“Пасля таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы, што настаў час і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле.
Праходзячы ж каля Галілейскага мора, убачыў Сымона і Андрэя, брата Сымона, якія закідалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. І сказаў ім Езус: Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас рыбакамі людзей. І, адразу пакінуўшы сеткі, яны пайшлі за Ім.
Адышоўшы крыху далей, Ён убачыў Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія таксама сядзелі ў чаўне і ладзілі сеткі. І адразу паклікаў іх. І, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў чаўне з работнікамі, яны пайшлі за Ім”.
Пасля арышту Яна Хрысціцеля Езус накіраваўся ў Галілею, каб прапаведаваць Евангелле Божае і заклікаць людзей да пакаяння. Ведаем добра за што Ян быў арыштаваны тэтрархам Ірадам: за тое, што выкрываў яго амаральныя паводзіны. Але арышт Яна Хрысціцеля не напалохаў Езуса. Наадварот, Езус бачыў у ім сімвал надыходу Божага Валадарства.
Езус прапаведуючы кажа: “настаў час і наблізілася Валадарства Божае”. Для фарысеяў прыход Валадарства залежаў ад іх намаганняў. Згодна з іх думкай Валадарства Божае будзе толькі пасля выканання прадпісанняў закону. А Езус кажа адваротнае: “наблізілася Валадарства Божае”, яно ўжо тут! Незалежна ад прыкладзеных намаганняў ці выканання прадпісанняў! Калі Езус кажа: “наблізілася Валадарства Божае”, Ён не мае на ўвазе, што Валадарства Божае толькі прыходзіць у гэты момант, але што яно ўжо ёсць. Тое, чаго ўсе чакалі, што ўжо было ў іх жыцці, але гэтага не ведалі, не ўспрымалі.
“Кайцеся”: змяніце лад мыслення і жыцця. Каб адчуць прысутнасць Валадарства Божага ў жыцці, чалавек павінен пачаць думаць і жыць па-іншаму. Нам неабходна змяніць сваё жыццё і знайсці іншую форму суіснавання! Неабходна пакінуць законнасць недасканалага фарысейскага вучэння і дазволіць новаму досведу Бога ўвайсці ў нашае жыццё.
“Верце ў Евангелле”. Нялёгка было вучням і тым, хто ішоў за Езусам прыняць гэты заклік. Нам таксама нялёгка змяніць наш спосаб мыслення, згадзіцца з думкай іншага чалавека. Нам здаецца, што мы вельмі добра ведаем Хрыста і Яго вучэнне. На сам рэч, мы ведаем вельмі мала. “Ян сказаў ім у адказ: Я хрышчу вадою. А сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце” (Ян 1, 26). Больш чым 2000 гадоў на зямлі абвяшчаецца Евангелле, але застаюцца людзі, нават сярод хрысціян, якія яго яшчэ не ведаюць, якія не ведаюць Хрыста, або проста не жадаюць яго спазнаць.
Калі нехта прыносіць новае вучэнне, гэта цяжка прыняць. Але гэта прымаецца лягчэй, калі да гэтага чалавека мы маем давер. Таму мы з перакананасцю можам сказаць іншым людзям: “Прыміце Добрую Навіну! Не турбуйцеся! Мы ведаем гэтага Чалавека! Ён не падманвае! Даверцеся Яму! Езусу можна давяраць!
Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко
