Пра ролю эліты ў гісторыі чалавецтва разважалі на фэсце ў Шаркаўшчыне

14 верасня парафія ў Шаркаўшчыне адзначыла свята Узвышэння Святога Крыжа. Менавіта такі тытул носіць касцёл у гарадскім пасёлку. Крыж з’яўляецца адным з галоўных сімвалаў хрысціянства і спадарожнічае чалавеку на працягу ўсяго жыцця.

“Сёння мы дзякуем Богу за крыж нашага збаўлення, за тое, што з любові да кожнага з нас Езус аддаў сваё жыццё. Гэта сімвал нашай веры, якую стараемся практыкаваць”, — прамовіў на самым пачатку пробашч парафіі кс. Віктар Сініцкі SCJ і шчыра прывітаў святароў і вернікаў, якія прыбылі на адпустовую ўрачыстасць.

Цэлебрацыю св. Імшы ўзначаліў кс. Эдуард Сінкевіч SCJ з Варапаева, а гамілію прамовіў канцлер курыі Віцебскай дыяцэзіі кс. канонік Віктар Місевіч.

“Мы святкуем і ўглядаемся ў крыж, на якім знаходзіцца наш Збавіцель. З цягам часу ў некаторых людзей складаецца павярховае значэнне крыжа, губляецца веданне і разуменне, што адбылося на крыжы. Веруючыя людзі з глыбокай пашанай адносяцца да крыжа Езуса Хрыста, бо для нас ён вельмі знакавы. Калі мы разважаем над цярпеннямі і мукамі Хрыста, то тым больш хочацца дзякаваць за нашае адкупленне.

Далей святар прапанаваў прыгледзецца да крыжа і паразважаць над яго сімвалізмам:

  1. Вертыкальная лінія ўказвае на неба – наш шлях куды трэба імкнуцца. Што такое Нябеснае Валадарства? Святы Тамаш Аквінскі падкрэслівае чатыры асноўныя моманты:
    • бачанне Бога вельмі выразна і без перашкодаў, заўважанне, што Ён добры і прыгожы.
    • праслаўленне Бога ў радасці;
    • спаўненне ўсіх жаданняў чалавека;
    • чалавек збаўлены бачыць, што ён там не адзін. Шчасце павялічваецца ў столькі разоў, колькі бачыць шчаслівых людзей у небе.
  1. Гарызантальная лінія гаворыць, што я не адзін, побач мае суседзі, мае парафіяне. І важны позірк, якімі я на іх гляджу, думкі з якімі я прыходжу, словы, якія да іх прамаўляю. Наша хрысціянская супольнасць тут на зямлі з’яўляецца пропускам у Нябеснае Валадарства.

Затым кс. Віктар нагадаў гісторыю з’яўлення гэтага свята. Разважаючы гістарычныя моманты свята скіраваў свае думкі да пытання ролі асобы і элітаў у гісторыі чалавецтва. Святар ўзгадаў раман беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, а менавіта ўрывак з легендай пра стварэнне свету. І падсумоўваючы, дадаў: “Калі б не рашэння імператара Канстанціна і яго маці, хто ведае які быў бы лёс Касцёла і хрысціянства, калі б не свабода ў Рымскай імперыі. Сёння кожны, хто з’яўляецца начальнікам, мусіць усвядоміць, што ад яго залежыць не толькі яго жыццё, але і іншых людзей. Гэта не толькі прадстаўнікі з райвыканкамаў, старшыні калгасаў, тыя, хто падпісвае паперы, ці іншыя, але і бацькі для дзяцей – гэта эліта. Будучыня беларускага народа і любога іншага знаходзіцца ў дзецях. Як мы іх выхоўваем? Таксама і пытанне да настаўнікаў у школе, ці з’яўляюцца яны аўтарытэтам сёння для сваіх вучняў. Гэтае пытанне адносіцца і да святароў, якія гуртуюць вакол сябе парафіяльныя супольнасці, там прамаўляюць казанні.”

Напрыканцы святой Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, а ўрачыстая працэсія вакол касцёла завяршылася гімнам праслаўлення Te Deum і ўрачыстым бласлаўленнем.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі