Сястра Дарота Врубель: “Я шчаслівая!”. Уражанні манахіні ад 25 гадоў манаскага жыцця

Я – сястра Дарота Врубель, цяпер мне 46 гадоў. У дваццацігадовым узросце я пайшла ў манастыр. Нарадзілася ў Польшчы ў невялікім пасёлку Хожэля, вельмі падобным да Шуміліна, дзе цяпер працую. 

– Калі Вы прыйшлі да сталай веры?

– З дзяцінства я расла ў веры, якую закладвала пераважна мая маці. Яе прыклад асабліва паўплываў на фармаванне маёй веры ў дзяцінстве. Але больш стала, больш разумна верыць я пачала, калі мне было гадоў 15. Тады Бог стаў для мяне бліжэй, чым у дзяцінстве. Гэта не было звязана з нейкай падзеяй ці справай. Я проста расла, паступова змянялася, і мая вера таксама развівалася са мной.

– Якія планы на жыццё ў Вас былі да таго, як Вы пайшлі ў манастыр?

– Калі я скончыла школу, то не магла вырашыць, куды паступаць далей, які напрамак выбраць, таму вырашыла ўзяць перапынак на год, каб падумаць і адпачыць. Мой старэйшы брат у той час працаваў у манастыры ў Варшаве будаўніком. Аднойчы ён запрасіў мяне паехаць з ім. Я згадзілася, бо хацела паглядзець, як людзі жывуць у сталіцы, прыглядзецца да навучальных устаноў, каб выбраць прафесійны напрамак. Думала, можа буду прадаўцом ці выберу нешта, звязанае з музыкай. Тады я дакладна ведала, што надоўга ў манастыры не застануся.

– Як Вы пачулі, што Бог кліча Вас да манаскага жыцця?

– Я ніколі не хацела быць манахіняй. Ведаю, што некаторыя дзяўчыны ў касцёле з калыскі мараць пра гэта. Са мной так не было. Нават калі маці казала мне апрануць спадніцу, а я любіла хадзіць у штанах, я ёй адказвала: “Я што, манахіня, каб хадзіць у спадніцы?» Я ставілася да такога жыцця вельмі асцярожна. Калі мой брат пайшоў у семінарыю, я падумала: “Што ён сабе выдумвае: не будзе ні дзяцей, ні сям’і…” Але тады мяне вельмі зацікавіла, чаму ён гэтага хоча.

З дзяцінства і да 20 гадоў я не мела ніякіх кантактаў з манахінямі, таму ў мяне былі вельмі абстрактныя ўяўленні пра манаскае жыццё. Я думала, яны там цэлы дзень толькі моляцца, спяць у трунах. Калі я прыехала ў манастыр у Варшаве, мяне вельмі здзівіла, што гэта не так. Яны аказаліся нармальнымі жанчынамі. Там я дапамагала старэйшым сёстрам, якія ўжо не маглі з-за ўзросту самастойна паклапаціцца пра сябе. Я іх карміла, прыбірала і г.д. Гэтыя старэнькія ставіліся да мяне як бабулі да ўнучкі. Пасля ўсяго ўяўленне пра законнае жыццё ў мяне змянілася.

Праз некаторы час у мяне сталі ўзнікаць думкі: “А можа, і я магла б быць такой, як яны…“. Спачатку гэтыя думкі я пастаянна адкідвала, але яны зноў і зноў вярталіся і напаўнялі мяне спакоем. Таму праз паўгода, калі я паехала дадому на адпачынак, я ўжо была амаль упэўненая, што пайду ў манастыр, і пачала намякаць пра гэта сваёй маці, каб паглядзець на яе рэакцыю.

Наступным летам я далучылася да кандыдатак. Калі я гэта зрабіла, адчула сябе самым шчаслівым чалавекам.

– Як адрэагавалі родныя на Вашае жаданне пайсці ў кляштар?

– Больш за ўсіх перажываў тата, ён быў вельмі незадаволены, казаў: “Усе твае сяброўкі ўжо замуж павыходзілі, а ты будзеш адна?” Ён так казаў, бо не да канца разумеў, чаму я іду туды, да таго ж ён не разумеў, як я там буду жыць, хваляваўся, што не змагу прыязджаць. Мне здаецца, ён нешта зразумеў толькі пад канец жыцця, калі я яго даглядала. Мама таксама хвалявалася, плакала, але потым была за мяне шчаслівая. Я думала, брат, які быў клерыкам, парадуецца, што я так вырашыла, а ён толькі з недаверам сказаў: “Падумай, гэта на ўсё жыццё…” Іншы мой брат таксама вельмі перажываў, думаў, што я звар’яцела, яшчэ не ведаю жыцця і ўжо ўсё вырашыла. Думаў, не вытрымаю там, праз год вярнуся. Але я не вярнулася.

– Ці былі ў Вас сумненні?

– Зараз я вельмі здзіўленая, не ведаю, ці павінна так быць, але сумненняў у мяне не было. За ўсе 25 гадоў ніколі не шкадавала, што пайшла ў манастыр. Я шчаслівая. Калі я ўжо бачыла, што пайду ў кляштар, то ведала, што гэтае жаданне паходзіць не ад мяне, а ад Бога, бо я ніколі не хацела быць манахіняй. Таму я заўсёды вяртаюся да таго дня, калі адчула, што гэта Бог кліча мяне. І гэта вельмі моцнае пачуццё, я нават не ведаю як яго апісаць.

– Ці не цяжка жыць у супольнасці?

– Я люблю людзей, люблю размаўляць з людзьмі, мне цікава, што там у іх адбываецца, таму супольнасць для мяне ніколі не была праблемай. 17 гадоў я жыла ў вялікім доме ў Варшаве, там у нас было сто сясцёр. Я не адчувала, што для мяне ёсць праблема знаходзіцца ў вялікай ці малой, як тут, у Шуміліне, супольнасці. Я адчуваю, што тут – маё месца. Канешне, праблем не было не ў тым сэнсе, што тут усё ідэальна, бывае па-рознаму. Але калі нешта здараецца, мы пагаворым і становіцца лепш. Я лічу, што гэта нармальна.

– Як Вы трапілі ў Шуміліна?

– Сястра, з якой мы разам вучыліся на медсясцёр, была з Беларусі. Заўсёды, калі яна прыязджала на нашы фармацыйныя сустрэчы, казала мне: “А можа, ты б прыехала да нас у Беларусь?” Мне і сапраўды хацелася паглядзець, як там… Гэта доўжылася даволі шмат гадоў. За гэты час я скончыла вучобу, іншую вучобу, потым дапамагала навіцыянткам.* Так сталася, што ў 2014 годзе новых пакліканняў не было, і мая настаяцельніца з Варшавы запытала ў мяне, ці хацела б я паехаць у Беларусь, таму што дзве сястры ў той момант выязджалі на вучобу ў Польшчу і не было каму іх замяніць. Я пагадзілася. Ужо дзевяць гадоў я знаходжуся ў Беларусі, у Шуміліне. Я тут вельмі шчаслівая, таму што тая справа, якую я тут раблю, вельмі падыходзіць пад наш харызмат.

– Чым Вы займаецеся?

– Я прыходжу да бедных, ляжачых, да тых, якія самі ўжо не могуць пра сябе паклапаціцца, і дапамагаю ім як медсястра. Спаўняю тое, што хацеў рабіць святы Вінцэнт, наш заснавальнік. Шарыткі былі заснаваныя, каб дапамагаць бедным. Першыя сёстры таксама хадзілі па дамах. Тут я раблю тое самае. Таксама я дапамагаю пры касцёле, калі сёстры ад’язджаюць, дапамагаю праводзіць «Канікулы з Богам» для дзяцей. Канешне, у мяне ёсць свае першасныя задачы – даглядаць бедных, старых, ляжачых, але, калі трэба дапамагчы сёстрам, то я дапамагаю.

– Вашаму пакліканню не так даўно было 25 гадоў. Як гэта адчуваецца?

– Я шчаслівая. Сёстры кажуць: “О, як Вы доўга жывяце… 25 гадоў вытрымаць у манастыры…”, – жартуюць яны. Раней здавалася, што 25 гадоў – гэта так многа, а я і не заўважыла, як яны мінулі. Быццам адна хвілінка.

Гутарыла Лаліта Арлоўская

*Навіцыянткі – кандыдаткі да манаскага жыцця, якія праходзяць падрыхтоўчы год у навіцыяце.

для друку для друку