Езус сказаў сваім вучням: Кажу вам, хто слухае: любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць. Благаслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць. Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе плашч, не забараняй узяць і кашулю. Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і ад таго, хто ўзяў тваё, не дамагайся звароту. Рабіце людзям так, як хочаце, каб яны вам рабілі.
Бо калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Бо грэшнікі таксама любяць тых, хто іх любіць. І калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? І грэшнікі робяць тое самае. І калі пазычаеце тым, ад каго спадзяецеся атрымаць назад, якая вам за тое падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць столькі ж.
Але вы любіце ворагаў вашых, і чыніце дабро, і пазычайце, не чакаючы нічога ўзамен, і будзе ўзнагарода вашая вялікая, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо Ён ласкавы да няўдзячных і да злых. Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны. Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам.
Давайце, і будзе дадзена вам: меру добрую, уціснутую, утрэсеную і з верхам адсыплюць вам у падол ваш. Бо якою мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана.
Бывае так, што эмоцыі перапаўняюць нас, калі мы чытаем пра нейкую несправядлівасць або калі хтосьці нам зробіць нейкую крыўду. За гэтымі эмоцыямі, бывае, цяжка ўспомніць сённяшнюю навуку Езуса. Аднак, яна вельмі важная, таму што падкрэслівае істоту хрысціянства. Гэтая навука – гэта тое святло, якога патрабуе сучасны свет і тая соль, якая надае смак нашаму жыццю. Як даведацца, што хтосьці сапраўды па-евангельску адносіцца да сваіх ворагаў? Езус падказвае тры крытэрыі.
Па-першае, ворагам трэба рабіць дабро. Па-другое, ворагаў трэба благаслаўляць. Па-трэцяе, за ворагаў трэба маліцца. Дабро, малітва і бласлаўленне. Вось, што неабходна нам навучыцца рабіць адносна нашых непрыяцеляў. Існуе ў хрысціянстве прынцып Залатога правіла: Рабіце людзям так, як хочаце, каб яны вам рабілі. Гэта словы Езуса з сённяшняга ўрыўка. Як бачым, яны пашыраюць прынцып Сярэбранага правіла паводзінаў са Старога запавету: Тое, што ненавідзіш сам, не рабі іншаму. (пар. Таб 4,15) Несумненна важны і націск, які ставіць Езус на тэму прабачэння: прабачайце, і прабачаць вам. Зрэшты, пра гэта мы молімся кожны дзень, калі прамаўляем малітву “Ойча наш”: і адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым. Няхай Дух Святы напоўніць нас ласкай прабачэння, каб мы маглі, прабачаючы, будаваць Боскае Валадарства на зямлі.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
