На працягу апошняга стагоддзя Касцёл надаваў вялікую ўвагу ўз’яднанню ўсіх хрысціян. Гэта складаная задача, бо за дзве тысячы гадоў паміж хрысціянамі было незлічонае мноства падзелаў.
Аднак мы ўсё ж спадзяемся, што кожны наступны год будзе набліжаць нас да адзінства.
Слова «экуменічны» часта выкарыстоўваецца ў любых спробах аб’яднаць хрысціян. Што гэта значыць насамрэч?
Экуменізм (ад грэч. oikoumene — увесь населены свет) – гэта садзейнічанне аднаўленню еднасці ўсіх хрысціянаў. Езус Хрыстус заснаваў адзіны Касцёл і маліўся, «каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас» (Ян 17, 21).
Другі Ватыканскі Сабор прапануе падобнае вызначэнне ў сваім Дэкрэце пра экуменізм Unitatis redintegratio: “Гэтая ласка ўзрушвае многіх людзей ва ўсім свеце. Таксама пад натхненнем ласкі Духа Святога сярод нашых адлучаных братоў узнік i з кожным днём штораз больш распаўсюджваецца рух аднаўлення еднасці ўсіх хрысціянаў. У гэтым руху да еднасці, які называецца экуменічным, удзельнічаюць тыя, хто заклікае Адзінага ў Тройцы Бога, a Езуса вызнае Панам i Збаўцам, пры гэтым не толькі паасобку, але ў складзе супольнасцяў, у якіх яны пачулі Евангелле i якія кожны з іх называе сваім i Божым Касцёлам. Аднак амаль усе яны, хоць і па-рознаму, імкнуцца да адзінага i бачнага Божага Касцёла, які быў бы сапраўды паўсюдным, пасланым да ўсяго свету, каб свет звярнуўся да Евангелля i праз гэта атрымаў збаўленне дзеля Божай хвалы”.
Акрамя таго, гэтае слова часта асацыюецца з экуменічнымі рухамі, якія таксама згадваюцца ў дакуменце: «Экуменічны рух — гэта дзейнасць і ініцыятывы, якія ўзнікаюць у залежнасці ад розных патрэб Касцёла i магчымасцяў дадзенай эпохі і імкнуцца садзейнічаць еднасці хрысціянаў».
Касцёл працягвае ісці гэтым шляхам і імкнецца «каб усе былі адно», як гэтага хацеў Хрыстус.
Па матэрыялах Credo
Пераклад Марыны Сінкевіч
