Правільнасць літаратурнага вымаўлення (Працяг)

У мінулым артыкуле мы разгледзелі некаторыя важныя аспекты беларускага літаратурнага вымаўлення. У прыватнасці, мы канстатавалі, што незаўсёды вымаўленне супадае з напісаннем, хоць гэты спрошчаны погляд нярэдка можна пачуць нават ад настаўнікаў беларускай мовы.

На канкрэтных прыкладах мы паказалі дзейнасць у маўленні законаў поўнага акання (горад – гарады, моладзь – малады), няпоўнага якання (лес – лясы, мёд – мядовы), ахарактыразавалі асаблівасці вымаўлення гука і пасля галосных (яна йдзе, сястра й брат) і зычных (ён ыдзе, брат ы сястра), а таксама тэндэнцыі ў вымаўленні фрыкатыўнага, працяжнага гука г (агрэст, ганак, гузік).

Сёння мы пагаворым пра іншыя важныя правілы вымаўлення.

  1. Свісцячыя гукі [з], [с], [дз], [ц] у пазіцыі перад наступным мяккім зычным ці ётавым галосным вымаўляюцца максімальна (!) мякка. Гэта адна з найбольш важных, прынцыповых рысаў беларускай мовы: сьвятло, зьзяньне, сьнег, бязьлітасны, зьява, зьесці, сьлед, Дзьвіна, цьвёрды. Фанетычны закон змякчэння пашыраецца і на прыназоўнікі з, без, праз: зь Віцебска, безь цябе, празь мяне. Асіміляцыйная мяккасць не проста ўпрыгожвае нашу мову, робіць яе выключна прыемнай на слых, але яшчэ і адрознівае ад усіх іншых славянскіх моў, бо ніводная з іх не мае такой далікатнай мяккасці. Практыка сведчыць, што амаль усе носьбіты мовы дапускаюць памылку, вымаўляючы свісцячыя гукі ў згаданых пазіцыях недастаткова мякка ці зусім цвёрда. Між тым арфаэпічныя нормы дапускаюць цвёрдае вымаўленне свісцячых толькі перад мяккімі заднеязычнымі [г], [к], [х]: скінуць, згінуць, схіліцца. Але, улічваючы тэндэнцыі апошніх гадоў, свісцячыя гукі і перад мяккімі [г], [к], [х] могуць вымаўляцца мякка. Выключэннем варта прызнаць толькі адзінкавыя іншамоўныя словы, не асвоеныя пакуль нашай мовай (скетч, Цхінвал, скін), а таксама спалучэнне [зг] у лексемах кшталту розгі, мазгі, рэзгіны.

Паспрабуйце прачытаць наступныя словы і спалучэнні згодна з правіламі літаратурнага вымаўлення: пасля бязветранага надвор’я; снег ззяе; бязлітасна-нясцерпны боль; прыехаць смела з Мінска; смяяцца з сябе; без мяне шчасця не будзе; з’ехаць у Цвер; прыйсці на світанні; разбіць чымсьці цвёрдым шкло; кветкі цвітуць і цвісці будуць; смешныя сцены і дзверы; цвёрда загнаць цвік; смелае сцвярджэнне; ісці след у след; з’яднаная супольнасць; пацвердзіць рашэнне; збегчы з ім з Віцебска; з’явіцца ў сне; з’есці дзве грушы; пасміхацца з нясмешных з’яў; нязменная велічыня; уз’ехаць на схіл; выцвелы на сцяне здымак зняць; дзвесце дзве цвёрдыя цыбуліны; змірыцца са зменлівасцю лёсу; сціплы падзвіжнік Дзмітрый Сцяпанавіч; у змястоўнай назве; рассесціся знянацку ўздоўж сцен; праз дзве гадзіны з’явіцца ў спешцы і ў спёку; праехаў пасля праз яму; язмін зацвіў спецыфічным снежным ззяннем; Сцяпан зацверджаны як спецыяліст; пайсці разам з цёткай; пакрыцца змякчэлай цвіллю; падысці знянацку з нізкага берага; змялелае вусце; змірыцца з яго стратай; зменлівае шчасце; змерзнуць у зменным абутку; сціплы і насцярожаны змеялоў; смела змякчаць свісцячыя; пайсці спехам з Пецем; скласці спіс; цвярозы Зміцер; цвіль цвіллю, а цвіценне цвіценнем; скеміць, дзе ёсць скіба; узняць сцяг; госці збіраліся са спазненнем.

  1. У шэрагу выпадкаў у беларускай мове назіраюцца і іншыя несупадзенні ў напісанні і вымаўленні літар і гукаў. Найбольш важныя моманты наступныя:

а). Шыпячыя перад свісцячымі вымаўляюцца як свісцячыя, а свісцячыя перад шыпячымі – як шыпячыя: у бочцы – у боццы, на рэчцы – на рэццы, на палічцы – на паліццы і сшытак – шшытак, счапіць – шчапіць, зжаць – жжаць. Але моўная практыка сведчыць, што ў некаторых выпадках такога прыпадабнення можа не быць. Напрыклад, не варта ўспрымаць як памылковае вымаўленне шыпячых і свісцячых у наступных словаформах: поштана пошце (неабавязкова – на посьце), дошкана дошцы (неабавязкова – на досцы), прабачацьпрабачце (неабавязкова – прабацьце), намазацьнамашце (неабавязкова – намасьце). У такіх словаформах можа захоўвацца традыцыйнае асобнае вымаўленне шыпячых і свісцячых, што дазваляе выразна размежаваць значэнне слоў, пазбегнуць верагоднай блытаніны.

б). Спалучэнні [дч] і [тч] вымаўляецца як падоўжаны гук [ч]: адчапіць –аччапіць, адчыніць – аччыніць, лётчык – лёччык, аўтаматчык – аўтамаччык.

в). Спалучэнне [шс] у становішчы паміж галоснымі вымаўляецца як падоўжаны мяккі гук [сь]. Гэтым правілам ахопліваецца вялікая група зваротных дзеясловаў 2-ой асобы ў адзіночным ліку цяперашнім часе абвесным ладзе: (ты) мыешся – мыесься, апранаешся – апранаесься, б’ешся – б’есься, хвалюешся – хвалюесься, імкнешся – імкнесься, злуешся – злуесься.

г). Спалучэнні [жс], [шс] у становішчы паміж галосным і зычным вымаўляюцца як адзіночны гук [с]: рыжскі – рыскі, пражскі – праскі, нясвіжскі – нясвіскі, суражскі – сураскі, чэшскі – чэскі, белавежскі – белавескі.

д). Спалучэнні [дц] і [тц] вымаўляюцца як падоўжаны гук [ць] або як падоўжаны цвёрды [ц]: падцёк – пацьцёк, адцягнущь – ацьцягнуць і адцадзіць –аццадзіць, братцы – браццы, Лётцы – Лёццы.

е). Спалучэнне [дс] вымаўляецца як адзіночны гук [ц]: гарадскі – гарацкі, суседскі – сусецкі, грамадскі – грамацкі.

Правільнае вымаўленне названых спалучэнняў гукаў, як паказвае практыка, выклікае пэўныя цяжкасці. Таму паспрабуйце прачытаць наступныя словы і спалучэнні згодна з правіламі літаратурнага вымаўлення: адчайна, адцэджаны, адцягнуць, парыжскі, загадчык, канадскі, збіраешся, сшыты, вітаешся, зжаты, адчувацъ, на печцы, рыхтуешся, чэшскі, счапляць, латышскі, дарадца, злуешся, на кладцы, пераплётчык, спадчына, адціснуць, гарадскі, з жыцця, накіроўваешся, пражскі, на палічцы, адрэжце, па вялікім кошце, праз жыта, імкнешся, смяешся.

Мы спыніліся толькі на некаторых, найбольш істотных правілах беларускага літаратурнага вымаўлення, бо менавіта тут найчасцей назіраюцца памылкі. Павысіць культуру ўласнага маўлення, у тым ліку добра засвоіць арфаэпічныя нормы можна хіба што праз рэгулярную камунікацыю па-беларуску. Таму варта імкнуцца штодня хаця б па паўгадзіны гаварыць на нашай мове, стараючыся прытрымлівацца літаратурных нормаў. І тады эфект не прымусіць доўга сябе чакаць.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку