У той час:
Езус прамовіў да народа і вучняў сваіх такімі словамі:
Пасад Майсея занялі кніжнікі і фарысеі. Таму ўсё, што скажуць вам, рабіце і захоўвайце, але не рабіце паводле ўчынкаў іхніх. Бо яны гавораць і не робяць. Таму што яны звязваюць цяжкія і непасільныя ношы і ўскладаюць на плечы людзей, а самі не хочуць і пальцам крануць іх. Усе ж учынкі свае робяць яны дзеля таго, каб паказацца людзям. Яны пашыраюць філактэрыі свае і павялічваюць махры. Любяць першыя месцы на гасцінах і першыя лавы ў сінагогах, і прывітанні на рынках, і каб людзі называлі іх «Раббі».
Вы ж не дазваляйце называць сябе «настаўнік», бо адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты. І айцом вашым не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец Нябесны. I не дазваляйце называць сябе кіраўнікамі, бо адзін у вас Кіраўнік — Хрыстус. Большы з вас няхай будзе слугою для вас. Бо той, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а той, хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны.
Сённяшняе Евангелле выкрывае паказную рэлігійнасць кніжнікаў і фарысеяў, якія ператварылі сваю веру ў звод знешніх правіл і нормаў, забываючыся пра любоў і спагадлівасць. Езус звяртае нашу ўвагу на тое, што сапраўдная вера павінна быць адлюстраваннем унутраных перакананняў, а не толькі знешніх дзеянняў. Фарысеі і кніжнікі служаць прыкладам тых, хто ўскладае цяжкую і непасільную ношу на плечы іншых людзей, перакладаючы на іх адказнасць, у той час як самі не жадаюць нават мінімальна ўдзельнічаць у вырашэнні гэтых цяжкасцяў. (пар. Мц 23, 4).
Фарысеі былі непахіснымі ў патрабаванні выканання правіл і прадпісанняў, ператвараючы рэлігію ў цяжкі цяжар для людзей. Езус жа заклікае нас да іншай рэлігійнасці, якая ўтрымлівае ў сабе свабоду і радасць, перапоўнена спагады, любові і міласэрнасці. Ён вучыць нас, што рэлігія павінна быць крыніцай уздыму і паднясення чалавека, акрылення для яго, крыніцай надзеі і натхнення, а не прыгнёту і цяжару.
Фарысеі любілі выстаўляць сваю набожнасць на паказ. Рэлігійнасць і набожнасць, якую яны дэманстравалі, была толькі мёртвай карцінкай праведнасці, спаралізаваным і бяздзейным вобразам служэння, акамянелай і бессардэчнай выявай “вернасці”. Яны пашыралі філактэрыі свае і павялічвалі махры адзення, каб прыцягнуць увагу да сваёй набожнасці.
Філактэрыі, пра якія ідзе гаворка ў сённяшнім Евангеллі (гбр. תְּפִלִּין, грэц. φυλακτήριον), — гэта невялікія скураныя скрыні, якія змяшчаюць пергаментныя скруткі з тэкстамі з Торы (Пяцікніжжа Майсея). Яны насіліся на левай руцэ і на ілбе падчас малітвы, як напамін аб Божых запаведзях і запаветах. Махры (гбр. צִיצִית, грэц. κρόσσια) — гэта спецыяльныя ніткі (матузы), якія прымацоўваліся да чатырох кутоў адзення, якое насілі на знак сваёй вернасці Божым законам.
Знешняя форма набожнасці фарысеяў не мела нічога агульнага з сапраўднай верай, якая павінна зыходзіць з сэрца. Езус асуджае такія паводзіны, бо яны толькі падкрэсліваюць знешнія формы без унутранага зместу.
Фарысеі таксама любілі займаць пачэсныя месцы на банкетах і ў сінагогах, каб быць заўважанымі і ўшанаванымі. Іх сэрцы перапаўняла пыха і жаданне ўзвышэння, а не пакора і імкненне служэння іншым. Езус вучыць нас іншай рэлігійнасці, якая павінна быць перапоўнена любоўю да бліжніх. Ён кажа: «Большы з вас няхай будзе слугою для вас. Бо той, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а той, хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны» (Мц 23, 11–12).
Гэтыя словы заклікаюць нас шукаць сапраўдную веру, якая не будзе абмежаваная знешнімі формамі, а стане адкрываць сэрцы ў любові і жаданні служэння бліжняму. Наша вера павінна быць крыніцай радасці і вызвалення, а не цяжарам. Мы павінны шукаць Бога ў сэрцы, а не ў знешніх знаках. Наша вера павінна быць сапраўднай, поўнай любові і міласэрнасці, якая прыводзіць нас да служэння іншым і да сапраўднага жыцця ў Хрысце.
У сучасным свеце вельмі лёгка паддацца спакусе выстаўляць сваю веру напаказ, каб атрымаць пахвалу або прызнанне, або наадварот выкарыстоўваць яе дзеля папрокаў іншым. Але Езус нагадвае нам, што сапраўдная вера заўсёды застаецца сціплай і шчырай. Яна не шукае ўзвышэння, але служэння. Яна не будынак з вялікіх слоў, але ціхі агеньчык у сэрцы, які запальвае нашы сэрцы ў дзейсных справах.
Давайце памятаць, што наша вера — гэта не толькі выкананне правіл, але і адносіны з Богам і бліжнімі. Мы павінны быць пакорнымі і любячымі, як Езус, служыць іншым з радасцю і адданасцю. Няхай наша вера будзе жывая і дзейсная, няхай яна служыць прыкладам і натхненнем для іншых. Няхай мы будзем сапраўднымі вучнямі Хрыста, якія ідуць за Ім шляхам пакоры і служэння. Няхай мы будзем слугамі адзін для аднаго, няхай наша вера будзе поўная любові і міласэрнасці. Бо толькі так мы зможам стаць сапраўднымі сябрамі і вучнямі Хрыста і ўвайсці ў Яго Валадарства.
Разважанне падрыхтаваў кс. кан. д–р Сяргей Сурыновіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
