З 22 па 29 кастрычніка ў касцёле Святога Духа (г. Віцебск) адбыліся першыя ў гісторыі храма Святыя Місіі. Правялі іх місіянеры-аблаты Беззаганнай Панны Марыі з Шуміліна айцец Павел Лемех OMI і айцец Анджэй Юхневіч OMI.
2023 год для касцёла Святога Духа багаты на памятныя і важныя падзеі. 28 мая адсвяткавалі 20-годдзе заснавання супольнасці парафіяльнай і 10-годдзе кансэкрацыі святыні. А праз 5 месяцаў прыехалі айцы місіянеры.
Святых Місій чакалі даўно. Яшчэ ў маі пробашч айцец Аляксандр Сапель SDS аб’явіў пра іх. І не забываўся нагадваць кожную нядзельную святую Імшу, заклікаў узяць удзел кожнаму парафіяніну.
Нядзеля, 22 кастрычніка 2023 г. Дзень I. На святой Імшы адбыўся абрад перадачы ключоў ад парафіі. Юрыдычная ўлада засталася за пробашчам, а духоўная перайшла ў рукі місіянераў-аблатаў. Ксёндз Анджэй Юхневіч распачаў пропаведзь з песні пад гітару, што здзівіла прыхаджан. «Калі ў Божых руках цэлы свет, значыць ты таксама», — гэты радок з прыпеву стаў галоўнай думкай пропаведзі.
Панядзелак, 23 кастрычніка 2023 г. Дзень II. Сёння разважалі пра Божыя запаведзі. Перад вызнаннем веры місіянер чытаў усе запаведзі, а прыхаджане паўтаралі за ім. А пасля кожны падыходзіў да айца, які трымаў у руках Святое Пісанне, клаў правую руку і казаў: «Усё, што сказаў Пан, выканаю». Такім чынам усе прысутныя аднавілі запавет на знак веры і жадання жыць па запаведзях.
Дзень III. Тэмай трэцяга дня Святых Місій стаў грэх. Місіянер расказаў пра важнасць споведзі, як правільна на яе ісці і што казаць.
Дзень IV. У сераду маліліся за нашых блізкіх памерлых, за шматлікіх загінуўшых на войнах і тэрактах. Таксама кожны маліўся і за самога сябе: бо прыйдзе тая гадзіна, калі і мы пяройдзем у жыццё вечнае і ўз’яднаемся з Панам Богам. Місіянер на гаміліі падкрэсліў, што не трэба гэтага баяцца, бо «памерлыя ўжо жывуць, а мы яшчэ паміраем…»
Дзень V. У чацвер, у адрозненне ад іншых дзён, былі 2 святыя Імшы: ранішняя – з навукай для хворых, старэйшых і адзінокіх з удзяленнем Сакраманту Намашчэння хворых і вечарам – з агульнай навукай. Да тых, хто не змог прысутнічаць у сілу цяжкай хваробы, місіянеры пайшлі дадому. На вячэрняй гаміліі святар засяродзіў увагу, што прыйсці на Імшу, памаліцца і прыняць Святую Камунію – недастаткова. Важна памятаць пра дапамогу і падтрымку бліжняга. Пасля была працэсія вакол касцёла – добры спосаб заявіць пра сваю веру і пра тое, што нам не сорамна верыць у Бога.
У 21.00 пачалася ноч Нікадэма — Эўхарыстычнае набажэнства з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакраманту. Нікадэм — фарысэй, які верыць у Хрыста і прыходзіў да яго ноччу, пакуль ніхто не бачыў. Мы разважалі аб прабачэнні, годнасці і шчырасці, моладзь тым часам падтрымлівала малітву спевам. Скончылася набажэнства індывідуальным бласлаўленнем.
Да чацвярга ў касцёле не было магчымасці паспавядацца. Сёння ж яна з’явілася.
Дзень VI. Перад святой Імшой перапрашалі за грахі супольнасці. Пробашч кс. Аляксандр Сапель SDS з усімі парафіянамі ў малітве ўспаміналі ўсе грахі парафіі. На гаміліі місіянер узняў тэму прабачэння: «Бог нам даруе і хоча, каб мы таксама даравалі нашым блізкім».
Усю Імшу перад алтаром ляжаў вялікі крыж. Да яго па чарзе падыходзілі і маліліся 4 групы прыхаджан: мужчыны, жанчыны, моладзь і дзеці. Пасля мужчыны ўласнаручна вынеслі і ўсталявалі крыж на ўваходзе касцёла. Місіянеры яго асвяцілі, і кожны прысутны меў магчымасць падысці і пацалаваць крыж у знак сваёй веры.
Пасля быў Крыжовы шлях. Была падрыхтавана мультымедыйная праграма з чатырнаццаццю адрэзкамі з фільма «Мукі Хрыстовы» Мэла Гібсана. Фільм настолькі ўражлівы, што ў сукупнасці з развагамі місіянера, нікога не пакінуў абыякавым.
Дзень VII. Сёння была Місійная ўрачыстасць Маці Божай. Айцец Павел Лемех разважаў пра ключавую ролю Марыі ў жыцці кожнага чалавека. Пасля заканчэння Імшы адбыўся Чын даручэння парафіі Беззаганнай Дзеве Марыі.
Дзень VIII. Сёння, у апошні дзень Святых Місій, мы разважалі аб Крыжы. Крыж — дрэва жыцця, якое павінна быць у доме кожнага верніка.
На заканчэнне місій айцы і члены касцельнай рады падпісалі дакумент, які пацвярджае іх правядзенне. Місіянеры нагадалі пра магчымасць атрымання поўнага адпусту і асвяцілі місійныя памяткі. Мы памаліліся аб добрым плёне гэтага часу. Парафіяне падзякавалі айцам-місіянерам за магчымасць абнаўлення веры і абяцанняў, за пропаведзі і споведзь.
Ці можна сказаць, што мая вера стала мацнейшай, што маё стаўленне да людзей змянілася, што ўсяго тыдзень таму я быў іншым чалавекам? Актуальныя пытанні для тых, хто прысутнічаў, слухаў, думаў і разумеў.
Дзіна Заруба, тэкст
Ганна Байкова, фота