Сінод біскупаў у Рыме: якія рашэнні ён (не) прыняў

29 кастрычніка ў Рыме завяршылася першая з дзвюх сесіяў XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў. На думку шэрагу назіральнікаў, гэты Сінод з’яўляецца кульмінацыяй пантыфікату Папы Францішка і ледзь не самай важнай падзеяй у Касцёле з часоў Другога Ватыканскага Сабору. Разбіраемся, што канкрэтна вырашалі на Сінодзе.

Сінод Біскупаў быў заснаваны ў 1965 годзе з ініцыятывы Папы Паўла VI як пастаянная рада біскупаў. Эвалюцыя Сінода ішла паралельна з паступовым засваеннем рашэнняў Другога Ватыканскага Сабора. Важнай вяхой у яго змяненні стала Апостальская Канстытуцыя Episcopalis communio Папы Францішка за 2018 год. У ёй Сінод быў акрэслены не як сход біскупаў для вырашэння канкрэтнага пытання, а як працэс, у каторым пакліканы браць удзел увесь Касцёл. Менавіта ў такім ключы з 2021 па 2024 гады праходзіць Сінод на тэму сінадальнасці.

Падчас падрыхтоўкі Сінода ўсім католікам свету прапанавалі вызначыць галіны, якім Касцёл павінен надаваць больш увагі і праніклівасці. Гэтыя меркаванні (у Беларусі ў выглядзе анкетаў) былі сабраныя і абагульненыя дыяцэзіямі ды біскупскімі канферэнцыямі, пасля чаго іх перадалі на кантынентальны ўзровень. Вынікі дадзенага этапу аддалі ў Ватыкан, дзе яны ляглі ў аснову працоўнага дакумента для першай сесіі Звычайнай Асамблеі. Аўтары апісваюць яго як «дакумент не Апостальскай Сталіцы, а ўсяго Касцёла». Праўда, рэальная колькасць удзельнікаў сінадальнага працэсу далёкая ад усеагульнай.

Гэтак, у ЗША ў ім узялі ўдзел толькі каля 700 000 чалавек, або крыху больш за 1% мясцовых католікаў.

Апошнім этапам працэсу з’яўляецца XVI Звычайная Асамблея Сінода Біскупаў, падзеленая на дзве сесіі: першая прайшла сёлета з 4 па 29 кастрычніка, а другая запланавана на кастрычнік 2024-га. Як заяўляецца, зроблена гэта, каб больш глыбока вывучыць пытанні і пры неабходнасці нанава звярнуцца да Божага народа.

З 450 дэлегатаў Сінода толькі тры чвэрці з’яўляюцца біскупамі. Рэшту ўпершыню складаюць святары, дыяканы, законнікі і свецкія. 363 дэлегаты маюць права голасу, у тым ліку яго ўпершыню атрымалі некансэкраваныя вернікі, а колькасць жанчын з правам голасу роўная колькасці кардыналаў. Таксама ўпершыню еўрапейцы перасталі быць большасцю на Сінодзе. Як заявіў кардынал Крыстоф Шонбарн, «Еўропа больш не з’яўляецца цэнтрам Паўсюднага Касцёла», што «таксама змяняе змест і клімат Сінода».

Праблемы і выклікі

На адкрыцці сесіі 4 кастрычніка Папа назваў мэтай Сінода «вяртанне да крыніцы, якой ёсць Езус, і на шлях Духа, каб дасягнуць усіх з Яго Евангеллем». Паводле яго, дэлегаты сабраліся не дзеля «чалавечых стратэгій, палітычных разлікаў ці ідэалагічных баталій» і не для «парламенцкага пасяджэння» ці абмеркавання «плану рэформ», але «каб разам ісці пад позіркам Езуса, Які бласлаўляе Айца і прымае спрацаваных і абцяжараных». Першым заданнем Сінода Папа назваў «перанакіраваць наш позірк на Бога, каб быць Касцёлам, каторы з міласэрнасцю глядзіць на чалавецтва. Касцёлам з’яднаным і братэрскім, які слухае і вядзе дыялог. Касцёлам, што бласлаўляе і падтрымлівае, які дапамагае тым, хто шукае Пана, які дабратворна ўзрушвае абыякавых, які дае пачатак шляхам, каб увесці людзей у прыгажосць веры. Касцёлам, у цэнтры якога знаходзіцца Бог, і каторы па гэтай прычыне не дзеліцца ўсярэдзіне і ніколі не бывае суровым знешне».

Папа Францішак папярэдзіў пра небяспеку «быцця закамянелым Касцёлам, які ўзбройваецца супраць свету і глядзіць назад; быцця прахалодным Касцёлам, які паддаецца модам свету; быцця стомленым Касцёлам, засяроджаным на самім сябе». Таксама ён заклікаў дэлегатаў не засмучаць Святога Духа «пустаслоўем і балбатнёй, шырока распаўсюджанай хваробай у Касцёле».

Раней Святы Айцец прызнаваў пэўныя рызыкі Сінода. Гэта і фармалізм, калі рэальнае абмеркаванне можа звесціся да імітацыі і пустых размоваў, адарваных ад рэальнага жыцця.

І спакуса пакінуць усё так, як ёсць, ці выкарыстоўваць старыя рашэнні для новых праблемаў. З іншага боку, існуе пагроза скаціцца ў «чысты парламентарызм» і «касцельны папулізм».

Адным з самых гучных выклікаў стаў сінадальны працэс з Нямеччыны, дзе выступілі за шлюб святароў, жаночае святарства і за тое, каб перастаць лічыць грахоўным сэкс у аднаполых адносінах. Гэта нават спрычынілася да магчымасці расколу з Ватыканам.

Перад пачаткам першай сінадальнай сесіі генеральны дакладчык Сінода кардынал Жан-Клод Олерыш перасцярог ад занадта вялікіх чаканняў ад яе. Паводле яго, ключавыя для Нямеччыны пытанні ў іншых краінах «менш пажаданыя». Ён адзначыў, што «Касцёл павінен будзе знайсці адказы на гэтыя пытанні. Але не ўсё падчас гэтага пасяджэння».

Генеральны сакратар Сінода кардынал Марыё Грэк заўважыў, што «сёння Касцёл знаходзіцца на раздарожжы», а выклік, каторы стаіць перад ім, не мае «тэалагічнай ці эклезіялагічнай прыроды», а датычыць таго, «як у гэты гістарычны момант гісторыі Касцёла ён можа стаць знакам і прыладай любові Бога да кожнага чалавека».

У сваю чаргу кардынал Блэйз Супіч з Чыкага заклікаў католікаў не верыць у тое, што сход можа «радыкальна змяніць вучэнне і практыку Касцёла». А французскі біскуп Мацье Ружэ нават параіў не надаваць Сіноду залішняй важнасці, бо «асноватворнымі ў жыцці Касцёла з’яўляюцца смерць і ўваскрасенне Хрыста, а таксама дасягненні вялікіх экуменічных сабораў, якія структуравалі гісторыю абвяшчэння веры, і, несумненна, сведчанне святых».

Кардынал Шонбарн параўнаў Сінод з апостальскімі часамі, калі перад абліччам новых пытанняў вучням Хрыста было неабходна выслухаць розныя досведы і распазнаць правільнае рашэнне з увагай да таго, што кажа Святы Дух. На яго думку, сінадальнасць у жыцці Касцёла звязана з пошукам аднадушнасці, але не ў сэнсе аднолькавага галасавання, як пры дыктатурах, але ў прагненні еднасці, у слуханні Святога Духа пры пошуку праўды і дабра, што вядзе да аднадушнасці. Ён таксама заклікаў не забываць, што Сінод – гэта толькі дарадчы орган.

Апеляваў да Святога Духа і кардынал Олерыш, які заклікаў удзельнікаў адкрыць свае сэрцы, каб «Бог Айцец праз Святога Духа прывёў нас у камунію з укрыжаваным і ўваскрослым Хрыстом». Паводле яго, не важная прыналежнасць да прагрэсістаў ці кансерватараў, а важна «знайсці спосабы выказаць новыя ідэі, якія дае Святы Дух».

Аднак арцыбіскуп Сіднэя Энтані Фішэр перасцярог ад таго, каб «ускладаць адказнасць за ўсё на Духа Святога». Паводле яго, калі якая-небудзь прапанова Сінода «радыкальна супярэчыць» Евангеллю і апостальскай традыцыі, «яна не зыходзіць ад Духа Святога, бо мы не можам уявіць сітуацыі, калі Хрыстус і Дух Святы змагаюцца адно з адным». На яго думку, больш важна абмеркаваць тое, што моладзь існуе цалкам без рэлігіі, чым магчымасць «0,001% жанчын» быць дыяканэсамі. У іерарха таксама выклікаў «сурʼёзныя тэалагічныя пытанні» сам Сінод, які ён назваў «гібрыдам» Сінода Біскупаў і іншых тыпаў касцельных асамблей і сустрэч.

У сваіх разважаннях, скіраваных да ўдзельнікаў Сінода, амерыканскі арцыбіскуп Чарльз Шап’ю заклікаў кіравацца наступнымі прынцыпамі і ў наступным парадку: «Вернасць Езусу Хрысту, Касцёлу і Святому Айцу». Паводле яго, самыя складаныя праблемы сучаснага Касцёла звязаныя не са структурамі, а з тым, што чалавек успрымае сваё цела толькі як прыладу для ўласных жаданняў. Ён заклікаў не трапляць у памылкі свету, бо Езус быў укрыжаваны менавіта таму, што не дастасоўваўся, а «даў сведчанне свайму Айцу».

Што ў выніку абмеркавалі?

Выніковы дакумент Сінода быў апублікаваны 28 кастрычніка пад назвай «Сінадальны Касцёл у місіі». Кожны параграф уключае пункты, па якіх была дасягнутая згода, пытанні, каторыя патрабуюць вырашэння, і прапановы. Гэта «пераходны» тэкст, некаторыя яго моманты патрабуюць удакладнення і абмеркавання падчас наступнага этапу Сінода ў кастрычніку 2024 года.

Дакумент прызнае, што само паняцце «сінадальнасць» з’яўляецца «невядомым многім чальцам Божага народа» і «выклікае некаторыя непаразуменні і хваляванні». У ім адзначаецца патрэба развіцця канцэпцыі сінадальнасці як спосабу быцця Касцёлам, што выражае камунію, місію і ўдзел, уключае ў сябе дыялог, цэніць адметнасці, спрыяе актыўнаму ўключэнню ўсіх і сумеснай адказнасці. Падкрэсліваецца неабходнасць «зразумець прычыны супраціву сінадальнасці з боку некаторых» чальцоў Касцёла.

Значная частка дакумента прысвечаная бедным, клопат пра якіх для Касцёла названы «тэалагічнай катэгорыяй». Да такіх людзей належаць мігранты, прадстаўнікі карэнных народаў, асобы з залежнасцямі, меншасці, пажылыя людзі, работнікі, якія падвяргаюцца эксплуатацыі, «дзеці ў матчыным улонні і іх маці». Удзельнікі Сінода пажадалі, каб Касцёл выкрываў несправядлівасць з боку людзей, урадаў і прадпрыемстваў, а вернікі актыўна ўдзельнічалі ў палітыцы, дзейнасці асацыяцый, прафсаюзаў і народных рухаў. Падкрэсліваецца важнасць «працэсаў пакаяння» і «аздараўлення памяці» ў стасунках з іншымі хрысціянскімі канфесіямі.

Другая частка дакумента датычыць актыўнага ўдзелу ўсіх ахрышчаных у жыцці Касцёла. Падкрэсліваецца, што свецкія вернікі і кансэкраваныя асобы, а таксама пасвячоныя служыцелі «маюць роўную годнасць». Уклад свецкіх у Касцёл называецца «неад’емным». Свецкія не павінны ігнаравацца, выкарыстоўвацца ці клерыкалізавацца. Удзельнікі Сінода заклікалі да «дыялогу паміж мужчынамі і жанчынамі» ды папрасілі «працягваць тэалагічныя і пастырскія даследаванні па пытанні доступу жанчын да дыяканату» і цэлібату.

Таксама дакумент закранае пытанні «палавой тоеснасці і сексуальнай арыентацыі, заканчэння жыцця, складаных сужэнскіх сітуацый, праблем, звязаных са штучным інтэлектам».

Паміж надзеяй і катастрофай

У сваёй гаміліі 29 кастрычніка на заканчэнне першай сесіі Сінода Папа прызнаў, што «сёння мы не бачым поўнага плёну гэтага працэсу». Але, дадаў ён, «з прадбачлівасцю можам глядзець на гарызонт, які адкрываецца перад намі: Пан будзе весці нас і дапаможа нам быць больш сінадальным і місійным Касцёлам, які шануе Бога і служыць жанчынам і мужчынам нашага часу». Святы Айцец падкрэсліў, што «не бывае любові да Бога без уключэння ў клопат пра бліжняга, у адваротным выпадку нам пагражае фарысейства».

У інтэрв’ю італьянскаму тэлеканалу RaiUno Папа назваў вынікі Сінода добрымі. Што датычыць пасвячэння жанчын, то, паводле яго, «існуе тэалагічная праблема, а не адміністрацыйная». А вось у пытанні цэлібату няма якраз тэалагічнай праблемы, бо «святары ў каталіцкіх Усходніх Цэрквах могуць жаніцца». Але, на яго думку, скасаванне абавязковага цэлібату не вырашыць існых пытанняў, «бо праблема ў іншым».

Прадстаўнік Беларусі біскуп Аляксандр Яшэўскі ў інтэрв’ю Vatican News назваў эфектыўным новы фармат дзейнасці Сінода. Гэта, мяркуе ён, той шлях, па якім павінен ісці Касцёл. Таксама біскуп лічыць магчымым ужо цяпер актывізаваць працу парафіяльных радаў, «якія існуюць часта фармальна», ды павялічыць ролю жанчын.

Як мяркуе рэдакцыйны дырэктар Vatican News Андрэа Тарніелі, рашэнні Сінода нясуць нямала важных пасланняў у далейшым паглыбленні разумення Другога Ватыканскага Сабора адносна адзінага паклікання ўсіх ахрышчаных. Паводле яго, Сінод стане зернем надзеі, калі Касцёл перастане дзейнічаць паводле дасаборавых катэгорый, калі біскупы і святары прымаюць рашэнні ды пачне глядзець «позіркам самога Езуса на кожнага мужчыну і жанчыну, з іх мізэрнасцю, грахом».

У сваю чаргу былы англіканскі біскуп Гэвін Эшэндэн, які ў 2017 годзе навярнуўся ў каталіцтва, на старонках Catholic Herald скептычна паставіўся да вынікаў Сінода. На яго думку, там «выкарыстоўваўся новы від багаслоўскай мовы», каб «аблегчыць эвалюцыю ў новы тып Касцёла», дзе «збаўленне было замененае палітыкай і тэрапіяй». Эшэндэн параўнаў сінадальны шлях Касцёла з тым, што за апошнія 50 гадоў прайшлі англіканскія цэрквы ў ЗША і Вялікабрытаніі, каторыя таксама прыслухоўваліся да «духа».

«Англіканам не ўдалося вызначыць, што яны маюць на ўвазе пад «духам», гэтак жа, як чальцы нядаўняга Сінода абмяркоўвалі гэтае паняцце, як быццам яно павінна было адхіліць усю крытыку ці выратаваць іх ад далейшай адказнасці за вывучэнне таго, што яны мелі на ўвазе пад словам «дух»… Традыцыйнае хрысціянства, з іншага боку, заўсёды надавала вялікую ўвагу здольнасці адрозніваць розных духаў», – заявіў журналіст.

На яго думку, каштоўнасці Сінода супярэчаць каштоўнасцям апостальскага Касцёла. І цяперашні Сінод – «гэта толькі пачатак працэсу», каб «не пужаць ахвяру занадта рана».

Яшчэ больш рэзка выказалася брытанская каталіцкая журналістка Джэйн Смітс. Паводле яе, Сінод перастаў быць Сінодам біскупаў, калі «свецкія людзі атрымалі права голасу». «Гэта рэвалюцыя, што прынцыпова адмаўляецца ад вызначэння Касцёла як містычнага цела Хрыста, каб разглядаць яго як… новую царкву», – заявіла яна.

Чым жа ў выніку стане гэты Сінод – надзеяй ці катастрофай для Касцёла, – можна будзе пабачыць ужо праз год, калі мае афіцыйна завяршыцца цяперашні сінадальны шлях.

Мечыслаў Гапановіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі