У сённяшнім выпуску моўнай старонкі мы пагаворым пра словы, якія блізкія паводле гучання і напісання, але адрозніваюцца паводле значэння. І вось гэтае падабенства ў арфаграфіі і вымаўленні часта выклікае пэўныя праблемы ў камунікацыі.
Нярэдка мы няправільна ўжываем тое ці іншае слова ў канкрэтным кантэксце праз памылковае разуменне яго значэння, бо яно падаецца нам аднолькавым з падобным іншым. Гаворка тут ідзе пра лексічныя адзінкі кшталту балотны і балоцісты, каменны і камяністы, абнадзеены і абнадзейлівы, драпежніцкі і драпежны і падобныя.
Прыведзеныя вышэй пары ў лінгвістыцы называюцца паронімамі. Значыць, паронімы (ад грэцкага para – побач, блізка і onyma – імя) – гэта аднакаранёвыя словы, блізкія, але не тоесныя паводле свайго гучання і напісання і розныя паводле значэння. Менавіта названая блізкасць і прыводзіць да шматлікіх памылак на практыцы. Хіба шмат хто чуў канструкцыі кшталту яму выразалі апендыцыт; невядома каму гэты ліст: няма адрасу – адрасант невядомы і інш. Дарэчы, правільна было б адпаведна выдалілі апендыкс і няма адрасу – адрасат невядомы.
Паспрабуем прывесці колькі канкрэтных прыкладаў паронімаў, праілюструем іх ужыванне ў мове адпаведнымі фрагментамі з мастацкай літаратуры. Больш шырокі кантэкст дапаможа нам лепш арыентавацца ў значэнні слова, з якім яно выкарыстана ў пэўным сказе.
Абнадзеены і абнадзейлівы. Абнадзеены – такі, якога абнадзеілі, далі надзею (Абнадзееныя Віктарам Сяргеевічам, хлопцы павесялелі. Алесь Якімовіч); абнадзейлівы – які абнадзейвае, суцяшае, падае надзеі (Спявалі дрэвы, і няхай ціхім, але неадольным спевам адгукалася сэрца. Было ў той нядумнай, бесклапотнай радасці нешта надзіва юначае, даверлівае, абнадзейлівае. Іван Мележ).
Балотны і балоцісты. Балотны – які мае адносіны да балота, жыве ці расце ў балоце (Стрэлы памалу аддаліліся ўправа, стрункае дзіганне куль гойсала там, над балотам, і напалоханае балотнае птаства разляталася ва ўсе бакі. Васіль Быкаў); балоцісты – багаты на балоты, забалочаны, багністы (Той бераг быў балоцісты, заросшы асакой і чаротам. Рыгор Няхай).
Драпежніцкі і драпежны. Драпежніцкі – які мае адносіны да драпежных жывёл. Або ў пераносным сэнсе – накіраваны на захоп ці рабаванне чаго-небудзь (У нас усе Ладымера Стальмаховіча любяць і шануюць. Ён практык, увішны ў рабоце, не меў ніколі драпежніцкай хцівасці. Кузьма Чорны); драпежны – які корміцца іншымі жывёлінамі: пра звяроў, птушак і г.д. (Вадзіліся ў гэтым лесе мядзведзі, ласі і нават такі драпежны звер, як рысь. Мікола Лупсякоў).
Дыялект і дыялектызм. Дыялект – гаворка, пашыраная на пэўнай тэрыторыі; мясцовая разнавіднасць мовы (А старая гаварыла, усплёскваючы рукамі, і гучаў, пераліваўся, звінеў у яе вуснах пявучы палескі дыялект. Уладзімір Караткевіч); дыялектызм – слова з якога-небудзь дыялекту (К. Чорны перасцерагаў пісьменнікаў ад празмернага захаплення дыялектызмамі, якія засмечваюць мову твора. Іван Кудраўцаў).
Камбінаваны і камбінатарскі. Камбінаваны – які з’яўляецца вынікам камбінацыі, заснаваны на камбінацыі (У заключэнне рэйду быў нанесены магутны камбінаваны ўдар па чыгунцы. Іван Шамякін); камбінатарскі – які мае адносіны да камбінатара, характэрны для яго (Букрэй быў вядомы ў батальёне як адважная, смелая, камбінатарская галава. Якуб Колас).
Каменны і камяністы. Каменны – зроблены, пабудаваны з каменю (Добра ісці па алеі паўз вуліцу, мінаць свежыя ад начы каменныя будынкі. Іван Пташнікаў). У пераносным сэнсе – нерухомы, застылы, безжыццёвы (Бабрук стаіць адзін, маўчыць. Якраз як той старадаўні каменны ідал. Янка Брыль); камяністы – пакрыты, усыпаны каменнем, з вялікай колькасцю камення (Работа марудная і цяжкая, бо зямля камяністая і гліністая. Максім Танк).
Маладзець і маладзіць. Маладзець – мець больш малады выгляд, адчуваць сябе маладзейшым (– Як ён [Л. Талстой] любіў Рэпіна! Мяняўся з твару, маладзеў, калі дазнаваўся, што Рэпін збіраецца ў Ясенькі. Віктар Карамазаў); маладзіць – надаваць больш малады выгляд (Коратка астрыжаныя цёмныя валасы маладзілі худы, энергічны твар з тонкімі рысамі, разумнымі светлымі вачыма. Вольга Іпатава).
Руль і руля. Руль – прыстасаванне для кіравання рухам судна, самалёта, аўтамабіля і інш. у патрэбным кірунку (Ён больш звыклы быў за рулём трактара, нават не цяперашняга “беларуса”, а таго, першых выпускаў, яшчэ без кабіны. Алесь Жук); руля – ствол агнястрэльнай зброі, дула (Далей адбылося ўсё – як у адно імгненне. Адчуў: руля аўтамата ўперлася ў яго плячо, пачулася кароткае “Шнэль!”, і ён нават подбегам пайшоў да канавы. Яўген Пархута).
Мы прапанавалі тут толькі некаторыя паронімы, якіх увогуле ў нашай мове шмат. Дастаткова сказаць, што выдадзены ў 1994 годзе “Слоўнік паронімаў беларускай мовы” С. Грабчыкава налічвае больш за 3300 слоў. Гэта сапраўднае багацце, з аднаго боку, але і сур’ёзная праблема – з іншага. Бо правільнае выкарыстанне падобных паводле гучання і напісання слоў у літаратурнай мове патрабуе добрага ведання лексікі, значэння лексічных адзінак, іх спалучальных магчымасцяў і стылістычных асаблівасцяў. А адказваючы на вынесенае ў загаловак пытанне, заўважым, што птушка, безумоўна, балотная. А прыметнік балоцісты ўжываецца з назвамі зямной паверхні. Як і поле – камяністае, бо ўсеянае, усыпанае каменнем. Калі ў падобных сітуацыях узнікаюць сумненні, каторую форму выкарыстаць, варта звярнуцца да слоўніка, што дазволіць пазбегнуць недакладнасцяў.
Спадзяёмся, што наш матэрыял паспрыяе лепшаму разуменню спецыфікі функцыянавання ў беларускай мове паронімаў і дапаможа ўзбагаціць уласны лексічны запас.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!