“Набліжалася юдэйская Пасха, і Езус прыйшоў у Ерузалем. І знайшоў у святыні тых, хто прадаваў валоў, авечак і галубоў, і мянялы сядзелі там. І зрабіў бізун з вяровак і павыганяў усіх са святыні, а таксама авечак і валоў, грошы мянялаў парассыпаў, а сталы папераварочваў. А прадаўцам галубоў сказаў: Забярыце гэта адсюль і не рабіце дому Айца Майго домам гандлю. І прыгадалі вучні Ягоныя, што напісана: Клопат аб доме Тваім з’ядае Мяне.
На гэта юдэі сказалі Яму ў адказ: Які знак пакажаш нам, што можаш гэтак рабіць? Езус сказаў ім у адказ: Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзнясу яе.
І сказалі юдэі: Гэтая святыня будавалася сорак шэсць гадоў, а Ты ўзнясеш яе за тры дні?
Казаў жа Ён пра святыню цела свайго. І калі Ён уваскрос з мёртвых, то вучні Ягоныя ўспомнілі, што Ён казаў гэта, і паверылі Пісанню і слову, якое казаў Езус.
І калі Ён быў у Ерузалеме на свяце Пасхі, многія, убачыўшы ўчыненыя Ім цуды, паверылі ў імя Ягонае. Але сам Езус не давяраўся ім, бо сам ведаў усіх і не меў патрэбы, каб хто сведчыў пра чалавека, бо сам ведаў, што было ў чалавеку”.
Ерузалемская святыня, у якой адбываецца дзеянне евангельскага ўрыўку, сёння практычна знікла. Захавалася толькі велізарная эспланада, якую з цягам часу занялі важныя ісламскія пабудовы, такія як Купал Скалы і мячэць Аль-Масджыд аль-Акса. Калі паглядзець на гісторыю Ерузалема, то ўбачым, што горад з’яўляецца выявай бесперапынных войнаў, разбурэнняў і змен. Горад, які з’яўляецца важным для трох вялікіх монатэістычных рэлігій, таксама з’яўляецца негатыўным прыкладам таго, што азначаюць вайна і яе наступствы.
Вайна — гэта найвялікшая крыўда, якая можа быць зроблена Божаму стварэнню. Яна заўсёды матывуецца ўладай і эканамічнымі інтарэсамі, а ў канчатковым выніку знішчае ўсё, і ў першую чаргу, чалавека. Чалавек з’яўляецца вяршыняй Божага стварэння, носьбітам Божага вобразу.
У сённяшнім Евангельскім урыўку, Езус уваходзіць у Ерузалемскую святыню, якая была пабудавана, каб стаць домам Бога на зямлі і была знакам Яго прысутнасці. Але з цягам часу святыня пераўтварылася ў месца эканамічнага абмену для патрэбаў культу, які прадугледжваў прынясенне ахвяр і як вынік, куплі-продажу ахвярных дароў. Бог стаў прадметам куплі-продажу. Хітрыя выкарыстоўвалі гэта, каб атрымаць выгаду, а “веруючыя”, каб “перацягнуць” Бога на свой бок. Даваць і браць, прадаваць і купляць — спосабы, якія абражаюць любоў. Любоў нельга купіць, яе нельга выпрасіць, яе нельга навязаць.
Нельга выкарыстоўваць танны закон абмену з Богам: “я даю Табе малітвы і ахвяраванні, а Ты даеш мне доўгае жыццё, поспех і здароўе”. Нельга даць нешта Богу, чакаючы пры гэтым, што Ён дасць нешта ўзамен. Калі мы думаем, што здзейсніўшы нейкі абрад, прамовіўшы тую ці іншую малітву, зрабіўшы ахвяраванне, мы выканалі свой абавязак і чакаем нейкай ласкі ў адказ, то мы звычайныя мянялы. Нам неабходна змяніць спосаб нашага мыслення: Бога нельга купіць. Бог ёсць Любоў. “Любоў, не шукае свайго…”, — кажа апостал Павел.
Езус, ачышчаючы святыню, не думае выключна пра будынак. Езус мае на ўвазе чалавека. Маючы божую і чалавечую натуру, Настаўнік паказвае, што Бог жыве ў чалавеку. Кожны чалавек з’яўляецца святыняй Бога. “Ці не ведаеце, што целы вашыя – гэта святыня Духа Святога” (1 Кар 6, 19).
Вялікая Ерузалемская святыня знікла. Усё, што засталося ад яе, — гэта адкрыты пляц і некалькі камянёў у падмурку. Бог там не жыве. Але Бог працягвае жыць у кожным чалавеку. Гэтая святыня пазастаецца, і мы пакліканы разам з Езусам клапаціцца пра яе.
Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко
