Даследаванне ў Злучаных Штатах Амерыкі выяўляе новы партрэт каталіцкага духавенства: гэта людзі з прафесійным досведам, якія прыходзяць да алтара пасля доўгага шляху ўнутранай сталасці.
Сучаснае пакаленне каталіцкіх святароў у Злучаных Штатах Амерыкі дэманструе прыкметную тэндэнцыю да інтэлектуальнай і жыццёвай сталасці.
Паводле вынікаў апошняга апытання, праведзенага Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Злучаных Штатаў Амерыкі сумесна з Цэнтрам даследаванняў апостальскай дзейнасці пры Джорджтаўнскім універсітэце (CARA), сярэдні ўзрост прыняцця святарскага пасвячэння сёння складае 33 гады. Гэта сведчыць аб тым, што шлях да алтара становіцца больш свядомым і працяглым.
Шлях да пасвячэння займае ў сярэднім 17 гадоў ад моманту першай думкі пра жаданне служыць Богу і людзям.
Як паведамляе каталіцкае агенцтва «Zenit», большасць кандыдатаў – а гэта 81 працэнт – рыхтуюцца да служэння ў якасці дыяцэзіяльных святароў. Цікава, што першыя думкі пра мажлівасць стаць святаром з’яўляюцца ў маладых людзей прыкладна ў 16 гадоў, аднак да рэалізацыі гэтага намеру праходзіць амаль два дзесяцігоддзі. Гэты працэс пацвярджае, што пакліканне даспявае паступова, праз асабістую фармацыю і жыццёвыя выпрабаванні.
Сацыяльны партрэт амерыканскіх семінарыстаў становіцца ўсё больш мазаічным. Хоць 62 працэнта апытаных з’яўляюцца белымі, кожны трэці будучы святар нарадзіўся за межамі краіны. Найбольш часта новыя пакліканні прыходзяць з В’етнама, Мексікі і Калумбіі. Многія з гэтых людзей пераехалі ў Злучаныя Штаты Амерыкі ва ўзросце каля 22 гадоў і на працягу доўгага часу інтэграваліся ў мясцовае грамадства яшчэ да паступлення ў семінарыю.
Больш за 60 працэнтаў будучых душпастыраў маюць дыпломы свецкіх вышэйшых навучальных устаноў.
Адукацыйны ўзровень кандыдатаў уражвае: многія маюць вышэйшую адукацыю, атрыманую часта ў такіх галінах, як інжынерыя ці бізнес. Пры гэтым 64 працэнта неапрэзбітэраў паспелі папрацаваць па спецыяльнасці да таго, як пачалі непасрэдную падрыхтоўку да пасвячэння. Гэты прафесійны досвед становіцца трывалым падмуркам для будучай душпастырскай працы, дапамагаючы лепш разумець штодзённыя клопаты вернікаў.
Фундаментальную ролю ў развіцці пакліканняў працягвае адыгрываць сям’я і парафіяльнае асяроддзе. Пераважная большасць будучых святароў – 86 працэнтаў – выхаваліся ў каталіцкіх сем’ях і былі ахрышчаны яшчэ ў маленстве. Наяўнасць у родзе святара або манаскай асобы, што назіраецца ў 28 працэнтах выпадкаў, таксама станоўча ўплывае на выбар духоўнага шляху.
Папа Леў XIV неаднаразова нагадваў, што менавіта здаровае сямейнае асяроддзе з’яўляецца глебай для будучых пастыраў.
Важнай падтрымкай становіцца і атачэнне: 92 працэнта апытаных адзначылі, што атрымлівалі заахвочванне ад святароў і блізкіх. Тым не менш, шлях да паклікання патрабуе ўнутранай моцы, бо 41 працэнт кандыдатаў сутыкаўся са спробамі адгаварыць іх ад выбару такога служэння.
У духоўным жыцці будучых святароў да семінарыі панавалі традыцыйныя формы пабожнасці: 81 працэнт рэгулярна ўдзельнічаў у адарацыі, а 79 працэнтаў верна трымаліся малітвы на Ружанцы.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
