З 1 па 6 жніўня ў сталіцы Партугаліі, Лісабоне, прайшлі 37-я Сусветныя дні моладзі пад дэвізам: «Марыя ўстала і пайшла паспешна». Моладзь Віцебскай дыяцэзіі разам са сваім душпастырам кс. Алегам Хмылко адправілася ў пілігрымку, якая доўжылася больш за 14 дзён.
Праехаўшы Польшчу і Германію, моладзь наведала санктуарый у французскай вёсцы Лурд, дзе ў 1858 годзе мясцовай дзяўчынцы Бернадэце некалькі разоў аб’явілася Маці Божая. Кожны вечар тут праходзіць малітоўная працэсія са свечкамі, у якой паўдзельнічалі і маладыя людзі з Беларусі.
Наступным прыпынкам стаў адзін з галоўных цэнтраў пілігрымаў – горад Сант’яга-дэ-Кампастэла. Галоўнай славутасцю гэтага месца з’яўляецца сабор св. Якуба, які моладзь таксама наведала.
Далей маладыя людзі адправіліся ў яшчэ адзін цэнтр паломніцтва — партугальскі горад Фаціма. У 1917 годзе тут Маці Божая аб’яўлялася тром дзецям. Два вечары ў гэтым месцы мы ўдзельнічалі ў працэсіі, молячыся ружанец разам з тысячамі католікаў з усяго свету.
Удзел у Сусветных днях моладзі – гэта падзея, роўнай якой няма. Гэта сход маладых людзей з усяго свету, якія збіраюцца разам, каб сведчыць аб сваёй веры, дзяліцца вопытам і ўзрастаць на духоўным шляху. Гэты вопыт адначасова захапляе і змяняе, пакідаючы глыбокі след у сэрцах і розумах удзельнікаў.
1 жніўня пілігрымы з Беларусі прыбылі ў Лісабон. Увечары адбылася Імша з кардыналам Лісабона Мануэлем Клементэ.
З 2 па 4 жніўня для ўсіх маладых беларусаў, якія прыбылі на СДМ у Партугалію, прайшла серыя сустрэч Rise Up. Разам з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім юнакі і дзяўчаты маліліся і разважалі на розныя тэмы. Падчас дыскусій удзельнікі мелі магчымасць абмеркаваць актуальныя пытанні і атрымаць рэкамендацыі, як арыентавацца ў сучасным свеце. Гэтыя сустрэчы заахвоцілі маладых людзей задумацца аб сваёй веры, зразумець сваё пакліканне ў жыцці, паглыбіць разуменне сацыяльнай справядлівасці і беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя.
Яшчэ адной адметнасцю Сусветных Дзён моладзі з’яўляецца культурны абмен. Удзельнікі мелі магчымасць размаўляць з людзьмі з розных краін, дзяліцца сваімі традыцыямі, знаёміцца з рознымі культурамі. Гэта паспрыяла фарміраванню пачуцця адкрытасці, разуменню і павагі да разнастайнасці культурнай спадчыны, разбурэнню бар’ераў і будаванню міжнацыянальнага сяброўства. Сувязі, якія ўзніклі падчас гэтага мерапрыемства, глыбокія і значныя. Сумесныя перажыванні момантаў малітвы і пераадолення цяжкасцяў зблізілі нас настолькі моцна, што распаўсюдзіліся далёка за межы самога мерапрыемства.
4 жніўня ўдзельнікі Сусветных Дзён моладзі перажывалі разам з Папам Рымскім Крыжовы шлях: “Марыя ўстала і адправілася ў шлях. Езус навучыўся ў сваёй Маці – нават пад цяжарам Крыжа Езус устаў і адправіўся ў свой шлях. Пане, Навучы нас, маладых людзей, падымацца і ісці наперад. Нават калі жыццё цяжкае”.
А ўжо 5 жніўня больш за 1,5 мільёна маладых юнакоў і дзяўчат прынялі ўдзел у начным чуванні разам з Папам Францішкам, падчас якога адбылася Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту і сумесная малітва: “Давайце падрыхтуем нашыя сэрцы да пакланення Святому Сакрамэнту, памятаючы гісторыю нашай веры і голас Езуса, які заўсёды вітае нас і заклікае да сябе. Разам з Марыяй будзем сузірацьЯго з удзячнасцю. Мы разам, і нас шмат: давайце пойдзем на кампраміс, каб несці радасць, прыгажосць і свет Божы ўсім!”
6 жніўня моладзь з усяго свету распачала свой дзень з галоўнай падзеі СДМ – святой Імшы са Святым Айцом Францішкам. Прысутнасць Папы і яго пасланні аказваюць глыбокі ўплыў на сэрцы ўдзельнікаў. Нагадваючы моладзі аб іх значнасці ў каталіцкай супольнасці Пантыфік сказаў: «Калі ўпаў — уставай; ідзі за мэтай і трэніруйся кожны дзень свайго жыцця. У жыцці няма нічога бясплатнага, за ўсё даводзіцца плаціць. Толькі адна рэч бясплатная – любоў Езуса! Так што, маючы гэты бясплатны дар – любоў Езуса і жадаючы працягваць шлях, давайце ісці з надзеяй, памятаць пра свае карані і ісці наперад без страху. Не бойцеся!”
Урачыстая святая Імша з удзелам Святога Айца ў Лісабоне ў 2023 годзе завяршылася словамі малітвы: “Перамененыя міласцю Божай, мы хочам падзякаваць Яму за тое, што мы перажылі ў гэты час Сусветных дзён моладзі. Няхай гэтая Імша ў «Кампа да Граса» ўмацуе нас Яго Святым духам, каб, вяртаючыся ў нашыя дамы, мы маглі быць жывымі сведкамі Яго любові для ўсіх, хто сустракаецца нам на шляху.”
Напрыканцы Эўхарыстыі Папа Францішак аб’явіў, што наступныя Сусветныя дні моладзі пройдуць у 2027 годзе ў сталіцы Паўднёвай Карэі — Сеуле.
Пакідаючы СДМ, адчуваецца горыч. Гэта быў каштоўны вопыт і ўспаміны пра яго застануцца ў памяці назаўжды.
Наперадзе час разважанняў і шмат магчымасцяў, каб атрыманы вопыт замацаваць у паўсядзённым жыцці. Пасля ўдзелу ў Сусветных днях моладзі ўдзельнікі зноў знаходзяць мэту, умацоўваюцца ў веры і імкнуцца змяніць свет да лепшага.
Напрыканцы варта адзначыць, што ўдзел у Сусветных днях моладзі – гэта неверагоднае падарожжа веры, адзінства і асабістага росту. Гэта магчымасць паразмаўляць з іншымі маладымі людзьмі, паглыбіць сваё духоўнае разуменне і натхніцца на жыццё ў любові і служэнні. Гэты вопыт трансфармуе, пакідаючы глыбокі след у сэрцах і розумах тых, каму пашчасціла прыняць у ім удзел.
Марына Федарцова, тэкст
Фота ўдзельнікаў пілігрымкі
