Перэгрынацыя Цудоўнага медаліка ў Віцебскай дыяцэзіі

У Беларусі з 4 верасня 2022 года распачалася перэгрынацыя Цудоўнага медаліка ў межах дзевяцігадовай навэнны, прысвечанай падрыхтоўцы да 200-годдзя аб’яўлення Найсвяцейшай Панны Марыі святой Кацярыне Лябурэ.

Сёстры з Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці святога Вінцэнта дэ Поля (шарыткі) на працягу дзевяці гадоў збіраюцца наведаць ўсе парафіі Беларусіі пазнаёміць вернікаў з пасланнем Беззаганнай Панны Марыі, якая аб’явіла Цудоўны медалік.

Нагадваючы вернікам пра магутную Заступніцу ў Небе, а таксама дзелячыся сведчаннямі пра шматлікія цуды, якія здзейсніліся праз заступніцтва Беззаганнай Марыі, удзельнікі гэтай малітоўнай акцыі спадзяюцца абудзіць у сэрцах людзей веру і надзею на тое, што Марыя ніколі не пакідае нас на шляху да збаўлення, але падтрымлівае сваёй апекай і дапамагае прайсці праз усе выпрабаванні ў нашым жыцці.

Вернікі яшчэ больш даведаюцца пра пасланне Дзевы Марыі сястры Кацярыне Лябурэ ў 1830 годзе, а таксама атрымаюць Цудоўныя медалікі — гэты «дар Неба» для сябе, сваіх блізкіх і знаёмых.

Варта адзначыць, што тэкст малітвы на медаліках выгравіраваны на беларускай мове.

Сёстры-шарыткі заахвочваюць усіх людзей добрай волі далучыцца да гэтай малітвы, каб выпрасіць ласку навяртання да Бога ўсіх закаранелых грэшнікаў праз заступніцтва Марыі Беззаганнай ад Цудоўнага медаліка. Яны таксама просяць аб Божай моцы і апецы Багародзіцы для тых, хто распаўсюджвае пасланне Беззаганнай Марыі праз Цудоўны медалік.

У Віцебскай дыяцэзіі сёстры-шарыткі ў кастрычніку і лістападзе 2022 года наведаюць наступныя парафіі.

16 кастрычніка – парафія Нараджэння Маці Божай у Браславе;

13 лістапада – парафія Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Верхнядзвінску;

27 лістапада – парафія Святой Барбары ў Віцебску.

Заахвочваем дарагіх вернікаў у гэтыя дні асабліва наведаць нядзельныя набажэнствы ў касцёлах гэтых парафій, каб даведацца пра цудоўную моц медаліка Марыі Беззаганнай.

Кс. Віктар Місевіч, тэкст

для друку для друку