Не было ў яго нават поснай аладкі, не было правадыра, які ведаў бы гэтую дзікую мясцовасць. Па дарозе ён еў карані раслін, лясныя ягады, дзікі мёд.

“Вось так і я, – падумаў Юсэф, – буду ўпарта караскацца на самую вяршыню манаскага паклікання”.

Свой шлях юнак скіраваў у манастыр Мейфукскай Багародзіцы. Але якім жа чынам яго адшукаць? Юсэф, аднак, верыў: калі Бог захоча, то абавязкова пакажа яму правільны шлях. Аднойчы, на ўзыходзе сонца, вандроўнік з вяршыні гары нарэшце ўбачыў мэту свайго падарожжа. У даліне сярод фруктовых дрэў з’явіліся стрэхі з чырвонай дахоўкі з востраканцовымі вежамі і крыжамі, і душа юнака напоўнілася духоўнай радасцю і глыбокай пашанай. У манастыры Юсэф звярнуў увагу на вінаградную лазу, якая ўпарта цягнулася ўверх і проста на даху распусціла лісце. “Вось так і я, – падумаў Юсэф, – буду ўпарта караскацца на самую вяршыню манаскага паклікання”.

 Послух у манастыры

У часы Юсэфа, як і сёння, у Ліване налічвалася прыкладна семдзясят мараніцкіх манастыроў, якія былі асяродкамі рэлігійнага і культурнага жыцця нацыі. Тут вывучалася не толькі тэалогія, але і неабходныя рамёствы, уводзіліся найноўшыя тэхналогіі апрацоўкі цяжкай, сваеасаблівай ліванскай зямлі. Словам, у народзе манахаў лічылі сапраўднымі асветнікамі, якіх Сам Госпад паслаў да людзей.

Два гады строгага послуху (навіцыяту) у Мейфукскім і Анайскім манастырах. Гэта сапраўды былі два гераічныя гады. Пасля Юсэфа пераводзяць у манастыр св. Марона ў Анайі. Сялянскі гарт і непарушная вера ў Госпада дапамагалі юнаму паслушніку вытрымліваць нечалавечае напружанне: па пяць-сем разоў на дзень прымаць удзел у багаслужбах, уставаць апоўначы на Паўночніцу, днём пасвіць на горных схілах статак, працаваць, пакуль не сцямнее, на вінаградніках… Тут ён выконваў цяслярскія працы, апрацоўваў скуры, насіў з горных схілаў велізарныя камяні і шліфаваў іх.

Малады паслушнік усё рабіў з вялікім захапленнем. Нягледзячы на суворы манастырскі распарадак, ён заўсёды мог знайсці час і для таго, каб вывучаць літургічныя спевы, паглыбляць свае веды праз чытанне кніг. Юсэф шукаў для сябе ўсё новыя і новыя заняткі, ніколі не скардзіўся ні на стомленасць, ні на цяжкія ўмовы пражывання ў келлі. Ва ўсім ён стараўся быць падобным да айца-настаўніка, да тых, хто быў для яго прыкладам. Асабліва цяжкім і напружаным выдаўся першы год послуху. Аднак ні адзін манах не заўважыў, каб паслушнік у чым-небудзь праявіў слабасць…

 Святы Шарбель – цудатворца

У манастыры Юсэф Махлуф у гонар антыяхійскага пакутніка II ст., прымае манаскае імя – Шарбель (Сарбэлій). Гэта імя складаецца з каранёў слоў са значэннямі “цар” і “Бог”. Першага лістапада 1853 года ён прымае манаскі пострыг. Пасля двух гадоў послуху (навіцыяту) настаяцелі адпраўляюць маладога манаха ў семінарыю ў Кфіфан. Падчас навучання ў семінарыі Шарбель быў вучнем святога Німатулы Касаба Аль-Хардзіні. 23 Ліпеня 1859 г. брат Шарбель быў рукапакладзены ў святары.

Цуды пры жыцці Шарбеля

Мы – людзі, ласыя на цуды, але тым не менш Госпад дапускае іх, каб яны сталіся для нас, слабых верай, адпраўным пунктам звароту, штуршком да новага жыцця ў Хрысце. Шмат цудаў аб’явіў Госпад праз святасць свайго вернага манаха Шарбеля. Няхай жа наша цікавасць да іх будзе не пустой забавай, але сапраўды пачаткам нашай асабістай духоўнай дарогі.

Вось адно з такіх цудаў… У пэўны гарачы дзень Шарбель прастаяў на каленях дзве гадзіны, а потым пайшоў працаваць у полі. Падчас яго адсутнасці ў келлю прабраўся злодзей і скраў дзве талеркі, з якіх Шарбель еў. Калі манах вяртаўся ў манастыр, то ўбачыў нечаканую карціну: на сцежцы, дрыжучы ад страху, стаяў бедна апрануты чалавек, а ззаду і спераду яго атачылі дзве ядавітыя гадзюкі. Варта было гэтаму чалавеку толькі паварушыцца, як змеі, нібы па камандзе, падымалі галовы і злосна шыпелі. Шарбель убачыў на сцяжынцы свае талеркі і зразумеў, у чым справа. У гэтую хвіліну з’явіўся задыханы айцец-настаяцель, якому ўжо паведамілі аб крадзяжы.

 – Дык гэта праўда? Трэба неадкладна выклікаць паліцыю.

– Прашу вас, ойча, нікога не трэба выклікаць!

Упершыню адважыўся запярэчыць старэйшаму малады паслушнік. “Паглядзіце, нават змеі не кранулі небараку, навошта ж яго арыштоўваць? Змеі ўжо правучылі яго. Ён гэта запомніць на ўсё жыццё”.

– Але як нам адпудзіць гэтых гадзюк?

– Дазвольце, ойча, я гэта зраблю.

Ён блізка падышоў да змей і ціха, але ўладна загадаў ім. Яны ж з шыпеннем шмыгнулі ў кусты. А злодзей, як апараны, кінуўся наўцёкі.

Быў і іншы дзіўны выпадак, звязаны з самотніцкім пакліканнем манаха. Шарбель хацеў жыць жыццём самотніка, але настаяцель вагаўся: блаславіць яго на гэты подзвіг ці не? Аднак неўзабаве настаяцель атрымаў знак звыш, які развеяў яго сумневы. Аднойчы, каб пасмяяцца, манах замест масла наліў у лямпу Шарбеля вады. Якое ж было яго здзіўленне, калі ноччу ён убачыў у яго келлі святло. У лямпе сапраўды была вада – сам настаяцель манастыра паспрабаваў яе на смак, бо манах-жартаўнік перапалохаўся і ва ўсім прызнаўся яму. У Шарбеля гэтая вада гарэла, як алей, але а ў келлі настаяцеля адразу ж згасла. Пасля гэтага выпадку 15 лютага 1875 года манаху дазволілі зачыніцца ў скіце. Шарбель аддаў манаскаму жыццю 47 гадоў, з іх 23 гады ён пражыў у скітце.

Былі і іншыя цуды. Але, на мой погляд, самым дзіўным сярод іх, які Госпад явіў нам праз святога Шарбеля, быў цудоўны дар малітвы і аскезы. Шарбель мог стаяць на каленях па чатыры-пяць гадзін. Размаўляць з ім у гэты час было бессэнсоўна: ён знаходзіўся ў стане глыбокага сузірання.

Узімку і ўлетку манах хадзіў у паношаным адзенні (пасля ён надзеў валасяніцу з металічным ланцугом – вярыгамі), насіў стаптаныя чаравікі, не апранаў галаўнога ўбору, не распальваў агню, каб сагрэцца, ніколі не еў мяса, не піў віна, спаў на вузкай каменнай пліце, а пад галаву клаў палена, загорнутае ў грубую тканіну. Ён ні ад каго не прымаў ні падарункаў, ні грошай. Ён заўсёды маўчаў і толькі тварыў нястомную малітву сэрца. Калі часам у яго пра што-небудзь пыталіся браты, то ён здзіўлена паводзіў вачыма і маўчаў.

Цуды пасля смерці і кананізацыя

Смерць да пустэльніка наблізілася 16 снежня 1898 года, калі падчас служэння Боскай Літургіі а. Шарбель атрымаў інсульт. Яго разбіў паралюш. Восем дзён а. Шарбель знаходзіўся ў прытомнасці і змагаўся з жудасным болем. На сваім смяротным ложы ён не пакідаў малітвы, заклікаючы Бога кароткімі малітаўкамі: “Ойча ісціны, вось Сын Твой, ахвяра прыемная” (верагодна, гэта словы з мараніцкай Літургіі). Таксама ён шматкроць паўтараў імя Езуса, Багародзіцы, св. Язэпа і святых заступнікаў пустэльнікаў Пятра і Паўла. Напярэданні Раства вялебны Шарбель скончыў свой зямны шлях.

Падчас кананізацыі манаха Шарбеля Папа Рымскі Павел VI назваў яго адным з найвялікшых святых XX стагоддзя.

Аднак і пасля смерці прападобнага іераманаха Госпад захацеў, каб той паслужыў Яму для перадачы Яго ласкі жывым. Толькі дваццаць тысяч зафіксаваных аздараўленняў па малітвах да яго адбылося пасля ягонай смерці. Калі праз 50 гадоў пасля смерці Шарбеля адкрылі грабніцу, то не выявілі ніякага тлення. З нятленнага цела дзясяткі гадоў лілося дзіўнае міра, якое за гэты час да краёў напоўніла дзве труны. Усе гэтыя цуды давалі падставу лічыць а. Шарбеля святым.

Мараніцкі ордэн, да якога належаў айцец Шарбель, звярнуўся да Святой Сталіцы з просьбай аб яго кананізацыі згодна з правіламі Каталіцкай Царквы. З 1926 г. па 1928 г. прайшоў так званы “інфармацыйны працэс”. Мясцовы біскуп збіраў дадзеныя аб святасці жыцця Шарбеля і пра цуды, здзейсненыя яго малітвамі. Уся дакументацыя была накіраваная ў Рым, і пачаўся так званы “апостальскі працэс”. Ізноў былі сабраныя паказанні сведкаў, і ў чэрвені 1956 года стала афіцыйна пацверджана, што жыццё Шарбеля Маклуфа было сапраўдным подзвігам і вызначалася хрысціянскімі цнотамі. Потым былі разгледжаны і цуды, якія здзяйсняліся пры пасярэдніцтве Слугі Божага Шарбеля. Для беатыфікацыі патрабуецца неабвержны доказ як мінімум двух аздараўленняў, якія не паддаюцца навукова-медыцынскаму тлумачэнню. Без гэтых цудаў Царква не можа вынесці рашэння аб беатыфікацыі.

У лістападзе 1965 года былі афіцыйна прызнаныя невытлумачальнымі цудоўныя ацаленні манашкі Марыі Абель Камара з манастыра Двух Найсвяцейшых Сэрцаў, якая 14 гадоў пакутавала на цяжкую хваробу страўніка, і Іскандара Наіма Абэіда з Баатбада, што неверагодным чынам зрабіўся відушчым пасля 13 гадоў слепаты. Абодва аздараўленні адбыліся па малітвах да Шарбэля Маклуфа. Такім чынам, 5 снежня 1965 года ў Саборы Святога Пятра айцец Шарбель быў залічаны да ліку блаславёных. А для завяршэння працэсу кананізацыі – апошняга этапу прызнання яго святым паўсюднай Царквы – неабходны быў доказ яшчэ аднаго цуду. Сярод шматлікіх цудаў для экспертызы абралі вылячэнне ад раку Марыям Асаф Авад з Амана. Яно і паслужыла апошнім сведчаннем для падпісання Паўлам VI дэкрэта аб кананізацыі.

Калі праз 50 гадоў пасля смерці Шарбеля адкрылі грабніцу, то не выявілі ніякага тлення.

9 кастрычніка 1977 г. іераманах-мараніт Шарбель быў залічаны да ліку святых. Падчас кананізацыі гэтага ліванскага духоўнага падзвіжніка Папа Рымскі Павел VI назваў яго адным з найвялікшых святых XX стагоддзя.

13

Манастыр святога Марона ў Ліване, дзе пахаваны св. Шарбель

 а. Андрэй Буйніч
2015г. 

Малітва да святога Шарбеля

Святы ойча Шарбелю, ты адрокся ад мірскіх радасцяў і жыў у самотнасці і пакоры, у сваім скіце, нібы ў сховішчы. Цяпер жа, знаходзячыся ў славе нябёсаў, ойча, хадайнічай за мяне (нас), грэшнага (грэшных). Прасвятлі мой (наш) розум і сэрца, умацуй веру ды ўмацуй волю. Распалі ў мяне (нас) любоў да Бога і бліжняга. Дапамагай мне (нам) выбіраць дабро і пазбягаць зла. Абарані мяне (нас) ад ворагаў бачных і нябачных і дапамагай у штодзённым жыцці.

Тваімі малітвамі многія людзі атрымалі ад Бога дар ацалення душы і цела і знайшлі выйсце ў сітуацыях, па-чалавечы безнадзейных. Спаглянь жа на мяне (нас) з любоўю, і калі на тое ёсць Божая воля, выпрасі для мяне (нас) у Бога ласку, аб якой я (мы) пакорліва прашу (просім), у першую ж чаргу дапамагай мне (нам) нястомна, каб кожны дзень я (мы) абіраў (абіралі) шлях святасці, які давядзе мяне (нас) да вечнага жыцця. Амэн.

для друку для друку