25 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыліся навуковыя чытанні «Мова — рэлігія — культура». Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Грамадскае аб’яднанне «Міжнародная асацыяцыя беларусістаў», Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прафесарска-выкладчыцкі склад філалагічнага факультэта БДУ, навукоўцы НАН Беларусі, спецыялісты Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Каталіцкі Касцёл прадставілі ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, ксёндз канонік Ян Крэміс і ксёндз канонік Францішак Рудзь.
Нацыянальная мова з’яўляецца неад’емнай рысай этнасу. Любоў і павага да яго заўсёды паказвалі ступень ідэнтыфікацыі яго носьбітаў, гонар народа за сваю культуру і краіну.
На працягу шматвяковай беларускай гісторыі цэнтрамі культурнага і грамадскага жыцця былі і рэлігійныя ўстановы. Сёння Касцёл у Беларусі з’яўляецца актыўным дзеячам у галіне захавання і прапаганды нацыянальнай культуры, неад’емная частка якой — беларуская мова.
4 снежня 1963 г., у час Другога Ватыканскага Сабору (1962–1965 гг.), папам Паўлам VI была прынята Канстытуцыя Sacrosanctum Concilium, якая зрабіла магчымай выкарыстанне нацыянальных моў у літургіі. Каталіцкі Касцёл стаў адаптаваць літургічныя набажэнствы да характару і традыцыі народаў, што знайшло водгук у вернікаў.
Пасля набыцця суверэнітэту Рэспублікай Беларусь стала магчымай рэалізацыя праграм па адраджэнні нацыянальнай культуры і ў Касцёле на Беларусі. 5 ліпеня 1992 г. была створана мітрапалітальная камісія па перакладзе літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры на беларускую мову. Дзякуючы ёй былі падрыхтаваны да выдання асноўныя літургічныя тэксты і шэраг іншых матэрыялаў.
Беларускім навуковым светам заўважаныя і прызнаныя намаганні Касцёла ў галіне перакладу і выданні на роднай мове рэлігійнай літаратуры. Публікацыйная актыўнасць Касцёла ў Беларусі кажа сама за сябе.
9 студзеня 2018 г. за пераклад Новага Запавету на беларускую мову Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі была ўручана прэзідентам Рэспублікі Беларусь прэмія «За духоўнае адраджэнне».
21 лістапада 2018 г. Новы Запавет на беларускай мове стаў дасяжны і ў лічбавым фармаце.
Каталіцкі Касцёл у Беларусі вядзе актыўную дзейнасць і ў галіне напісання і публікацыі літаратуры пра гісторыю Касцёла.
Усе ўдзельнікі навуковых чытанняў адзначылі значны ўклад Касцёла ў захаванне і папулярызацыю беларускай мовы. Кнігі, творчыя і навуковыя публікацыі каталіцкага выдавецтва Pro Christo сёння ўваходзяць у залаты фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і даступныя кожнаму чытачу. Гэтыя выданні сталі важнаю прыладаю ў дыялогу паміж Касцёлам і сучасным маладым пакаленнем у сферы захавання і папулярызацыі беларускай мовы і культуры, гонару за сваю Радзіму.
Кс. Францішак Рудзь, тэкст
Catholic.by