“Хвала Хрысту! У мяне такое пытанне: ці павінна быць разважанне пра міласціну? Ці даваць міласціну, калі просіць відавочны п’яніца? Ці трэба падаваць міласціну “прафесійным жабракам”? І наогул, ці ёсць якія-небудзь правілы, каму і як падаваць? Адкажыце, калі ласка, бо заўсёды адчуваю згрызоты сумлення, калі не падаю міласціну, да канца не ведаючы сітуацыі чалавека. Дзякуй. З павагай, Анастасія”.
– Паважаная Анастасія!
Дзякуй Вам за пытанне, якое датычыць любові да бліжняга, а канкрэтна, дапамогі людзям у патрэбе. Тэма міласціны ў жыцці хрысціяніна заўсёды актуальная, таму разважаць пра яе пажадана як вернікам, так і касцельным супольнасцям розных узроўняў.
Міласціна – выраз любові да Бога і чалавека
Анастасія патаецца, ці павінны мы разважаць пра міласціну? Яна сама, як бачым з кантэксту ўсяго пытання, сур’ёзна разважае на гэтую тэму. Мяркую, што чытачы “Каталіцкага Весніка” даволі часта задумваюцца над тым, якім чынам ды ў якім памеры дапамагаць бедным, тым, хто ў патрэбе. Евангельскае апавяданне пра багача і Лазара (пар. Лк 16,19-31) прыпамінае заклік Езуса Хрыста дапамогаць бедным. Прычым варта памятаць, што багач пакутуе пасля смерці не за тое, што быў багатым пры жыцці, але праз закамянелае сэрца, якое перашкодзіла яму ўбачыць рэальныя патрэбы беднага Лазара.
Тэрмін “міласціна” на грэцкай мове гучыць ἐλεημοσύνη (eleēmosynē) і азначае “міласэрнасць”. Мы сустракаемся з коранем гэтага слова ў закліку Кiрые, элейсон! што азначае Пане, змілуйся! Такім чынам, мы заўважаем, што міласціна ёсць практычным ажыццяўленнем хрысціянскай міласэрнасці, а таксама выразам веры і любові да Бога ды бліжняга.
Папа Францішак сцвярджае, што міласціна павінна ўключаць у сябе ўсё багацце міласэрнасці, якая прысутная на тысячах дарог і выражаецца тысячамі спосабаў (пар. Францішак, Агульная аўдыенцыя, 09.04.2016). Справа міласэрнасці – гэта заданне ўсёй касцельнай супольнасці, таму святы Ян Павел ІІ казаў, што сацыяльнае вучэнне Касцёла становіцца больш верагодным дзякуючы ўчынкам міласэрнасці (пар. Ян Павел ІІ, Энцыкліка Centesimus annus, 57). Менавіта любоў да бедных належыць да традыцыі Касцёла, які ўсведамляе, што дапамога чалавеку ў патрэбе – гэта дабро, учыненае Самому Хрысту.
Апісанне Апошняга суда паказвае перспектывы практыкавання міласэрнасці: галодныя, сасмаглыя, падарожныя, хворыя ці зняволеныя – гэта людзі, у якіх мы можам тут, на зямлі, учыніць дабро Езусу Хрысту (пар. Мц 25, 31 – 46). Цікавую думку на тэму міласэрнасці выказала святая маці Тэрэза з Калькуты, якая сцвярджае, што насамрэч не мы любім бедных, але Хрыстос. Ён любіць іх у нас, таму што хоча быць блізка да іх фізічна. Папа Францішак раіць, каб даваць міласціну ў духу любові да беднага: “Мы не можам атаясамліваць міласціну толькі з манетай, кінутай у спешцы, не гледзячы на асобу, не спыняючыся, каб пагаварыць і зразумець, чаго яна на самай справе патрабуе” (Францішак, Агульная аўдыенцыя, 9.04.2016).
Шляхі міласэрнасці
Са Святога Пісання мы даведваемся, што ў хрысціянскай супольнасці апостальскіх часоў справа дапамогі бедным лічылася натуральным элементам жыцця вернікаў. Дастаткова ўзгадаць пра дзяленне матэрыяльнымі дабротамі (пар. Дз 4, 32 – 37), зборы ахвяраванняў для дапамогі ўбогім і іншым супольнасцям (пар. Дз 11, 29; 1 Кар 16, 1; Гал 2, 10) ці выбар дыяканаў для служэння бедным (Дз 6, 1 – 6). Вельмі часта пад паняццем “міласціна” мы разумеем матэрыяльную або грашовую дапамогу, забываючыся пры гэтым пра розныя шляхі міласэрнасці і любові да бліжняга.
У катэхізмах мы сустракаем пералік учынкаў міласэрнасці, праз якія хрысціяне пакліканыя падтрымліваць бліжніх у іх цялесных і духоўных патрэбах. Варта пра іх прыгадаць у нашым разважанні пра міласціну. Настаўляць грэшнікаў, вучыць тых, хто не ведае, раіць тым, хто сумняваецца, суцяшаць засмучаных, зносіць цярпліва знявагу, дараваць ахвотна крыўду, маліцца за жывых і памерлых – гэта ўчынкі міласэрнасці для душы бліжняга. Другая група ўчынкаў міласэрнасці для цела бліжняга заключаецца ў тым, каб накарміць галодных, напаіць сасмаглых, апрануць голых, прыняць у дом падарожных, адведваць хворых, суцяшаць вязняў і пахаваць памерлых.
Міласціна – гэта акт любові адносна бліжняга, аднак нельга абмежаваць яе толькі да грошай, бо шляхоў міласэрнасці ў свеце вельмі шмат, а тых, хто ў патрэбе, мы можам сустрэць не толькі на вуліцах гарадоў або вёсак, а значна бліжэй, часам у нашым доме, пад’ездзе ці нават памяшканні… Усмешка, парада, прабачэнне, добрае слова, размова, зычлівасць, спагада ці простая дапамога (у тым ліку ў вучобе або працы), якія мы можам падараваць бліжняму – гэта таксама праяўленне міласэрнасці, каторае патрабуе ад нас свайго кшталту фантазіі. Між іншым, учынкі міласэрнасці дапамагаюць чалавеку ўзрастаць і станавіцца вялікім, пра што натхнёна і прыгожа сказаў святы Ян Павел ІІ: “Чалавек вялікі не праз тое, чым валодае, але праз тое, кім ён ёсць: не праз тое, што мае, а праз тое, чым ён дзеліцца з іншымі” (Ян Павел ІІ, Зварот да бедных раёна Тонда, 18.02.1981).
Разважаючы пра міласціну і ўвогуле пра любоў да бліжніх, трэба таксама памятаць, каб не кіравацца ў дабрачыннасці толькі гуманітарнымі матывамі, бо хрысціянін пакліканы чэрпаць натхненне і сілу для ўсёй сваёй актыўнасці з веры, якая яднае з Богам – крыніцай і моцаю жыцця. У нашых вушах павінны заўсёды гучаць словы Езуса: “Глядзіце, не чыніце справядлівасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш не атрымаеце ўзнагароды ад Айца вашага, які ў нябёсах. Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб людзі хвалілі іх. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. Калі даеш міласціну, няхай не ведае твая левая рука, што робіць правіца твая, каб міласціна твая была патаемнай. А твой Айцец, Які бачыць патаемнае, аддасць табе” (Мц 6, 1 – 4).
Каму і як даваць міласціну
Анастасія піша пра маральныя сумненні, якія ўзнікаюць у яе пры сустрэчы з тымі, хто просіць у яе дапамогі. Мяркую, што падобныя ўнутраныя праблемы перажываюць многія, незалежна ад веравызнання ці светапогляду. Яны таксама маюць дакоры сумлення, калі па нейкіх матывах не даюць міласціну. Касцёл, паслухмяны запавету Езуса Хрыста, пастаянна прыгадвае пра годнасць кожнага чалавека і абавязак усіх вернікаў дапамагаць тым, хто ў патрэбе. Аднак няма нормаў ці правілаў, якія б канкрэтна вызначалі межы і адрасатаў міласэрнасці. Тут кожны павінен сам у сваім сумленні прымаць адпаведныя рашэнні. Яшчэ ў старажытнасці хрысціяне разумелі, што не варта даваць міласціну зламысным, нястрыманым або лянівым людзям (пар. Апостальскія пастановы, ІІ, 1-63; ІІІ, 4-6). Трэба сказаць, хоць з болем, што сярод тых, хто просіць аб дапамозе, ёсць людзі, якія жабрацтва зрабілі ладам жыцця. Ёсць людзі, якія распавядаюць, што ведаюць сітуацыі, калі выкарыстоўваюць бедных, дзяцей ці жанчын для збірання горшай для кагосьці, хто сам не з’яўляецца бедным.
Іншая катэгорыя – асобы, якія злоўжываюць алкаголем, што стаў для іх сур’ёзнай перашкодай да сапраўды шчаслівага жыцця. Мы адчуваем сябе некамфортна, праходзячы каля іх, ды не маем упэўненасці, як паступіць. З аднаго боку, ведаем, што як хрысціяне мы павінны практыкаваць міласэрнасць да бліжняга, які ў патрэбе. Але з іншага боку, усведамляем, што ёсць “убогія”, якія спрабуюць як бы “вымагаць” у нас грошы на алкаголь ці наркотыкі. Некаторыя тэолагі-маралісты мяркуюць, што фінансавая дапамога такім людзям спрычыняецца да павелічэння паталагічных паводзін, таму нельга яе лічыць актам міласэрнасці. Папа Францішак сцвярджае, што фінансавая дапамога беднаму заўсёды павінна быць часовым рашэннем для задавальнення надзённых патрэбаў, каб пазней паспрыяць беднаму годна жыць і працаваць (пар. Францішак, Энцыкліка Laudato sі’, 128). Аднак той самы Папа ў іншым месцы сказаў: “Колькі людзей апраўдвае сябе, кажучы: чаму я павінен даваць грошы чалавеку, які адразу ж пойдзе купіць віно, каб напіцца. Калі ён напіваецца, то таму, што не мае іншага шляху. А што ты робіш, укрыты адзін, калі ніхто цябе не бачыць? І ты – суддзя гэтага беднага чалавека, які просіць у цябе грошай на келіх віна?” (Францішак, Агульная аўдыенцыя, 9.04.2016). Безумоўна, Папа не заахвочвае даваць грошы на алкаголь, але перасцерагае тут перад асуджэннем такіх людзей.
Адказваючы на пастаўленае ў лісце пытанне, я пацікавіўся таксама меркаваннем нашых семінарыстаў на гэтую тэму. Вопыт некаторых з іх можа быць карысным для вернікаў. Амаль ўсе навучэнцы нашай пінскай семінарыі прызнаюцца, што пры сустрэчы з беднымі імкнуцца высветліць іх сітуацыю праз размову, што не заўсёды ўдаецца. Што датычыцца самой міласціны, то пераважна самі купляюць бедным ежу, калі яны пра гэта просяць, а проста так не даюць грошай. Дарэчы, цікава і тое, што не ўсе, хто просіць грошы на прадукты, згаджаюцца прыняць ежу. Я сам таксама сустракаўся з такім падыходам.
Кожны хрысціянін пакліканы дзяліцца з беднымі тым, што сам мае, аднак павінен рабіць гэта разважліва, беручы пад увагу розныя магчымасці, сярод якіх варта зважаць на дабрачынныя арганізацыі і таварыствы, у тым ліку на дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас”. Падобныя ўстановы нясуць разнастайную дапамогу бедным, хворым, пакрыўджаным, сіротам, асобам у асабліва складаных жыццёвых сітуацыях дзякуючы падтрымцы шматлікіх людзей добрай волі.
Калі мы разважаем пра міласціну, то варта задумацца менавіта над формай дапамогі тым, хто ў патрэбе, праз фінансаваю або валанцёрскую падтрымку дабрачынных фондаў, арганізацый ці таварыстваў, якія не толькі нясуць надзённую дапамогу, але і прафесійна спрычыняюцца да вяртання чалавека ў паўнавартаснае жыццё. Пажадана таксама ведаць структуру і формы дзейнасці згаданых арганізацый, каб туды накіраваць тых, хто мае патрэбу.
Як заканчэнне нашага разважання няхай паслужаць словы Папы Францішка з 94 нумару цытаванай ужо энцыклікі Laudato si’: “Багатыя і ўбогія маюць аднолькавую годнасць, бо «Пан – Стварыцель усіх» (Прып 22, 2), «бо Ён стварыў малога і вялікага» (Мдр 6, 7) і «загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі» (Мц 5, 45). Усім чытачам “Каталіцкага Весніка” жадаю радасці ад удзелу ў дабрачыннасці ўсёй чалавечай супольнасці згодна са словамі Хрыста: “Больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць!” (Дз 20,35).
З павагай і просьбай аб малітве, а. Аркадзь Куляха OCD.
