Разважанне на ІІ Нядзелю пасля Нараджэння Пана. Год С. 2 студзеня

Евангелле Ян 1, 1-18

На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога спрадвеку. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго. З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра Святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы, каб сведчыць пра Святло. Было Святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет. У свеце было, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. Прыйшло да свайго, і свае Яго не прынялі. А тым, хто прыняў Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, тым, хто верыць у імя Ягонае, хто ні ад крыві, ні ад жадання цела, ні ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіўся. Слова сталася целам і пасялілася між намі, і бачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды.

Ян сведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: Гэта быў той, пра якога я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне. І з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі. Бо Закон быў дадзены праз Майсея, ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста. Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён аб’вясціў.

У гэтую хвіліну, калі я пішу гэтыя радкі, дзесьці далёка ў космасе ляціць на адлегласць 1,5 млн кіламетраў тэлескоп Джэймс Уэб. Яму трэба на працягу месяца дасягнуць кропкі Лагранжа – месца, дзе сіла гравітацыі Зямлі і гравітацыі сонца ўраўнаважваюцца з цэнтрабежнай сілай аб’екта. На гэтай арбіце тэлескоп пачне сваю працу: будзе даследаваць космас у інфрачырвоным дыяпазоне. Ён зможа “дацягнуцца” да самых далёкіх галактык, адкуль нават святло да нас не даходзіць, бо рассейваецца праз касмічны пыл і газ. Гаворка ідзе пра адлегласці 13 млрд светлавых гадоў.

Чалавецтва даследуе глыбіні космасу і глыбіні мікракосмасу, каб знайсці адказы на пытанне: як паўстаў свет? У пачатку Евангелля св. Ян дае адказ на гэтае пытанне, не выкарыстоўваючы суперсучасную і дарагую апаратуру. Свет створаны Богам. Чалавек – гэта Божае стварэнне. Стварэнне, якому патрэбная дапамога, бо яно загразла ў цемры граху. Дапамога прыходзіць ад Божага Сына, які ёсць Словам. Каб быць саўдзельнікамі Божага жыцця, нам неабходна прыняць гэтае Слова. У перыяд Божага Нараджэння мы адаруем Божае Дзіцятка ў жолабе. Бог, які стварыў Сусвет, прыходзіць да чалавека ў вобразе безабароннага Дзіцяці. Ці прымем мы Яго? Калі так, то будзем прыналежыць да тых, хто называе сябе Божымі дзецьмі. А гэта азначае мець удзел у Нябесным Валадарстве.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку