Пра прыгажосць і сілу жанчыны разважалі на рэкалекцыях у Росі

3-4 лютага ў Росі прайшлі рэкалекцыі пад назвай “Прыгажосць і сіла жанчыны”. Духоўныя практыкаванні правёў кс. Віктар Ханько з Мастоў.

У рэкалекцыях удзельнічала каля 100 жанчын. Тэма духоўных практыкаванняў была вельмі актуальнай для ўдзельніц. Па іх словах, рэкалекцыі прайшлі для іх на адным дыханні.

Канферэнцыі ў межах рэкалекцый раскрывалі тэму любові, таго, у чым сіла і прыгажосць жанчыны, як правільна кіраваць жаночай сілай, мудрасцю і харызмай. Удзельніцы адзначаюць, што рэкалекцыяніст падаваў інфармацыю даступна, зразумела, з душой.

Праграма духоўных практыкаванняў уключала таксама святую Імшу і адарацыю – час, калі кожная з удзельніц магла напоўніцца любоўю Езуса. Рэкалекцыі пакінулі ў жанчын найлепшыя ўражанні і цёплыя ўспаміны.

Вось як апавядаюць некаторыя з іх пра гэтае мерапрыемства:

“Я вельмі глыбока зразумела тэму любові, тое, як важна дзяліцца з людзьмі цеплынёй і гэтай любоўю, навучылася знаходзіць для сябе крыніцу жыццёвай сілы. Ува мне адкрылася новая жанчына, якая любіць яшчэ больш, мудрая і з вызначаным стрыжнем! Шчыра жадаю кожнай жанчыне перажыць падобныя рэкалекцыі і магу адназначна сказаць, што кожная ўзяла з іх нешта асабістае, тое, што Езус уклаў у яе сэрца. Асобная падзяка ксяндзу Чэславу Паўлюкевічу за яго гасціннасць, смачныя абеды і начлег. Хочацца адзначыць важнасць такіх рэкалекцый”.

“Вельмі ўдзячная за гэтыя рэкалекцыі. Я змагла зразумець вельмі шмат: напрыклад, што стаўлю ўмовы, звяртаючыся да Бога з просьбамі, шукаю ў іншых любові і пацвярджэння сваёй важнасці. Як на саміх рэкалекцыях, так і пасля іх у маёй свядомасці пастаянна ўзнікалі малюнкі і адкрыцці: што трэба зрабіць, каму прабачыць… Стала адчуваць нечаканую дапамогу. Па-іншаму бачу мужа, атрымліваю задавальненне ад таго, што ён побач, але не шукаю пастаяннага пацвярджэння яго любові, гэта стала неяк не патрэбна. А ў нядзелю муж раптам сам паехаў на набажэнства ў святыню. Яшчэ прайшла агрэсія ў адносінах да людзей – цяпер бачу, што яе выклікаў пошук адабрэння і любові. Сёння гэта мне не патрабуецца, бо ёсць адчуванне, што Бог мяне любіць”.

“Рэкалекцыі былі для мяне вельмі патрэбныя, прымусілі над многім задумацца і на многае паглядзець па-іншаму. Акрамя канферэнцый, прыемна было назіраць за рэкалекцыяністам: як ён падыходзіў да жанчын, размаўляў з імі, жартаваў. Для іх гэтая ўвага была вельмі важнай. Нам, жанчынам, часта не хапае ўвагі. На жаль, у многіх жанчын настолькі заніжана самаацэнка, што гэтыя рэкалекцыі для некаторых былі першымі крокамі любові да сябе. Кожная жанчына хоча быць любімай і ацэненай, шукае гэтую любоў і пахвалу, а для гэтага стараецца быць як мага лепшай. Але яе сэрца не можа задаволіцца толькі зямным прызнаннем: найперш яна павінна знайсці любоў у Богу, паглядзець на сябе і сваё жыццё Яго вачыма. Зямныя даброты патрэбныя, але не заменяць Таго, хто іх стварыў. Без жывых зносінаў з Богам малітва не мае сэнсу, бо ў такой малітве Яго не чуваць: тады можна не пачуць яго кампліментаў, словаў Яго любові, і ты будзеш думаць, нібыта не вартая быць Яго дачкой. Важным на рэкалекцыях для мяне было і пачуць, каб я не сумавала, што ў мяне няма мужа і дзяцей. Каб не паддацца сумным думкам на гэты конт, якія навязваюцца іншымі людзьмі, трэба даверыцца Богу і Яго апецы”.

“Рэкалекцыі – заўсёды цудоўная магчымасць правесці час з Богам і пагаварыць з цікавымі людзьмі. Ксёндз Віктар узняў вельмі цікавую, на мой погляд, тэму Божай любові. Мы пастаянна чуем пра яе, але, на жаль, вушамі, а не сэрцам. Здзіўляе, наколькі нам часам складана зразумець і прыняць вельмі простыя рэчы: што Бог нас любіць, што, хоць людзей як зорак на небе, Ён ведае кожнага па імені, што кожны з нас Яго ўмілаванае дзіця, Яго стварэнне. У гэтыя дні мы маглі папрацаваць над сваім сэрцам у малітве і слухаючы навукі ксяндза Віктара. Было закранута некалькі цікавых тэм: аб каштоўнасці жанчыны як Божай дачкі, аб яе ролі ў сям’і, як жонкі і маці”.

Grodnensis.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі