Сёлета споўнілася дзесяць гадоў ад моманту заснавання праекту “Новая Беларуская Біблія”. У 2012 г. чатыры гебраісты, чатыры эліністы, тры літаратары, два дактары навук і два дактары біблеістыкі пачалі пераклад Пісання на сучасную беларускую мову. Перакладу, які б стаяў над беларускімі канфесійнымі падзеламі. Нягледзячы на вялікую зробленую працу, першая перакладзеная кніга выйшла толькі ў гэтым годзе. “Песня Песняў” у перакладзе Сяргея Шупы і з каментарыямі Галіны Сінілы была надрукаваная ў Празе.
Навошта свецкаму чалавеку тлумачыць Біблію?
Сяргей Шупа пачаў займацца перакладам Пісання яшчэ ў канцы 80-х гадоў ХХ стагоддзя. Як малады перакладчык з веданнем моваў арыгіналаў ён далучыўся да Біблійнай камісіі Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы. Аднак з-за канцэптуальных разыходжанняў значная частка інтэлігенцыі пакінула гэту групу. У тым ліку і Сяргей Шупа. Пасля таго праца над перакладам Бібліі адышла ў яго жыцці на другі план.
Праз амаль два дзясяткі гадоў, падчас аднаго з Кангрэсаў даследчыкаў Беларусі ў Коўне, арганізоўваецца секцыя “Беларуская Біблія. Праблемы і перспектывы навуковага перакладу на беларускую мову”. Больш за дзесяць кваліфікаваных спецыялістаў вырашаюць працаваць над “агульнабеларускай Бібліяй”. “Гэта шок для ўсяго свету, калі мы гаворым, што беларусы не могуць нават разам сказаць імя Хрыста, што ў нас існуе некалькі варыянтаў, як мінімум тры: ёсць Іісус, Езус, Ісус”, – казала ў адным з інтэрв’ю доктар філасофіі і тэалогіі, прафесар Ірына Дубянецкая.
У працу секцыі ўключаецца, між іншым, і Сяргей Шапран. “Мы хацелі зрабіць такі навуковы пераклад, які пры жаданні любая канфесія магла б адаптаваць для сябе. Мы хацелі быць карыснымі для ўсіх”, – распавядае перакладчык. У 2016 г. чальцы групы дамаўляюцца выдаць плады сваёй працы ў сувязі з юбілеем – пяцісотгоддзем беларускага кнігадрукавання, аднак па розных прычынах план не ажыццяўляецца. У 2022 г. выходзіць першая кніга “Новай Беларускай Бібліі” – “Песня Песняў”. Пры гэтым дзве трэція выдання – гэта прадмова і каментарыі да перакладу.
Чаму “Песня Песняў”?
“Без гэтага тэксту на пэўнай мове культура гэтага народа не можа быць цалкам паўнавартаснай”, – мяркуе Сяргей Шапран. Новы пераклад “Песні Песняў” не з’яўляецца першаадкрывальніцкім. Яе перакладалі нават да Скарыны – на ўмоўную царкоўнаславянскую беларускага ўхілу. У любым выпадку ад часоў нашага першадрукара было зроблена як мінімум 5-7 перакладаў. “Мой пераклад – гэта яшчэ адзін, і чым больш такіх перакладаў будзе, тым лепей будзе пачувацца беларуская культура ў свеце”, – дадае суразмоўца.
На думку аўтара новага перакладу, гэта самая пяшчотна-эратычная кніга Бібліі застаецца і самым вядомым у свеце гімнам каханню. Ніводны твор не быў выдадзены такую колькасць разоў і на такой колькасці моваў. “Мне падаецца, што людское каханне і любоў Бога да чалавека і чалавека да Бога – гэта з’явы аднаго парадку. Яны адна адну тлумачаць і падтрымліваюць. Нейкая глыбінная і незаўсёды зразумелая сувязь тут ёсць”, – кажа Сяргей Шапран.
Чытайце. Кахайце
Найбольш складанасцяў пры перакладзе “Песні Песняў” выклікалі словы і з’явы, якія выкарыстоўваюцца ў Бібліі адзін раз. Ёсць шмат розных традыцый іх перакладу. Сяргей Шапран карыстаўся адной з найбольш аўтарытэтных даследчыцкіх крыніц – працай амерыканскага біблеіста Марвіна Поўпа “Песня Песняў”. “Дзякуючы такім кнігам можна не баяцца штосьці ўпусціць, бо тлумачыцца ўсё вельмі дэтальна. Праца перакладчыка ў такой сітуацыі – гэта выбраць свой шлях і знайсці вырашэнне, якое найлепш пасуе да беларускай мовы”, – распавядае перакладчык.
Новы пераклад “Песні Песняў” не выглядае асучасненым. Аўтар перакладу імкнецца перадаць рэальнае значэнне, хоць яно часам вельмі складанае для разумення сучаснаму чалавеку. Суразмоўца падзяліўся, што ці не найбольш смелым быў пераклад “Я – пралеска шаронская” (“Песня Песняў” 2,1). Справа ў тым, што ў арыгінале гэтыя словы прамаўляе дзяўчына, а ў рускім сінадальным перакладзе выкарыстоўваецца словазлучэнне ў мужчынскім родзе “Я нарцисс Саронский”. “Пасля доўгага даследавання я даведаўся, што адзін з відаў пралескі рос таксама на Блізкім Усходзе, а ў арыгінале там выкарыстоўваецца кветачка з белымі пялёсткамі, якая расце на пяску і ўвесну, у час кароткага цвіцення ў пустыні, а потым хутка памірае”, – кажа Сяргей Шупа.
Падчас працы перакладчык ўпэўніўся, што гэты тэкст нашмат глыбейшы, чым падаецца пасля прачытання першы, трэці ці дзясяты разы. Разбіраючыся ў тонкасцях, адкрываеш новую прыгажосць і новыя сэнсы. “Па прачытанні гэтага тэксту таямніца кахання ўсё роўна застаецца неразгаданай, але спробы разгадаць яе не менш важныя за саму разгадку. Чытайце. Кахайце”, – падсумоўвае ён.
Арцём Ткачук
для друку