Разважанне на IV Нядзелю Адвэнту. Год С. 19 снежня

Евангелле Лк 1, 39-45

Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету.

Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. І ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Благаславёная Ты між жанчынамі, і благаславёны плод улоння Твайго! І адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго  загучаў у вушах маіх, узварухнулася ад радасці дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам.

Для Захарыі пражываць у вёсцы Айн-Карым было даволі зручна. Адлегласць да Ерузалема адтуль была ўсяго 8 кіламетраў. Захарыя, будучы святаром, мог спакойна дабірацца ў святыню, каб выконваць сваё служэнне. Аднак Марыі прыйшлося прайсці нашмат даўжэйшы шлях з Назарэта да Айн-Карым, каб наведаць Альжбету. А гэта ні многа ні мала 145 кіламетраў, якія не пройдзеш за адзін дзень. Марыя, каб выканаць Божую волю, ідзе ў такое далёкае падарожжа, будучы цяжарнай. Евангеліст Лука нічога нам не кажа пра прысутнасць Юзафа. Тым больш гэтая вандроўка была няпростай.

Божая Маці спяшае да кожнага з нас, каб прынесці нам Езуса. Менавіта таму яна называецца новым Каўчэгам Запавету. Як у даўнія часы сімвалам Божай прысутнасці быў каўчэг з Божымі запаведзямі, так цяпер у Марыі Бог прысутнічае так блізка, наколькі толькі можна: пад відам Дзіцяткі ў святым улонні Марыі. Калі прымаем Марыю, прымаем і Бога, якога яна прыносіць. Заўважым, што Альжбета называе Езуса Панам: І адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Пан – гэтае імя ў Старым Запавеце належала толькі Богу і нікому іншаму. Паколькі слова «Ягвэ» вымаўляць было забаронена, каб не парушыць запаведзі, то габрэі замест яго казалі “Пан”. Альжбета вызнае веру ў прысутнага Пана. Таму становіцца ясна, што той хто любіць і шануе Найсвяцейшую Панну Марыю, не можа не любіць Бога. Думаю, можам сказаць яшчэ смялей: хто прымае Марыю, як сваю Нябесную Матулю, для таго неба цалкам адкрытае і нават гарантаванае. Шануйма Маці Божую і просьма Яе заступніцтва!

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку