Пілігрымы Астравеччыны наведалі Росіцу

rosica_luty061Пра трэгедыю ў Росіцы ўпершыню мы пачулі ад сёстраў-эўхарыстак, якія працуюць у нашай парафіі Узнясення Святога Крыжа. Падрабязнасці гэтай жудаснай падзеі даведаліся потым з кнігі Ірыны Жарнасек. І ўсё ж…

І ўсё ж для большасці з нас гэта была нейкая даволі абстрактная гісторыя, якая здарылася дзесьці далёка ад нас. З невядомымі нам людзьмі. Спачувалі, канешне, але, так бы мовіць, розумам – не сэрцам.

А сёлета ў 73-ю гадавіну трагедыі наша сястра-эўхарыстка Галіна Салодкая вырашыла арганізаваць пілігрымку ў Росіцу. Жадаючых паўдзельнічаць у ёй аказалася нечакана шмат, так што давялося спешна шукаць дадатковы транспарт.

Дарога, даўжынёй у 300 кіламетраў, прайшла неяк неўпрыкмет – маліліся, размаўлялі, падмацоўваліся ўзятым у дарогу правіянтам, са здзіўленнем назіралі, як з кожным прамільгнуўшым за вокнамі “бусіка” кіламетрам зіма ўсё мацней заяўляе свае правы…

Нарэшце вось яна Росіца. І не вёска зусім – мястэчка, безумоўным цэнтрам якой (і духоўным, і архітэктурным) з’яўляецца неагатычны храм – велічны касцёл Святой Тройцы.
Першапачаткова на ім былі дзве высокія вежы, — тлумачыць сястра Галіна, — але савецкая ўлада вырашыла “прызямліць” храм і знесла вежы…

З прыходам гэтай самай “народнай” улады касцёл быў зачынены. І можна сабе ўявіць, як радаваліся людзі, калі падчас нямецкай акупацыі на яго алтары зноў запалала знічка веры. Ніхто з іх і падумаць не мог, што неўзабаве яна стане для іх апошнім святлом. Адна на ўсіх…
Храм старанна адрэстаўраваны. Чырвонацэглы звонку і бялюткі, як снег, унутры. Сучасныя лаўкі, прыгожыя, хаця і нешматлікія абразы… Нішто, здавалася б, не нагадвае сёння аб трагедыі, якая здарылася тут у далёкім 1943-ім. Але дастаткова было ўсесціся ў лаўкі і прыслухацца, каб зразумець: людское гора не мае тэрміну даўнасці.

rosica_luty001

Недзе там, пад акуратнай пабелкай, да гэтага часу жывуць і пульсуюць нячутным жывому набатам страх і боль 1528 чалавек, для якіх касцёл стаў апошнім зямным прытулкам. Апошняй надзеяй быць калі неўратаваным, то хоць бы пачутым Небам і прынятым да хрысціянскага сонму тых, хто загінуў бязвінна…

Кожнаму з нас Бог дае крыж, а яшчэ Ён дае сілы, каб яго несці. А яшчэ таго, хто як Сімон Кіранейчык, падставіць сваё плячо, калі цяжар нашага крыжа стане нязносным.
Крыжы вернікаў з Росіцы, калі надыйшоў такі час, узнялі на свае плечы два чалавекі. Два святары. Светлай памяці ксяндзы Юры Кашыра і Антоні Ляшчэвіч.

Не ведаю, як яно тут бывае звычайна, але ў суботу, 20 лютага, святая Імша атрымалася асаблівай. І магутнай – да зорак, бо служыў яе сам біскуп Алег Буткевіч, пры падтрымцы больш як сарака святароў з усёй Віцебскай дыяцэзіі. І нейкай вельмі асабістай. Як здараецца, калі мы молімся за сваіх самых родных…

І не было сіл агучыць нейкія свае інтэнцыі – іх не прымала ўласнае сэрца. Малітва ішла ў адным накірунку: за бязвінна закатаваных. За людзей, якіх падобна ахвярным ягнятам, адправілі ў агонь…

Пане, я – толькі маленечкі чалавек з мноствам слабасцей і правінаў. Я не вартая… Ні Тваёй Сусветных памераў ахвяры. Ні ахяры гэтых няшчасных людзей і іх блаславёных пастыраў…
А спевы… Яны ў гэты дзень таксама гучалі “над свет”. І не толькі стараннямі хору. Там, ля алтара стаялі плячом да пляча сорак святароў. Брацтва па веры. І кожны з іх памятаў. І кожны з іх ведаў аб няпісаным правіле быць першым сярод тых, каго – у ахвяру. І галасы іх звінелі ад няплаканых слёз. А яшчэ ад шчаслівага ўсведамлення ўласнай абранасці. Няхай сабе і ў агонь. Калі ў Імя Тваё!..

Пасля заканчэння Імшы была працэсія. Скрозь вецер і снег. З пагорка на пагорак. Шляхам, па якім ішлі на вогненную смерць больш за паўтары тысячы людзей. Трапяталі ў нашых руках, кідаліся ў розныя бакі незлічоныя агеньчыкі факелаў і свечак, як 73 гады таму трапяталі душачкі бязвінных пакутікаў…

Дамоў мы вярталіся амаль у поўнай цішы – не хацелася размаўляць. Сіл хапала толькі на малітву…

Ганна Чакур, Астравец. Парафія Узнясення Святога Крыжа.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі