Святы Айцец пра «кавідныя» сітуацыі ў сваім жыцці

Ілюстрацыйнае фота

Папа распавёў пра сітуацыі са свайго жыцця, у якіх сутыкнуўся з цяжкасцямі падобнымі на тыя, якія многія людзі перажываюць цяпер у сувязі з пандэміяй каранавіруса.

Успаміны Святога Айца былі змешчаны ў новай кнізе «Вернемся да мар» (Ritorniamo a sognare). Яна была напісана Папам Францішкам сумесна з брытанскім журналістам Остынам Айвэры і з’явіцца на паліцах італьянскіх кнігарняў у снежні. 23 лістапада 2020 г. урывак з кнігі апублікавала “La Repubblica”.

«У маім жыцці было тры “кавідныя” сітуацыі: хвароба, Германія і Кардоба», — прызнаўся Папа. Ён нагадаў, што ў маладым узросце цяжка захварэў і знаходзіўся паміж жыццём і смерцю. Яму выдалілі частку лёгкага. «Я ведаю на ўласным досведзе, што адчуваюць хворыя з каронавірусам, якія змагаюцца за тое, каб дыхаць, падключаныя да апарату штучнай вентыляцыі лёгкіх», — сказаў Пантыфік.

Папа Францішак падзяліўся ўспамінамі пра двух медсясцёр, дзякуючы якім застаўся жывы. Адна з іх мела велізарны досвед. Яна заўважыла, што прадпісаных урачом лекаў не хапае і стан хворага юнака пагаршаецца, таму распарадзілася падвоіць дозу. “Сястра Карнэлія Каральё ўратавала маё жыццё. Дзякуючы пастаяннаму кантакту з хворымі, яна лепш за ўрача ведала, што трэба пацыентам, мела адвагу выкарыстаць свой досвед”, — прызнаўся Папа.

Пантыфік заўважыў, што медсёстры змагаліся за яго жыццё да канца і навучылі яго «выкарыстоўваць веды і ўмець выходзіць за рамкі, каб адказваць на асаблівыя патрэбы».

Святы Айцец прызнаўся, што хвароба навучыла яго пазбягаць сентыментальных форм суцяшэння. Ён заўважыў, што многія людзі прыходзілі да яго ў шпіталь і, выказваючы шкадаванне, запэўнівалі ў тым, што “ўсё будзе добра”. Такія словы, нягледзячы на добрыя намеры, ніколі не натхнялі яго. Наадварот было з жэстам манахіні, якая рыхтавала яго да Першай св. Камуніі. Яна проста ўзяла яго за руку, пацалавала і сказала: “Ты наследуеш Езуса”.

«Не было патрэбы ў тым, каб казаць нешта яшчэ. Яе прысутнасць, яе маўчанне, адарылі мяне глыбокім суцяшэннем. Пасля гэтага досведу я прыняў рашэнне казаць як мага менш, калі адведваю хворых. Я абмяжоўваюся тым, што бяру іх за руку», — патлумачыў Папа.

Іншай “кавіднай” сітуацыяй Папа Францішак назваў сваё прабыванне ў Германіі, куды ён накіраваўся для вучобы. Пантыфік прызнаўся, што там адчуваў сябе вельмі самотным, не меў побач людзей, з якімі мог бы падзяліцца радасцямі. Але, нягледзячы на гэта, навучыўся цаніць тое месца, якое пакідаў.

Паводле Папы, “вырыванне з коранем” можа стаць перыядам аздараўлення і радыкальнай перамены. Так ён перажыў амаль двухгадовае прабыванне ў езуіцкім цэнтры ў Кардобе, якое ён параўнаў з каранцінам. У гэты час кс. Берголіа практычна не меў магчымасці пакідаць кляштару, займаўся спавяданнем і духоўным кіраўніцтвам, шмат маліўся, чытаў і пісаў. Менавіта тады ён прачытаў шматтомную “Гісторыі Пантыфікаў” Людвіга Пастара. Таму цяпер не здзіўляецца таму, што адбываецца ў Рымскай курыі і сучасным Касцёле.

Святы Айцец заўважыў, што з гэтых жыццёвых гісторый навучыўся многаму. Яны былі балючымі, але паказалі, што адкрытасць да змен дапамагае выйсці з крызісу лепшым.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі