Лета – час, калі нават самыя занятыя спыняюцца, каб перавесці дыханне. Але як адпачыць так, каб вера не была пакінутай “да верасня”? Ёсць шэраг магчымасцяў, што дапамогуць рэалізаваць добры намер.
- Пілігрымка – шлях, які змяняе
Пілігрымка – гэта форма адпачынку, дзе фізічная стомленасць ператвараецца ў духоўнае абнаўленне. У Беларусі самым вядомым з’яўляецца маршрут да Будслава. Аднак у кожнай дыяцэзіі ёсць свае санктуарыі, якія прыцягваюць пілігрымаў. Пілігрымкі бываюць пешыя і роварныя, яны доўжацца прыкладна ад аднаго да дзесяці дзён. Часта да іх далучаюцца цэлымі сем’ямі. Такі фармат падыдзе для актыўных людзей, хто любіць спалучэнне руху, малітвы і супольнасці. Чалавек навучыцца пераадольваць цяжкасці, адкрываць у сабе сілы, знаходзіць новых сяброў.
- Рэкалекцыі – калі цішыня лечыць
Рэкалекцыі – гэта закрыты адпачынак у ціхім месцы, дзе галоўнымістановяцца малітвы, разважанні над словам Божым, набажэнствы і споведзь. Часам практыкуецца маўчанне. У парафіяльных дамах асаблівай запатрабаванасцю карыстаюцца праграмы для сужэнцаў. Такі фармат будзе ідэальным для людзей, стомленых горадам, а таксама для тых, хто перажывае крызіс. Рэкалекцыі актывізуюць сапраўдны перазапуск, дапамагаюць паглядзець на жыццё іншымі вачыма.
- Парафіяльныя летнія нядзельныя школы – адпачынак для дзяцей у коле веры
Гэтая форма адпачынку імкліва развіваецца. Праграма спалучае гульні, кемпінг, экскурсіі і майстэрні з малітвай, Імшой і катэхезай. Такі від адпачынку падыходзіць для дзяцей ад 7 да 14 гадоў. Галоўная карысць – дзіця актыўна адпачывае, не губляючы пры гэтым духоўнага кантэксту.
- Сямейны рэлігійны кемпінг
Менш вядомая, але вельмі каштоўная форма. Некалькі парафіяльных сем’яў збіраюцца разам, арандуюць дом або ставяць намёты на беразе возера. У праграме – агульная ранішняя малітва, Імша, супольныя абеды, гульні для дзяцей, а вечарам – размовы для дарослых. Ідэальная форма для сем’яў: дзеці бачаць жывы прыклад, а бацькі маюць магчымасць адарвацца ад штодзённай мітусні.
- Індывідуальны духоўны адпачынак
Самая простая і даступная форма. Чалавек едзе на возера, у вёску да сваякоў або проста застаецца дома, свядома будуючы свой дзень вакол веры. Такая форма не патрабуе арганізацыйных выдаткаў – толькі свядомага выбару. Гэты від адпачынку падыходзіць для ўсіх, без выключэння. Чалавек вучыцца быць хрысціянінам не толькі ў касцёле, але і ў штодзённым жыцці.
Адпачынак – гэта дар ад Бога. І чым больш свядома мы яго праводзім, тым больш карысці ён прыносіць. Лета доўгае, таму паспрабаваць можна некалькі формаў.
Марта Венславовіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!