Сёння ў нашай моўнай рубрыцы мы крыху пагаворым пра словы, якія ўжываюцца для абазначэння ўсяго, што звязанае так ці інакш са смеццем. Пра гэта просіць, у прыватнасці, наша пастаянная чытачка спадарыня Галіна К. з Мінска. “Мы кожны дзень бачым, як дворнікі наводзяць парадак каля нашых дамоў, прыбіраюць смецце. Потым прыязджае спецыяльная машына і адвозіць усё. І вось падумалася: а як пра гэтыя працэсы расказаць па-беларуску? Напэўна ж, у нашай мове ёсць свае словы, якімі можна апісаць і людзей, і тэхніку…”
Прызнаемся са свайго боку, што прапанова нашай чытачкі здалася нам крыху нечаканай. Нават узніклі спачатку сумненні, ці варта прысвячаць адмысловы матэрыял гэтай тэме. Але, правёўшы невялікі лінгвістычны эксперымент, апытаўшы з дзясятак знаёмых, мы пераканаліся, што праблема насамрэч ёсць, бо і тыя людзі, якія імкнуцца пашыраць свае веды ў беларускай мове, стараюцца як найчасцей размаўляць па-беларуску, не заўсёды могуць прыгадаць патрэбныя словы, звязаныя з азначанай вышэй тэмай. Таму паспрабуем яе крыху асвятліць.
Несумненна, у беларускай літаратурнай мове ёсць слова смецце. Асноўнае значэнне – “дробныя адкіды, рэшткі чаго-небудзь, якія збіраюцца ў дамах, на двары, якія забруджваюць што-небудзь (Праз шчыліны ў акне цягне гарам: у агародзе маці паліць смецце і сухі бульбоўнік. Іван Пташнікаў). А яшчэ слова смецце мае і пераноснае значэнне: што-небудзь мізэрнае, нязначнае, нікчэмнае (І сапраўды, акінуўшы вокам удзельнікаў нарады, можна было ўпэўнена сказаць, што сярод прысутных смецця не было. Мікола Хведаровіч). Ужываецца ў нашай мове і прыметнік смеццевы, напрыклад, смеццевая яма (З усёй вёскі звазілі сюды падводамі розную драбязу, і ў смеццевай яме ўжо не было месца. Мікола Хведаровіч).
Чалавек, які займаецца збіраннем смецця, – гэта смяцяр (Гарадскі смяцяр на параконным возе кожнай раніцы пад’язджаў да лагернай брамы браць двух палонных. Янка Брыль). Дарэчы, выкарыстоўваецца, хоць і значна радзей, згаданы назоўнік і ў жаночым родзе – смяцярка (Ніякай працы не было, і Наталля ўладкавалася простай смяцяркай. Уладзімір Кавалёў).
Машына, якая вывозіць смецце, – смеццявоз (Праблема з кіроўцамі ёсць. Мала хто хоча працаваць, напрыклад, на смеццявозах. “Звязда”). Смеццявоз, у сваю чаргу, вывозіць смецце на сметнік – месца, куды выкідаюць непрыгоднае, непатрэбнае (Венікам мялі датуль, пакуль можна было месці. Тады ўсё выкінулі на сметнік. Барыс Сачанка). Дарэчы, назоўнік сметнік уваходзіць у шэраг устойлівых спалучэнняў: на сметнік гісторыі – пра што-небудзь аджылае, састарэлае, нікому не патрэбнае (Магутнай бурай рэвалюцыі змецены былі на сметнік гісторыі троны і кароны. Антон Бялевіч); выкінуць грошы на сметнік – змарнаваць, дарэмна патраціць (– Мы выкінулі нашы грошы на сметнік і вінавацім людзей, што яны не ўмеюць гаспадарыць. Ян Скрыган); капацца (корпацца) у сметніку – займацца разборам якой-небудзь непрыемнай справы (Гарбач выразна адчуў нейкую каверзу, але не бачыў патрэбы корпацца ў сметніку. Рыгор Мурашка).
Заўважым таксама, што яшчэ ў мове выкарыстоўваюцца назоўнікі сметніца – скрынка для смецця – і смеццеправод – канал з адтулінамі на кожным паверсе шматпавярховага дома для скідвання смецця (Антон зацірае цыгарэту, кідае яе ў сметніцу і таксама вылятае ў калідор. Валянцін Мыслівец; Кватэры тут з усімі выгодамі. Ліфт, смеццеправод… “Вожык”).
Такім чынам, вышэй мы згадалі, бадай, усе словы, што з’яўляюцца аднакаранёвымі з назоўнікам смецце, якія ўжываюцца пры апісанні адпаведнай з’явы, усяго, што звязана так ці інакш са смеццем. А каб лепш запомніць усе падобныя беларускія лексемы, можна скласці, напрыклад, наступны сказ: Смяцяр сабраў смецце, потым прыехаў смеццявоз і адвёз смецце на сметнік.
Спадзяёмся, што прапанаваны матэрыял дазволіць нашым чытачам пашырыць свой лексічны запас, а таксама дасць магчымасць распавядаць на прыгожай беларускай мове ў тым ліку і пра будзённыя, звыклыя справы.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!