Святы Айцец правёў штогадовую сустрэчу з дыпламатамі

Папа падчас сустрэчы з дыпламатычным корпусам

10 студзеня 2020 года ў Ватыкане Святы Айцец правёў традыцыйную штогадовую сустрэчу з дыпламатычным корпусам, акрэдытаваным пры Апостальскай Сталіцы.

У пачатку прамовы Папа Францішак падзякаваў дыпламатам за прысутнасць, а таксама нагадаў, што мэта дыпламатыі заключаецца ў тым, каб “дапамагчы адкласці ў бок рознагалоссі, спрыяць згодзе і спазнаць, што пераадольваючы зыбучыя пяскі канфліктнасці, можам нанава адкрыць для сябе глыбокае адзінства рэальнасці”.

Вакцынацыя – найбольш рацыянальны спосаб прадухілення каронавіруса

Гаворачы пра сітуацыю, выкліканую пандэміяй каронавіруса, Францішак падкрэсліў важнасць вакцынацыі заўважаючы, што там, “дзе была праведзена эфектыўная вакцынацыйная кампанія, значна знізілася рызыка цяжкага цячэння хваробы”. Папа падкрэсліў, што “клопат пра здароўе з’яўляецца маральным абавязкам”, а таксама крытычна выказаўся пра ідэалагізаваны падыход да гэтага пытання, “які часта заснаваны на неабгрунтаваных або недастаткова задакументаваных фактах”.

Пандэмія падштурхоўвае нас да пэўнага роду “клопату пра рэальнасць”, для чаго неабходна глядзець у твар праблеме і прымаць належныя меры для яе вырашэння. “Вакцыны – гэта не магічныя інструменты аздараўлення, але яны безумоўна з’яўляюцца, разам з іншымі формамі тэрапіі, якія неабходна развіваць, найбольш рацыянальным рашэннем для прадухілення хваробы”, — дадаў ён.

Празрыстасць інфармацыі і рашучасць у барацьбе з COVID-19

Святы Айцец заклікаў да рашучасці ў прыняцці рашэнняў і празрыстасці інфармацыі ў кантэксце барацьбы з каронавірусам, недахоп якіх “стварае разгубленасць, нараджае недавер і пагражае грамадскаму міру, умацоўваючы напружанасць”. Гэта прыводзіць да “сацыяльнага рэлятывізму”, які раніць згоду і адзінства, — дадаў ён. Папа заклікаў міжнародную супольнасць да забеспячэння ўсеагульнага доступу да базавых медыцынскіх паслуг і вакцын.

Мігранты не могуць быць прыладамі палітычнага шантажу

Пантыфік нагадаў пра свае мінулагоднія Апостальскія падарожжы ў Венгрыю і Славакію, пра Дзень рэфлексіі і малітвы ў інтэнцыі Лівану. Папа падкрэсліў вялікае значэнне сустрэчы з мігрантамі на Кіпры і грэчаскім востраве Лесбас. Ён выказаў удзячнасць людзям і ўрадам краін, якія намагаюцца прынямаць і абароняць мігрантаў, а таксама заклікаў не быць абыякавымі перад абліччам гэтай міграцыйнай тпраблемы, не адгароджвацца мурамі і калючым дротам.

“На жаль, трэба таксама заўважыць, што мігранты часта ператвараюцца ў зброю палітычнага шантажу, пэўнага роду “разменную манету”, што пазбаўляе людзей годнасці”, — дадаў Пантыфік.

Папа падзякаваў ўладам Італіі за магчымасць прыняць некаторых мігрантаў, якія прыбылі разам з ім з падарожжа на Кіпр і ў Грэцыю. Ён заклікаў да ўзамаразумення ў Еўрапейскім Саюзе адносна сітуацыі з міграцыяй і барацьбы з наступствамі пандэміі.

Крызіс мультылатэралізму і ідэалагічная каланізацыя

Перад абліччам крызісаў, выкліканых міграцыяй, каранавірусам і клітаматычнымі зменамі Папа нагадаў, што “ніхто не ўратуецца ў адзіночку”. Ён заўважыў, што мультылатэральная дыпламатыя перажывае крызіс даверу, бо рашэнні часта прымаюцца без перамоў, у якіх голас маглі б мець усе.

Неэфектыўнасць многіх міжнародных арганізацый абумоўлена змяшчэннем акцэнтаў на ідэалагічныя пытанні, якія па сваёй прыводзе нясуць падзелы і не з’яўляюцца блізка звязанымі з заданнямі гэтых арганізацый. Пантыфік звярнуў увагу на “ідэалагічную каланізацыю”, якая не пакідае месца для свабоды слова і адмаўляе ўсялякую тоеснасць.

Шукаць супольныя рашэнні дзеля дабра ўсіх

Святы Айцец заклікаў шанаваць гістарычныя адрозненні і адчувальнасць народаў. Ён указаў на неабходнасць аб’яднання як адной вялікай сям’і, што, нягледзячы на розныя пункты гледжання, умее знаходзіць агульныя рашэнні дзеля дабра ўсіх. У гэтым кантэксце Папа падкрэсліў важнасць дыялогу і прызнання фундаментальных каштоўнасцей.

“Я асаблівым чынам хацеў бы нагадаць пра права на жыццё ад зачацця да натуральнай смерці і пра права на рэлігійную свабоду”, — падкрэсліў ён. Пантыфік заклікаў таксама да міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы абароны навакольнага асяроддзя.

Трывалыя рашэнні для Украіны і раззбраенне

Папа Францішак адзначыў важнасць дыялогу і братэрства для пераадолення сучасных крызісаў. Гаворачы пра канфлікты ў розных частках свету ён выказаў асаблівую заклапочаннасць напружанасцю на Блізкім Усходзе, а таксама распаўсюджанасцю так званых proxy war – войнаў, якія дзве краіны вядуць паміж сабой на тэрыторыі і рукамі трэціх дзяржаў, пад выглядам унутранага канфклікту ў іх.

Папа заахвоціў знайсці “прымальныя і трывалыя рашэнні” для сітуацыі ва Украіне і на Паўднёвым Каўказе, а таксама да прадухілення новых крызісаў на Балканах, асабліва ў Босніі і Герцагавіне. Святы Айцец заклікаў да раззбраення і адмаўлення ад ядзернай зброі, валоданне якой назваў “амаральным”.

Адукацыя і праца – прылады будавання дыялогу і братэрства

Пантыфік нагадаў свой заклік да ўсеагульнага забеспячэння людзей адукацыяй і працай, скіраваны ў пасланні на сёлетні Сусветны дзень міру, які адзначаўся ў Каталіцкім Касцёле 1 студзеня. Ён падкрэсліў, што гэтыя два элементы неад’емныя для будавання культуры дыялогу і братэрства.

“Мы не можам баяцца зрабіць месца для міру ў нашым жыцці, дбаць пра дыялог і братэрства паміж сабой. Мір – гэта дабро, якое “заражае”, выходзячы з сэрцаў тых, хто прагне яго і імкнецца жыць ім, дасягаючы ўсяго свету”, — сказаў Папа на заканчэнне свайго паслання да дыпламатычнага корпуса акрэдытаванага пры Апостальскай Сталіцы.

Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі