І хаця гэты тытул ніколі афіцыйна не быў прысвоены яму Касцёлам, сведчанні з усяго свету паказваюць, што ён эфектыўна рэагуе на просьбы, якія звяртаюцца да яго, каб знайсці мужа.
Папа Рымскі жартуе на плошчы Святога Пятра
“Хочаш выйсці замуж? Маліся да святога Антонія Падуанскага». Папа Францішак даў гэтую параду, узятую з аргентынскай пабожнасці, старшакласніцам з горада, дзе гэты святы жыў у канцы свайго жыцця. І хоць яго просяць у асноўным знайсці згубленыя рэчы, як падкрэсліў Папа Францішак, ён таксама эфектыўна дапамагае знайсці добрага мужа.
«У Аргенціне святы Антоній вельмі ўшаноўваецца і з’яўляецца апекуном дзяўчат, якія шукаюць нарачонага», — сказаў Папа старшакласніцам, з якімі ён сустрэўся ў канцы адной са сваіх ватыканскіх аўдыенцый. — Калі ім дваццаць, просяць святога Антонія, каб жаніх з’явіўся, застаўся і забяспечыў іх. Калі ім спаўняецца трыццаць і яны ўсё яшчэ халастыя, яны зноў ідуць да святога Антонія і просяць, каб жаніх з’явіўся і застаўся. Святому Антонію яшчэ моляцца саракагадовыя, але ўжо просяць, каб толькі з’явіўся жаніх. У такім узросце трэба браць тое, што ёсць!»
Чаму святы Антоній з’яўляецца заступнікам у пошуках будучага мужа?
Святы Антоній — самы папулярны святы ў Італіі. Яго называюць Антоніем Падуанскім, хоць ён нарадзіўся ў Лісабоне і правёў у Падуі толькі апошні год свайго жыцця. Ён пражыў усяго 36 гадоў. Праславіўся як выдатны прапаведнік. У сваіх пропаведзях ён мала казаў пра шлюб, але ўжо ў сярэднія вякі праславіўся тым, што дапамагаў знайсці добрага мужа.
Усё пачалося з беднай дзяўчыны з Неапаля, бацькі якой не маглі дазволіць сабе падрыхтаваць пасаг для дачкі, што было абавязковым у тыя часы. У роспачы яна пачала маліць святога Антонія аб дапамозе. Легенда абвяшчае, што ён цудоўным чынам даў ёй запіску і загадаў пайсці з ёй да аднаго з неапалітанскіх гандляроў. У запісцы гаварылася, што купец аддасць дзяўчыне столькі срэбра, колькі важыць запіска. Купец, доўга не думаючы, пагадзіўся на просьбу, перакананы, што паперка нічога не важыць. Якое ж было яго здзіўленне, калі яму прыйшлося пакласці на шалі ажно 400 срэбранікаў, каб ураўнаважыць вагу паперкі. Тады ён успомніў, што абяцаў святому Антонію гэтыя 400 манет у абмен на дапамогу ў нейкай справе, але так і не даў іх яму. Пасля замужжа дзяўчыны, якой ён дапамагаў збіраць пасаг, яго празвалі «святым у сужанстве».
Святы Антоній дзейнічае. Часам вельмі адчувальна
І хоць гэты тытул ніколі не быў афіцыйна дадзены яму Касцёлам, сведчанні з усяго свету паказваюць, што ён эфектыўна рэагуе на просьбы знайсці мужа.
Адна гісторыя распавядае пра маладую італьянку, якая некалькі гадоў запар малілася, каб сустрэць свайго жаніха. Яна нават зрабіла дома алтар святога Антонія, запаліла свечкі і паклала кветкі каля маленькай статуі. Але ўсё было дарэмна. Жаніх не з’явіўся.
Раз’юшаная адсутнасцю адказу на свае малітвы, яна выкінула ў акно статуэтку святога Антонія, якая трапіла ў галаву чалавека, які праходзіў міма. Мужчына ўстаў, каб вярнуць статуэтку дзяўчыне, і… яны зажылі доўга і шчасліва.
Іншымі словамі: «Хочаш выйсці замуж? Маліся да святога Антонія Падуанскага».
Паводле pl.aleteia.org
Пераклад Марыны Сінкевіч