– Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас рыбакамі людзей, – гэтыя словы Езус адрасаваў Сымону і Андрэю, якія былі рыбакамі і зараблялі гэтай справай сабе на хлеб. Мужчыны не сталі супраціўляцца закліку, не думалі пра наступствы. Яны адкінулі свае сеткі і цалкам даверыліся Богу. Так Езус прыцягнуў апосталаў да сябе.
Да кожнага з нас Бог звяртаецца па-рознаму, клічучы прыйсці да Яго, стаць сведкам невычэрпнай любові. Хтосьці прыходзіць да трону Айца дзякуючы іншым людзям, камусьці дапамагаюць жыццёвыя сітуацыі і перыпетыі лёсу, рэлігійная літаратура і сведчанні іншых асобаў. Кагосьці Езус набліжае да Сябе праз дары і таленты, якімі Ён шчодра адарыў чалавека пры нараджэнні. Да апошняй катэгорыі можна аднесці смаргонскую мастачку Валяніну Вербіловіч, якая і падумаць не магла, што калісьці стане рэстаўратарам прадметаў рэлігійнага культу. Дзяўчына працавала з дзецьмі, далучала іх да мастацтва, а ў вольны час рабіла макеты архітэктурных пабудоў, пісала партрэты родных і блізкіх людзей. Магчыма, яе жыццё і зараз было б такім жа планамерным і спакойным, але выпадак зрабіў сваю справу.
Чарговым вечарам, вярнуўшыся з працы, Валянціна разгарнула старонку ў сацыяльных сетках і заўважыла там новае паведамленне ад аднакласніка прыкладна такога зместу: “Прывітанне, Валя! Патрэбная твая дапамога. Ксёндз хоча адрэстаўраваць фігуры анёлаў. Гэта твая тэма. Не хочаш дапамагчы?” Гэты тэкст вельмі ўзрушыў дзяўчыну. Ёй вельмі хацелася паспрабаваць свае сілы ў такой справе, аднак прысутнічаў страх: да гэтага яна не займалася падобнай дзейнасцю і вельмі баялася сапсаваць каштоўныя фігуры. Але жаданне паспрабаваць усё ж перамагло.
Асцярожна і карпатліва Валя працавала над фігурамі, стараючыся ўдыхнуць у кожную новае жыццё. І ў яе ўсё атрымалася: адноўленыя анёлы занялі сваё месца на алтары касцёла святога Міхала Арханёла ў Смаргоні. З таго часу прайшлі амаль два гады. Пасля да таленавітай мастачкі зноў звярнуліся з просьбай дапамагчы. На гэты раз ёй давялося рэстаўраваць распяцце і некалькі фігур для аднаго з мінскіх касцёлаў. І фігуры, і распяцце былі ў дрэнным стане: адсутнічалі часткі цела, а фарба была поўнасцю злушчаная. Падавалася, што няма сэнсу брацца за такую працу. Лягчэй набыць новыя фігуры. Нягледзячы на складанасці, Валянціна не адмовіла. Дзяўчына прадумвала кожны элемент, старалася выканаць сваю працу якасна.
– Тады ў мае рукі ўпершыню трапіла распяцце. Я глядзела на ўкрыжаванага Хрыста, старалася ўявіць момант бічавання, каб дакладней перадаць сінякі і кровападцёкі, а на скуры вымаляваць кожную вену. Праца мяне цалкам захапіла. Пасля гэтага ў мяне было яшчэ некалькі распяццяў, кожнае наступнае атрымлівалася больш дасканала, бо я ўжо засвоіла алгарытм дзеянняў, навучылася правільна размяркоўваць фарбы, каб вобраз Езуса быў рэалістычным.
Я закахалася ў гэтую працу. І зараз магу сказаць, што праца над крыжам – самая цікавая для мяне.
Талент мастачкі заўважылі. Пакрысе ў яе пакоіку сталі з’яўляцца ўсё новыя і новыя рэчы: фігуркі Маці Божай і анёлаў, старыя абразы, падсвечнікі і крыжы. Кожны прадмет са сваёй багатай гісторыяй, таму кожны – вельмі каштоўны і цікавы. Валянціна стала заўважаць, што яе пакой ператварыўся ў маленькі касцёл. Гэта думка яе ўзрушыла і захапіла, а перад пачаткам працы дзяўчына падала на калені, малілася. І толькі пасля бралася за фарбы і пэндзлік.
Непадалёк ад роднай для Валянціны Смаргоні знаходзіцца маляўнічая вёска Залессе. Гэты куток прываблівае заўзятых падарожнікаў сваёй багатай гісторыяй, а сядзіба Агінскага з’яўляецца сапраўнай пярлінай мясцовасці. Трапляеш на тэрыторыю сядзібы – і, здаецца, пераносішся ў іншую эпоху, а перад вачыма паўстаюць адмысловыя карціны. Працяжна гудуць старыя дрэвы, апавядаючы гасцям пра падзеі, якія мелі месца тут шмат дзесяцігоддзяў таму. Ёсць на тэрыторыі сядзібы і невялічкая каталіцкая каплічка. І звонку, і ўнутры яна выглядае вельмі проста. Унутраны інтэр’ер дастаткова мінімалістычны. Аднак, заходзячы ў капліцу, позірк адразу ўпіраецца ў галоўны алтар, на якім змешчаны абраз Маці Божай Вастрабрамскай. Светлы твар, апушчаныя вочы, складзеныя на грудзях рукі – абраз Маці выклікае моцныя пачуцці, прымушае спыніцца, супакоіцца, прыслухацца да свайго сэрца і сумлення. Уся пакора, грацыя і святасць сабраныя ў адной жаночай постаці. Мацярынскім позіркам, поўным любові і ласкі, Багародзіца атуляе кожнага, хто пераступае парог капліцы. Абраз быў асвечаны ў 2020 годзе, а яго аўтарам з’яўляецца Валянціна Вербіловіч.
– У свой час мне прапанавалі напісаць абраз Маці Божай Вастрабрамскай. Аб’ём працы быў дастаткова вялікім, але я вырашыла паспрабаваць. Для мяне заўсёды складана пісаць твар, бо ў ім заключаецца ўся сутнасць абраза, закладзены настрой. Змучаны і сумны, або пакорны і светлы – задача мастака вызначыць настрой і перадаць яго на палатне. Прызнаюся, што я вельмі хвалявалася, бо абраз павінен быў заняць галоўнае месца на алтары ў капліцы. Але вобраз Маці Божай быў заўсёды вельмі блізкім для мяне. Абраз я пісала алеем, а праца над ім заняла некалькі месяцаў.
Дзяўчына заўсёды верыла ў Бога, адчувала Яго дотык і жывую прысутнасць. Аднак касцёл наведвала час ад часу. Бытавыя справы і іншыя акалічнасці не дазвалялі сістэматычна хадзіць у храм. Аднойчы, едучы ў цягніку, дзяўчына пазнаёмілася з выпадковай спадарожніцай. Тая першая пачала размову пра веру, пра Бога і Яго жывую прысутнасць у жыцці кожнага чалавека. А на памяць пра сустрэчу падарыла Валянціне некалькі папяровых каталіцкіх абразкоў. Гэтая размова вельмі ўзрушыла дзяўчыну, прымусіла пераасэнсаваць многія рэчы. Яна зазначае, што Бог заўсёды быў блізка, дапамагаў вырашаць самыя складаныя справы і атуляў бясконцай любоўю. Любімая справа зруйнавала ўсе перашкоды, якія былі ў адносінах з Айцом, Які любіць.
Валянціну часта запрашаюць на асвячэнне адноўленых крыжоў і фігур. Дзяўчына заўсёды прымае запрашэнне і прыходзіць. Што яна адчувае ў гэты час? Гонар за сябе і за свой талент? Мастачка прызнаецца, што ў такія моманты яе сэрца перапаўняе глыбокая ўдзячнасць за тыя дары, якія яна атрымала. Усемагутны Айцец праз творчасць і талент таксама зрабіў яе “лаўцом людзей”: перад абразамі, распяццямі і адрэстаўраванымі фігурамі людзі моляцца, асэнсоўваюць сваё жыццё, змяняюцца, адчуваюць прысутнасць Бога і Яго дотык, поўны любові. Гэта значыць, дзяўчына робіць свой невялічкі ўклад у вялікую справу збаўлення.
Марта Венславовіч
для друку