Разважанне айца езуіта на ХХ звычайную нядзелю — год А

Евангелле Мц 15, 21–28

У той час:

Езус выйшаў і скіраваўся ў землі Тыра і Сідона. I вось жанчына з Ханаана выйшла з тых ваколіц і пачала крычаць: Змілуйся нада мною, Пане, Сыне Давіда! Мая дачка цяжка апантаная злым духам.

Але Езус не адказаў ёй ні слова. Тады вучні Ягоныя падышлі і прасілі Яго: Адпусці яе, бо яна крычыць услед за намі. Ён сказаў у адказ: Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля.

Яна ж падышла, пакланілася Яму і сказала: Пане, дапамажы мне. Ён сказаў у адказ: Нягожа забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам. Яна сказала: Так, Пане, але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх. Тады Езус сказаў ёй у адказ: О жанчына, вялікая вера твая! Няхай станецца табе, як жадаеш. I з гэтага моманту яе дачка стала здаровай.

Ці здаралася, што ў адказ на вашыя малітвы і просьбы Бог маўчаў, нібыты ігнаруючы заклік да Яго? У такой сітуацыі апынулася жанчына-язычніца з сённяшняга Евангелля, якая даведалася пра цудатворчыя здольнасці Езуса: Настаўнік ніяк не рэагуе на яе просьбу. Першапачатковая рэакцыя Пана на жаданне жанчыны можа бянтэжыць: спачатку Ён проста маўчыць, а потым выкарыстоўвае вобраз шчаняці, які можа здацца абразлівым. Спрабуючы зразумець паводзіны Езуса ў гэтай сітуацыі, зыходзім з таго, што наш Пан ніколі не хоча нікога абразіць ці прынізіць. Пан Езус спасылаецца на прыярытэты Сваёй місіі: Яго час і магчымасці як чалавека абмежаваныя, і Яму таксама як і нам трэба было выбіраць, куда накіроўваць сваю ўвагу і энергію. Але ў рэшце рэшт Яго пераконвае стаўленне маці, якая з болем і пакорай просіць за сваё дзіця.

Прыклад жанчыны з Евангелля вучыць нас настойлівасці ў малітвах да Бога, але не толькі. У яе паставе спалучаюцца настойлівасць, надзея, вера і пакора. Сапраўдная пакора ніколі не азначае прыніжэння нашай сапраўднай сутнасці; сапраўдная пакора – гэта ўсведамленне таго, хто мы ёсць перад Богам, і акт даверу ўсяго, што адбываецца ў нашым жыцці, Яму. Часта Бог, здаецца, не адказвае на нашыя просьбы, ці прымушае нас чакаць, не рэагуе так хутка, як нам хочацца. Чаму так адбываецца? – Тая “прастора”, якая ўтвараецца паміж нашай просьбай і яе спаўненнем – гэта не “пусты” ці дарэмны час, калі Бог нібыта нас ігнаруе. Маўчанне з боку Бога ўжо напоўнена Яго прысутнасцю, нават калі мы яе не адчуваем звычайным спосабам. Так, у пэўным сэнсе гэта выпрабаванне для нас – “тэст” глыбіні нашага жадання і адначасова праверка, наколькі тое, аб чым просім, гарманічна звязана з нашым шляхам да Бога, з нашым знаходжаннем сябе ў Ім – як індывідуальных асобаў і як супольнасці Божых дзяцей. Гэта шанец зразумець, што наш лёс – у Божых руках і што няма нічога важнейшага ад таго, каб дасягнуць самога Бога, а толькі потым – усё іншае, калі яно ў гэтым дапамагае. Няхай наша малітва будзе настойлівай і даверлівай адначасова, але ў першую чаргу няхай нашыя прагненні адлюстроўваюць жаданне Божага Сэрца. Амэн.

Разважанне падрыхтаваў а. Віктар Жук SJ

для друку для друку