У пятнаццаты год панавання Тыберыя цэзара, калі Понцій Пілат панаваў у Юдэі, а Ірад быў тэтрархам у Галілеі, Філіп, брат ягоны — тэтрархам у Ітурыі і Траханідскім краі, а Лізанія — тэтрархам у Абіленах; пры першасвятарах Анне і Каяфе, было скіравана слова Божае да Яна, сына Захарыі, у пустыні.
І ён абходзіў усе ваколіцы Ярдана і прапаведаваў хрост пакаяння для адпушчэння грахоў, як напісана ў кнізе прамоў прарока Ісаі:
Голас таго, хто кліча ў пустыні:
падрыхтуйце дарогу Пану,
раўняйце сцежкі Яму!
Кожная даліна ўзвысіцца,
кожная гара і пагорак панізяцца,
і выбоістыя дарогі стануць раўнінай,
і ланцугі гор — далінаю.
І ўбачыць кожнае цела
Божае збаўленне.
Падрыхтуйце дарогу Пану,
раўняйце сцежкі Яму!
Кожная даліна ўзвысіцца,
кожная гара і пагорак панізяцца,
і выбоістыя дарогі стануць раўнінай,
і ланцугі гор — далінаю.
Такімі словамі прарока Ісаі апісвае евангеліст Лука заклік Яна Хрысціцеля да навяртання.
Гэтыя паэтычныя і вельмі вымоўныя вобразы мы павінны «перакласці» на мову нашага штодзённага існавання. «Зраўняць горы фанабэрыстасці і суперніцтва; засыпаць ямы абыякавасці і апатыі; выпраміць крывізну ляноты і кампрамісаў», — вось да чаго заклікае Папа Францішак, тлумачычы сімвалы з гэтага біблійнага ўрыўку.
У нас лёгка могуць спалучацца манія вялікасці і комплекс непаўнавартаснасці: на працягу адной гадзіны можам узвышаць сябе і прыніжаць, параўноўваючы сябе з іншымі, шукаючы доказаў сваёй вартасці і тут жа знаходзячы доказы адваротнага. Там, дзе злы дух няздольны выклікаць ганарлівасць, ён карыстаецца спакусай фальшывай пакоры, прымушаючы нас не верыць у свае здольнасці, хаваць свае таленты і ў выніку адмаўляцца ад таго дабра, што мы можам зрабіць з Божым благаслаўленнем і дапамогай.
Сапраўдная ж пакора — у паслухмянасці Божаму запрашэнню да супрацоўніцтва з Ім праз сумленныя і найчасцей сціплыя крокі. У гэтым наша прыгажосць і слава, у якую, як запэўнівае прарок Барух у сённяшнім першым чытанні, Пан хоча апрануць нас, сваіх дзяцей. Няхай Ён напоўніць нас надзеяй і верай у Ягонае абяцанне, каб мы пільна рыхтавалі шлях у сваіх сэрцах Таму, які прыходзіць.
Разважанне падрыхтаваў а. Віктар Жук SJ
для друку