“Святарства пачынаецца з глыбокіх адносін з Богам”: дзень засяроджання для святароў прайшоў у Гродзенскай дыяцэзіі

12 сакавіка адбыўся дзень засяроджання для святароў, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі. Сустрэча прайшла ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, яе ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Гэты дзень засяроджання быў другім у межах сёлетняга Вялікага посту.

У праграме была канферэнцыя “Вернасць святарскай ідэнтычнасці – фундамент добрай будучыні Касцёла”, з якой выступіў біскупскі вікарый па справах агульнага душпастырства ў Лідскім рэгіёне кс. канонік Віталій Сідорка. Разважанні ксяндза Віталія засноўваліся на рэтраспектыўным аналізе некаторых гістарычных крыніц касцёльнага магістэрыума; выкарыстоўваліся некаторыя лакальныя крыніцы касцёльнага вучэння, якія, як было адзначана, не страцілі свежасці і актуальнасці.

Аналізаваліся выбраныя пастановы Сіноду Віленскай архідыяцэзіі 1931 года, што дазволіла прынамсі часткова пазнаёміцца са знешнім і ўнутраным воблікам віленскага святара тых часоў і тым, як і чым ён павінен быў жыць. Узгадвалася, што статуты гэтага сіноду заклікалі святароў мець моцную, ясную веру, любоў да Бога і бліжняга, якая праяўляецца ў іх учынках, надзею на Бога і давер Яму, адзначацца кардынальнымі цнотамі, пакорай, чысцінёй, духам малітвы, клопатам пра душы, любоўю да самотнасці, утаймоўваннем пачуццяў, любоўю да працы, лагоднасцю, пакорлівасцю, шчодрасцю, адмовай ад матэрыяльных даброт, любоўю да дзяржавы. Ксёндз Віталій нагадаў, што паводле вучэння Касцёла святар павінен узрастаць у дасканаласці і святасці, імкнуцца штодзённа развівацца ў цноце, арганізоўваючы сваё жыццё паводле правіл здаровай аскезы.

Кульмінацыяй дня засяроджання была святая Імша, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі ў інтэнцыі ўсяго духавенства дыяцэзіі.

У гаміліі біскуп нагадаў, што святарскае служэнне “пачынаецца не з дзейнасці, не з арганізацыйных здольнасцяў і нават не з плённай пастырскай працы, а з глыбокага і жывога слухання Бога”. “Існуе небяспека, якая асабліва датычыць нас, святароў: мы можам шмат гаварыць пра Бога, шмат абвяшчаць Ягонае слова, шмат навучаць іншых, але паступова губляць уласную здольнасць слухаць. Таму Вялікі пост становіцца для нас часам, калі мы павінны зноў адкрыць у сваім жыцці маўчанне перад Богам, маўчанне, у якім сэрца становіцца здольным пачуць Ягоны голас”, – сказаў іерарх.

“Пост – час, калі Бог зноў заклікае нас, святароў, вярнуцца да вытокаў, да той першай любові, якая была ў сэрцы кожнага з нас у дзень нашага паклікання, – адзначыў біскуп. – Тут мы нанова адкрываем, што нашае святарства пачынаецца не з дзейнасці, не са шматлікіх абавязкаў, а з глыбокіх адносін з Богам”.

Разважаючы над літургічнымі чытаннямі гэтага дня, іерарх звярнуў увагу на сэнс слова “сёння”: “Бог заўсёды гаворыць у сённяшнім дні. Ён звяртаецца сёння да свайго народа. Ён звяртаецца сёння да Касцёла. Ён звяртаецца сёння да святароў. І таму Вялікі пост – не проста ўспамін пра нейкія падзеі мінулага, а час ласкі, які адбываецца сёння, час, калі Бог зноў стукае ў дзверы чалавечага сэрца”.

Словы Езуса Хрыста “хто не са Мною, той супраць Мяне”, на думку біскупа, “не пакідаюць месца для нейтральнасці”: “Святар не можа быць чалавекам духоўнай абыякавасці. Святар пакліканы быць чалавекам, які стаіць на баку Хрыста і разам з Ім збірае Божы народ. Святар пакліканы супрацоўнічаць з Хрыстом у справе збаўлення людзей. Але каб гэта было магчымым, ён павінен дазволіць Хрысту панаваць у сваім сэрцы. Бо толькі тады, калі святар жыве глыбокім адзінствам з Хрыстом, яго служэнне становіцца сапраўдным знакам Божай прысутнасці ў свеце”.

Кажучы пра паняцце “сінадальнасць”, біскуп заўважыў, што гэта “вяртанне да самай сутнасці Касцёла”: “Слова “сінод” азначае “ісці разам”. Касцёл – гэта не супольнасць людзей, якія ідуць кожны сваёй дарогай; гэта народ Божы, які ідзе разам”. “Слухаць – гэта дазволіць іншаму чалавеку гаварыць. Гэта быць гатовым прызнаць, што Бог можа звяртацца да нас таксама праз іншых, – сказаў іерарх. – І менавіта таму сінадальнасць заклікае нас, святароў, да асаблівай духоўнай паставы – пакоры сэрца. Бо толькі пакорнае сэрца здольнае слухаць. Адной з сур’ёзных перашкод на гэтым шляху з’яўляецца тое, што Папа Францішак называе клерыкалізмам. Гэта спакуса думаць, што святар у Касцёле ведае ўсё лепш за іншых і не павінен слухаць. Калі святар пачынае думаць, што ён стаіць над супольнасцю, замест таго, каб служыць ёй. Але сапраўдная логіка Евангелля зусім іншая. Хрыстус кажа: “Хто хоча быць першым, няхай будзе слугою ўсіх”.

“Касцёл не з’яўляецца супольнасцю, у якой адны гавораць, а іншыя толькі слухаюць. Гэта народ Божы, у якім кожны ахрышчаны мае сваю годнасць і сваё пакліканне, – дадаў біскуп. – Менавіта таму сінадальнасць заклікае нас, святароў, уважліва слухаць людзей, якіх Бог даверыў нашай пастырскай апецы. Але адначасова яна заклікае і свецкіх вернікаў да адвагі свабодна і шчыра выказваць свае думкі, свой досвед веры, свае пытанні і нават свае цяжкасці”.

Біскуп пажадаў святарам, каб пост дапамог ім зноў адкрыць прыгажосць свайго паклікання і навучыў іх слухаць – “Бога, Касцёл і людзей”.

У канцы сустрэчы адбыўся супольны абед, таксама былі абмеркаваны актуальныя справы, у тым ліку набліжэнне 35-й гадавіны існавання дыяцэзіі.

Grodnensis.by

для друку для друку