Попел на галаве, надзея ў сэрцы: Папяльцовая серада ў лепельскай парафіі святога Казіміра

Увечары 18 лютага на лепельскіх вуліцах дужа слізка, яшчэ ляжыць лютаўскі снег і не згасае колкі мароз. Разам з тым калі і не адчуваецца, то ўжо сапраўды чакаецца няўлоўны подых вясны.

Аднак для каталіцкай супольнасці Лепеля гэтая дата азначае надыход вясны іншага кшталту – вясны духоўнай. Адны парафіяне пакінулі свае хатнія справы, а іншыя прыбеглі хуценька з працы адразу ў святыню, каб паспець на святую Імшу ў Папяльцовую сераду.

У велічным касцёле Святога Казіміра, чые вежы ўзвышаюцца над горадам як сімвал нязломнай веры, сёння запанаваў на пробашчы лепельскай парафіі фіялетавы колер – колер пакаяння і смутку. Але смутку светлага.

У святыні панавала асаблівая цішыня, якую парушалі толькі ціхія крокі і шэпт малітваў. Уся атмасфера нагадвала пра тое, што настаў велічны час устрымання.

Кульмінацыяй Эўхарыстыі ў гэты дзень стаў старажытны абрад пасыпання галоў попелам. Гэты попел быў падрыхтаваны са спаленых вербаў, якія асвячаліся летась у Пальмовую нядзелю. Глыбокі сімвал: тое, што некалі было зялёным і радасным, стала прахам, нагадваючы пра кругазварот жыцця і смерці.

Да алтара выстраілася доўгая чарга. Тут можна было ўбачыць людзей розных пакаленняў і сацыяльнага статусу. Але ўсе роўныя перад Богам. Кожнаму падыходзячаму верніку кс. Уладзімір пасыпаў попелам галаву і прамаўляў словы, якія ўжо амаль дзве тысячы гадоў чуюць хрысціяне па ўсім свеце: “Маліцеся і верце ў Евангелле”.

У сваім казанні кс. Уладзімір звярнуўся да прысутных з заклікам не ўспрымаць Вялікі пост фармальна. Ён падкрэсліў, што адмова ад мяса ці абмежаванне сябе ў чым фізічна – гэта толькі знешні сродак, а сапраўдная мэта – перамена духоўная. Усё ў гэтым свеце прамінае: слава, багацце, поспех. Папялец – гэта шанец пачаць усё з чыстага ліста. І Пан Бог дае нам гэту магчымасць зноў і зноў, бо Яго любоў да нас бязмежная. Але разам з тым, пробашч парафіі папярэдзіў, што пасціцца вернікі павінны так, каб ніхто не ведаў пра тое, што яны посцяцца. Сэнс посту – у персанальным глыбокім перажыванні і усведамленні асабістай еднасці з Панам.

Святая Імша скончылася, але людзі не спяшаліся бегчы з касцёла да хаты. Шмат хто ізноў стаў на калені, гледзячы на крыж. З гэтага вечара пачынаецца саракадзённы перыяд падрыхтоўкі да Уваскрасення Хрыста. Наперадзе – традыцыйныя набажэнствы Крыжовага шляху, малітвы і справы міласэрнасці, што пачаліся з Папяльцовага абраду. Але для лепельскіх парафіян гэты абрад – не цікавы звычай, а глыбокая ўнутраная патрэба.

– Я прыходжу сюды кожны год, – шэптам сказаў сівы ўжо парафіянін пасля Імшы. – Калі ксёндз пасыпае галаву попелам, аж мурашкі па скуры. Адразу разумееш, што ўсе нашыя сваркі, крыўды – гэта такое пустое. Хочацца стаць лепшым і памірыцца з усімі навокал.

Выходзячы са святыні ў цёмны лютаўскі вечар, вернікі неслі на сабе нябачны знак пакаяння, а ў сэрцах – надзею на тое, што пасля смутку посту абавязкова прыйдзе радасць Вялікадня, якую вернікі таксама сустрэнуць у сценах такога роднага і мілага сэрцу касцёла Святога Казіміра.

 Алег Шушкевіч, тэкст і фота

для друку для друку