Святкаванне Велікодных урачыстасцяў – час, калі вернікам дадзена перажыць асаблівыя духоўныя пачуцці: пасхальную радасць і надзею, суцяшэнне і блізкасць “незямной”, боскай рэчаіснасці. Літургія, святочныя традыцыі, а часта таксама і прырода дапамагаюць нам напоўніцца радаснай верай у перамогу жыцця над смерцю, любові над злом. Але ў першую чаргу такі духоўны настрой ствараецца дзеяннем Божага Духа ў чалавечай душы – той ласкі, без якой звышнатуральнае жыццё немагчымае, без якой мы самі па сабе мала што добрага можам зрабіць.
З іншага боку, спяваючы радаснае “Аллелюя!” вуснамі і сэрцам, мы не трацім у памяці таго, што перажывалі падчас Вялікага Тыдня: смутак, журбу і жаль, бо наш Пан Езус Хрыстус церпіць пакуты, прымаючы на сябе наступствы зла і падступнай людской жорсткасці.
Замяшанне, разгубленасць, сум і спачуванне таму, хто пакутуе ад болю, – духоўныя пачуцці, таксама натхнёныя Духам Святым перад абліччам усяго таго, што засмучае Божае Сэрца. Але такая ўнутраная рэакцыя на трагедыю зла і граху, перажытая ў Духу, не вядзе да адчаю і роспачы, але адкрывае нас на тую надзею, крыніцай якой можа быць толькі Бог, Адкупіцель і Пераможца над смерцю!
Такім чынам, смутак Вялікай Пятніцы, які доўжыцца ў пакутах усіх ахвяраў гвалту і несправядлівасці сёння, не супярэчыць пасхальнай радасці, але моцай Божага Духа становіцца месцам перамогі надзеі, якая дасягае вечнасці. Супрацьлегласцю гэтым такім, здаецца, розным пачуццям, з’яўляецца абыякавасць да духоўнай рэчаіснасці, поўная засяроджанасць на зямным, матэрыяльным вымярэнні жыцця.
Пачуцці і вера
Разважанне над нашымі ўнутранымі перажываннямі і рэакцыямі ў гэты Пасхальны літургічны перыяд – добрая нагода, каб паглядзець на ролю пачуццяў і эмоцый у жыцці веры. Існуюць супрацьлеглыя падыходы да гэтай сферы. Для адных вельмі важна “адчуваць” духоўныя рэчы, эмацыйна перажываць свае адносіны з Богам. І калі вера пазбаўленая гэтага вымярэння, яна здаецца мёртвай. Іншыя ж кажуць, што эмоцыі – вельмі зменлівая рэч, “ворагі” розуму і разважлівасці. Яны не могуць служыць падставай для прыняцця рашэнняў і ніяк не сведчаць пра вартасць веры і наогул жыцця. Відавочна, праўда знаходзіцца недзе паміж такімі крайнімі поглядамі.
Пачуцці і эмоцыі – важная частка таго, кім ёсць чалавек, таму не звяртаць на іх увагу – няправільны падыход. З іншага боку, варта імкнуцца да іх раўнавагі і гармоніі з розумам і воляй. Для св. Ігнацыя Лаёлы пачуцці – гэта сфера для распазнавання, то бок для таго, каб акрэсліваць, ці тое, што я адчуваю, мае спантанныя ўнутраныя рэакцыі (ён іх называе “рухамі”), дапамагае або перашкаджае мне на шляху да Бога, у маіх адносінах з бліжнімі, у здаровым стаўленні да самога сябе. Гаварыць пра пачуцці тым больш важна ў кантэксце веры, бо гэта “памежная” сфера паміж псіхічным і духоўным вымярэннямі чалавечай асобы.
Пачуццё страху і трывогі
Возьмем для прыкладу такія ўнутраныя рэакцыі, як страх і трывога. Кожны чалавек у больш ці менш інтэнсіўнай ступені ведае гэтыя пачуцці. Асабліва ж яны нам уласцівыя ў перыяды знешніх ці ўнутраных катаклізмаў. Яны з’яўляюцца часткай механізму, які павінен абараніць нас ад небяспекі, але іх непажаданыя наступствы – “тунэльнае мысленне”, скажонае ўспрыманне рэчаіснасці, празмерная засяроджанасць на сабе і на пагрозе (рэальнай ці ўяўнай). Страх прымушае чалавека разлічваць толькі на свае сілы і такім чынам вядзе да пачуцця адчужэння ад Бога – крыніцы бяспекі і ўпэўненасці. Таму ў Святым Пісанні словы “не бойся” – гэта адзін з найбольш частых зваротаў Бога да чалавека, гэта запрашэнне засяродзіць сваю ўвагу на Божай прысутнасці, даверыцца Пану. Калі не прызнаваць у сабе страх і трывогу, “адсоўваць” убок са сваёй свядомасці, яны не знікаюць, а дзейнічаюць далей у нашай падсвядомасці. У духу ж веры мы можам шчыра адкрываць Богу ў малітве свой страх, сваю слабасць і прасіць аб паратунку.
Безумоўна, найбольш вымоўны прыклад для нас – Пан Езус, Які моліцца да свайго Айца ў момант перадсмяротнай трывогі ў Гетсіманскім садзе. Кніга Псальмаў – выдатны “падручнік” для нас, каб вучыццца перад Богам пражываць тыя пачуцці, з якім самі не даем рады: не толькі трывогу, але і нянавісць, зайздрасць, злосць… Напрыклад, Пс 116 (115) кажа пра “путы смерці і пакуты пякельныя”, якія зведаў аўтар, пра прыніжэнне і страх. Пс 73 (72) кажа пра спакусу зайздрасці, у канцы Пс 139 (138) нечакана выходзіць вонкі нянавісць, а ў наступным Псальме аўтар даручае Богу сваё жаданне помсты… Гэтыя тэксты і іншыя Псальмы – школа шчырай малітвы.
Пачуццё радасці
Але не толькі негатыўныя пачуцці патрабуюць увагі ў малітве. Радасць, унутраны пад’ём, весялосць і суцяшэнне – гэта нагода, каб звяртацца да Бога з падзякай і праслаўленнем. З іншага боку, да такіх нашых унутраных рэакцый таксама варта прыглядацца і дазваляць Богу іх ачышчаць. Радасць можа быць павярхоўнай, звязанай з нейкім задавальненнем, поспехамі, тым, як у нас усё добра складваецца… Па сваім досведзе мы ведаем, што такая радасць хутка можа знікнуць, калі знешні стан рэчаў змяняецца. Радасць жа духоўная – больш глыбокая, яна мае крыніцу не ў знешніх рэчах, якія мінаюць, а ў самым Богу, Каторы дакранаецца сваёй ласкай душы, нагадваючы пра нашу несмяротную сутнасць. Такую радасць варта больш цаніць, “каштаваць” і напаўняцца ёю, стараючыся не траціць яе на прасторах шэрай штодзённасці.
Гаворачы пра нашыя ўнутраныя духоўныя станы, узгадаем урок св. Ігнацыя пра тыя перыяды, калі мы адчуваем сябе пакінутымі Богам і прыгнечанымі. Настаўнік духоўнасці вучыць, што пачуццё пакінутасці не адпавядае рэальнаму стану рэчаў, бо Бог ніколі не пакідае сваіх вернікаў. Але такі час можа стаць вельмі плённым перыядам росту і ачышчэння ад нашых неўпарадкаваных схільнасцяў. Калі ж мы знаходзімся ў стане духоўнага суцяшэння і радасці, тады з пакорай трэба памятаць, што такія пачуцці – гэта Божы дар, а не паходзяць ад нас, і што можа прыйсці момант, калі мы будзем пазбаўленыя на некаторы час такой ласкі. Сфера ўнутраных “рухаў” – гэта захапляльны сусвет, праз які Божы Дух прамаўляе да нас, таму варта вучыцца правільна разумець, што Пан хоча нам сказаць.
Будзем жа вучыцца раскрываць перад Богам усё тое, што адбываецца ў нашай душы, дазваляючы Духу Святому фарміраваць нашыя пачуцці і эмоцыі паводле адчуванняў Божага Сэрца!
Айцец Віктар Жук SJ (Віцебск)
