Пра Першую Камунію, дзіцячую ўпартасць і бацькоўскі прыклад: размова з Кацярынай Раюнец

1 Камунія. Кацярына з братам

Па традыцыі ў маі дзеці прыступаюць да Першай святой Камуніі. Гледзячы на іх, шматлікія дарослыя таксама прыпамінаюць свой святочны дзень. 

Сваёй першакамунійнай гісторыяй і сведчаннем веры з “Каталіцкім Веснікам” падзялілася Кацярына Раюнец.

– Кацярына, раскажыце крыху пра тое, дзе Вы нарадзіліся? Вашыя бацькі былі вернікамі?

– Я нарадзілася ў Барысаве. Тата з мамай не былі вернікамі, але хрысціліся ў Праваслаўнай Царкве. З дзяцінтва памятаю, што маці ўвесь час шукала нешта духоўнае. Чытала розную пратэстанцкую і праваслаўную літаратуру, хацела знайці нейкага старца. Цікава: не будучы верніцай, яна штодня чытала Біблію. Маці хадзіла на служэнні то да праваслаўных, то да пратэстантаў. Але аднойчы выпадкова зайшла ў касцёл. Там сустрэла айца Юзафа Пятушку, які стаў для яе духоўным настаўнікам і натхніў на шлюб у касцёле. Яна ўгаварыла тату і пачалася падрыхтоўка.

– Калі Вы ўпершыню патрапілі ў касцёл?

– Першы раз я апынулася ў касцёле на шлюбе маіх бацькоў. Нас са старэйшым братам прыгожа апранулі і пасадзілі на заднія лаўкі. Мы абсалютна не разумелі, што там адбываецца. Памятаю, як напрыканцы людзі пачалі выстрайвацца ў шэраг да Камуніі. Я тады не ведала, што гэта такое. Калі скончылася ўрачыстаць, я спытала, куды хадзілі людзі. Мама растлумачыла, што там адбывалася. Я сказала, што таксама так хачу. Мяне адгаворвалі, сцвярджаючы, што вельмі доўга трэба хадзіць на заняткі, рыхтавацца.

– Адгаварылі?

– Не, бо я была вельмі ўпартай. Тады мы паклікалі сятру-эўхарыстку, і маме давялося запісаць мяне на катэхезу. На той момант мне было дзесяць гадоў. Сама падрыхтоўка доўжылася два гады. Я была стараннай вучаніцай, усё вучыла, рыхтавалася да кожнага тэста. На занятках нам сказалі, што кожную нядзелю трэба хадзіць у касцёл, таму бацькі былі вымушаны хадзіць са мной.

На Імшы я ўбачыла дзіцячы хор. Сказала маме, каб мяне і туды запісалі. Потым далучылася да скаўтаў. Такім чынам, маці не ведала, у што выльецца яе шлюб. Праз маю настойлівасць уся сям’я пачала хадзіць у Касцёл. Калі зараз задумваюся, чаму я так рабіла, то думаю, што, напэўна, гэта было натхненне Святога Духа.

– А якім быў сам дзень Першай Камуніі?

– У гэты дзень я вельмі хвалявалася. Асабліва памятаю Першую споведзь, калі з лісточка чытала свае грахі. На свята запрасілі шмат гасцей, я прыгожа апранулася. Дарэчы, мой брат таскама прыступаў у той дзень да Першай Камуніі. Праўда, ён рытаваўся толькі год, бо пазней за мяне пайшоў вучыцца. Была вельмі вялікая радасць. Хіба больш такога шчаслівага моманту ў той перыяд я не памятаю. Гэтага дня я чакала два гады.

– Вельмі часта, прыняўшы Першую Камунію, дзеці знікаюць з Касцёла. Якім быў Ваш далейшы шлях?

– Я кожную нядзелю і на святы хадзіла ў касцёл, спявала ў дзіцячым хоры. Пасля пачала іграць на гітары, уступіла ў Федэрацыю скаўтаў Еўропы. Потым распачаліся пілігрымкі ў Росіцу, Будслаў, розныя рэкалекцыі і моладзевыя сустрэчы. Дзесьці з шаснаццаці гадоў я стала дапамагаць сёстрам з дзіцячымі летнікамі, была аніматарам. Усё лета я магла правесці, пераязджаючы з аднаго хрысціянскага дзіцячага летніка ў другі. Потым спявала ў дарослым хоры. Можна сказаць, што мой далейшы духоўны шлях быў няспынным. Я не памятаю такога, каб я пераставала хадзіць у касцёл. Усе самыя яскравыя і цудоўныя ўспаміны звязаны не са школай, не са студэнцкімі гадамі, а менавіта з Касцёлам.

– Хто для Вас зараз з’яўляецца сапраўдным прыкладам веры?

– Такім чалавекам зараз для мяне з’яўляецца мой муж. У шматлікіх справах бачна, што ён мае вялікі давер да Бога. Ён часта мне дапамагае нейкімі парадамі, падтрымлівае.

– А як Вы пазнаёміліся з мужам?

– Мы пазнаёміліся ў грэка-каталіцкім хоры “Прасфара”, калі я прыйшла туды на рэпетыцыю.

Кацярына з мужам і сынам

– Якое духоўнае жыццё зараз у Вашай сям’і?

– Мы з мужам разам ужо шэсць гадоў. У нас ёсць сын Марк, якому два гады і дзевяць месяцаў. Калі я была цяжарная, мы з мужам працягвалі малітоўнае служэнне ў касцёле і праводзілі малітву праслаўлення. Пасля нараджэння сына мы крыху пабылі дома. Праз некаторы час, калі я нарэшцэ разабрался, як намотваць слінг (перавязь з тканіны для нашэння дзяцей), пачалі ездзіць на ІмшуJ. Мы жылі вельмі далёка, за горадам. Да касцёла трэба было ехаць больш за гадзіну. Але мы не прапускалі ніводнай службы.

Часам бывае складана, бо ў малых дзяцей можа быць розны настрой. Напрыклад, як толькі Марк навучыўся хадзіць, ён увесь час хацеў выйсці пагуляць на двор. У нас з’яўляліся думкі хадзіць на Імшу паасобку. Але потым вырашылі, што вельмі важна, каб дзіця бачыла супольную малітву і мамы, і таты. Тады мы пастанавілі пацярпець. І наша цярпенне дало плён. Марк можа вытрымаць у касцёле нават паўтары гадзіны без ежы, без цацак. Ведае такія адказы, як “Амэн”, “Пане змілуйся…”, паўтарае за святаром усе словы і жэсты. Расказвае на памяць малітву “Ойча наш”. Мы кожны вечар усе разам молімся літанію да Духа Святога, а малітву, што змешчана ў канцы, сын таксама ведае цалкам. Заўсёды разам молімся перад ежай, часам Марк праводзіць малітву, часам мы.

– А зараз Вы маеце нейкае служэнне ў Касцёле?

– Так. Зараз мы належым да Таварыства Святой Сям’і з Назарэта.

– Што б Вы параілі дзецям, якія рыхтуюцца да Першай Камуніі, і іх бацькам?

– Падаецца, што часта дзяцей аддаюць вучыцца на катэхезу, бо так трэба, або ўжо падышоў неабходны ўзрост. А я б параіла бацькам самім дбаць пра сваё духоўнае жыццё: слухаць катэхезы, наведваць рэкалекцыі, ствараць вакол сябе хрысціянскую супольнасць. І дзеці, бачачы ўсё гэта і гэтым жывучы, у нейкі момант самі пачнуць прагнуць Першай Камуніі. Для іх гэта будзе жаданай падзеяй. Яны будуць вельмі старацца і не знікнуць з Касцёла, прыняўшы сакрамант.

Гутарыла Ірына Радзевіч
Фота з уласнага архіва Кацярыны Раюнец

для друку для друку