Святы апостал Якуб

25 ліпеня Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць святога апостала Якуба. Запрашаем прыглядзецца да гэтай знакамітай асобы бліжэй.

Якуб Старэйшы

Чаму Якуб – сын Зэбэдэя – быў празваны Старэйшым? Ён быў старэйшы ці большы за іншых апосталаў Хрыста?

Вядома, што апостал Якуб, празваны Большым, або Старэйшым, быў сынам рыбака Зэбэдэя і Саламеі, братам Яна Багаслова. Падчас рыбнай лоўлі Якуб і яго малодшы брат былі пакліканыя Панам. З гэтага часу браты ўжо ніколі не адыходзілі ад Хрыста. Абодва яны былі залічаныя да ліку дванаццаці апосталаў.

Якуб Старэйшы названы так па часе паклікання, а не па ўзросце або старшынстве ў супольнасці вучняў. Пасля Езус вылучыў яго з асяроддзя іншых, разам з Пятром і Янам, далучаючы менавіта іх з сабой у некаторыя важныя моманты евангельскай гісторыі: уваскрасенне дачкі Яіра, перамяненне не гары Табар, малітвы ў Аліўным садзе.

Сыны грому

Чаму менавіта так Госпад называў братоў Зэбэдэевых? Якая была на тое прычына?

Якуб і яго брат за свой парывісты тэмперамент былі празваныя Езусам “Баанергес” – Сынамі грому. Наравісты характар братоў у поўнай меры выявіўся, калі аднойчы, ідучы разам з Хрыстом у Ерусалім, адно самаранскае паселішча не прыняло Госпада. І разгневаныя браты – “Сыны грому” – прапанавалі звесці з неба агонь на самаранскае паселішча, каб знішчыць яго: “Бачачы гэта, вучні Ягоныя, Якуб і Ян, сказалі: Госпадзе! Ці хочаш, мы скажам, каб вагонь сышоў з неба і вынішчыў іх, як і Ілля зрабіў?” (Лк. 9:54). А таксама мелі просьбу даць сесці ім у Царстве Нябесным па правы і левы бок ад Езуса ў Валадарстве Нябесным. Пан жа адказаў: не ведаеце, чаго просіце. Ён адкрыў братам таямніцы Валадарства Божага і сказаў, што яны будуць піць Яго келіх – зведаюць бедства і пакуты за імя Хрыстова. Прадказанне Пана адносна абодвух братоў споўнілася з дакладнасцю.

Пасля спаслання Духа Святога на апосталаў у дзень Пяцідзясятніцы апостал Якуб прапаведаваў Евангелле ў розных краінах. Потым вярнуўся ў Ерусалім, усёй сваёй дзейнасцю апраўдаў імя сына Громава, дадзенае яму Панам пры абранні ў апосталы. Нічога не баючыся, адважна і адкрыта Якуб прапаведаваў, што Хрыстус – сапраўдны Месія, Збаўца свету. Ён строга выкрываў і дакараў фарысеяў і кніжнікаў за іх нявер’е і жорсткасць сэрцаў.

Мучаніцкая смерць апостала

Як споўнілася прадказанне Хрыста, што Сыны грому будуць піць той самы келіх, што і Ён піў, і хрысціцца тым самым хрышчэннем?

Бачачы сілу вучэння апостала Якуба, юдэі-нявернікі разгарэліся жудаснай злосцю на хрысціянаў. Яны заахвоцілі цара Ірада, які валодаў тады ўсёй Юдэяй, распачаць ганенні на хрысціянскі Касцёл і забіць Якуба. Па іх парадзе Ірад пачаў пераследаваць хрысціянаў і загадаў адсекчы галаву апосталу Якубу.

Калі Якуб быў асуджаны на смерць, адзін з тых, што паклёпнічаў на яго Іраду, па імені Ёсія, бачачы мужнасць апостала, зразумеў яго нявінаватасць, спазнаў праўдзівасць боскага вучэння і паверыў у Хрыста. Ёсія мужна вызнаў сябе хрысціянінам, за што разам з Якубам быў асуджаны на смерць. Іх абодвух у адзін час прывялі да месца пакарання. Тады Ёсія звярнуўся да Якуба, молячы дараваць яму грэх, зроблены па няведанні. «Супакой табе», – сказаў Ёсіі апостал, абняўшы і пацалаваўшы. Пасля гэтага абодва яны схілілі галовы пад меч, і ў адзін час памерлі. Гэта здарылася ў 43 ці 44 годзе. Святы апостал Якуб першым з дванаццаці апосталаў прыняў мучаніцкую смерць за Евангелле.

Святы апякун Іспаніі

Як апостал Якуб Старэйшы стаў апекуном Іспаніі, калі загінуў мучаніцкай смерцю на Святой Зямлі?

Паводле падання, пасля мучаніцкай смерці апостала яго парэшткі паклалі ў лодку і пусцілі па моры. Цудоўным чынам гэтая лодка прыплыла ў Іспанію, дзе святы прапаведаваў раней, і была выкінутая на бераг у вусце ракі Улля (там, дзе з’явіцца пазней горад Санцьяга-дэ-Кампастэла). У 813 годзе манах-пустэльнік Пелайё, ідучы за нейкай пуцяводнай зоркай, выявіў каўчэг з парэшткамі, якія заставаліся нятленнымі.

У 896 – 899 гадах кароль Альфонс III выдаў загад, па якім на месцы, дзе знайшлі рэліквіі святога Якуба, павінны былі пабудаваць невялікі касцёл. Само месца назвалі Кампастэла (лац. Campus Stellae – месца, пазначанае зоркай).

Як апостал, што распачаў, паводле падання, падчас свайго служэння далёкае падарожжа са Святой Зямлі ў Іспанію, ён стаў лічыцца апекуном паломнікаў. Да XI стагоддзя паломніцтва ў Санцьяга-дэ-Кампастэла набыло статус другога па значнасці (пасля паломніцтва ў Святую Зямлю).

Святы Якуб лічыцца апекуном Іспаніі, вайскоўцаў і пілігрымаў.

У іканаграфіі святы Якуб паказваецца як старац моцнага целаскладу з доўгай барадой або ва ўборы паломніка. Яго атрыбуты: дарожная торба, кій паломніка, кніга, меч, і асабліва – ракавіна (ракушка), сімвал паломніцтва да Кампастэла.

У канцы XX стагоддзя традыцыя адрадзілася: для таго, каб атрымаць пасведчанне аб пройдзеным «шляху святога Якуба», паломнік павінен прайсці сто ці праехаць на ровары дзвесце кіламетраў. Па прыбыцці ў горад паломнік прад’яўляе ў саборы спецыяльны дакумент «credencial» (пашпарт пілігрыма, які дзейнічае яшчэ з часоў Сярэднявечча) з адзнакамі, зробленымі ў пунктах, якія знаходзяцца на шляху, пасля чаго атрымлівае напісаны на латыні «Сертыфікат Кампастэлы».

Дзевяць знакамітасцей, якія прайшлі шлях св. Якуба

Шлях св. Якуба – адзін з самых папулярных паломніцкіх маршрутаў у свеце. Штогод сотні тысяч чалавек адпраўляюцца ў падарожжа, каб знайсці Бога і зразумець сябе. Гэта ўнікальная з’ява, сёння Каміна з’яўляецца аб’ектам Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Сотні маршрутаў, якімі можна дайсці да гроба святога Якуба, ахінаюць Еўропу. Самым папулярным сярод паломнікаў ёсць так званы французскі шлях. Менавіта гэтым маршрутам у фільме “Шлях” (2010) ішоў Том Эверы, якога сыграў Марцін Шын.

Некаторыя знакамітасці таксама прайшлі Каміна. Запрашаем пазнаёміцца з імі.

Эндру Макарці

Макарці вядомы гледачам па фільме «Уікэнд у Берні». Каміна ён прайшоў у 2012 годзе і апісаў яго ў кнізе «Самы доўгі шлях дадому», якая паклала пачатак яго пісьменніцкай кар’еры.

 

 

Мэры Макеліс

Былая прэзідэнт Ірландыі (1997 – 2011). Яна вырушыла ў паломніцтва да гроба св. Якуба падчас свайго другога тэрміну на пасту кіраўніка дзяржавы. Усяго пераадолела 111 км. за тыдзень.

 

 

Джэна Буш

Дачка 43-га прэзідэнта ЗША Джорджа Буша, журналістка, вядоўца і пісьменніца. Яна прайшла Каміна ў 2004 годзе ў кампаніі сяброў.

 

 

 

Энтані Куін

Знакаміты акцёр не збіраўся здзяйсняць паломніцтва. На шлях св. Якуба яго прывяла прафесійная дзейнасць: Куін быў у складзе здымачнай групы фільма пра Каміна.

 

 

Святы Францішак Асізскі

Святы быў у паломніцтве ў Санцьяга два гады, з 1213 па 1215 гг. Адначасова яму ўдалося заснаваць некалькі манастыроў. Маршрут, якім прайшоў святы Францішак, цяпер вядомы як шлях св. Францішка.

 

 

Шырлі Маклайн

Шырлі Маклайн – яшчэ адна асоба, якая прадстаўляе Галівуд і якая прайшла шляхам св. Якуба. Яна распавяла пра свой досвед у кнізе «Шлях. Духоўнае падарожжа”. Адной з апошніх яе работ з’яўляецца роля маці Коры Кроўлі ў тэлесерыяле “Абацтва Даўнтан”.

 

 

Марцін Шын

Акцёр прайшоў Каміна ў 2009 годзе разам з сынам, таксама акцёрам Эміліа Эстэвесам. Пасля яны таксама сыгралі бацьку і сына ў фільме «Шлях». Эміліа напісаў сцэнарый для гэтага фільма, а таксама стаў яго прадзюсарам і рэжысёрам. Герой Марціна Шына едзе ў Іспанію, каб прывезці дадому цела свайго сына Данііла, які памёр падчас пілігрымкі да гроба св. Якуба. Бацька вырашае скончыць яго справу і адпраўляецца ў пілігрымку з прахам сына.

Ангела Меркель

Былы канцлер Германіі падчас дзяржаўнага візіту ў Іспанію таксама прайшла 6 км шляхам св. Якуба.

 

 

 

Стывен Хокінг

У 2008 годзе знакаміты Хокінг прыбыў у Санцьяга, каб атрымаць узнагароду ад мясцовага ўніверсітэта. Падчас візіту ён наведаў горад і пераадолеў кавалак шляху пілігрыма да гроба св. Якуба.

Падрыхтавала Вікторыя Арфеева

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі